пакары́ць 1, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., каго-што.
1. Сілай, прымусам падпарадкаваць сваёй уладзе; заваяваць. Лютым ворагам не ўдасца Ланцугамі, чорнай здрадай, Пакарыць, закуць навекі Слаўных сокалаў Элады. Танк. // перан. Асвоіць што‑н., авалодаць чым‑н. Глыбіню азёр і сілу рэк, Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка.
2. Моцна ўздзейнічаць, падпарадкаваць сабе. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пятра] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. — Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет, — нібы сам сабе прамовіў Карэджы. Маўр. // перан. Выклікаць сімпатыю, давер. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.
пакары́ць 2, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.
Акарыць усё, многае. Пакарыць усё бярвенне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераплёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераплятаць — пераплесці (у 1 знач.).
2. Цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку і пад. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі.. у старых пераплётах. Пальчэўскі.
3. Рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін. Пераплёты аконных рам. □ Перастук колаў стаў гучнейшы, і здавалася ўжо, што ён водгуллем аддаецца ў жалезным пераплёце моста. Карпаў.
4. Разм. Што‑н. пераплеценае, утворанае спляценнем; перапляценне. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. На ім у зоры, пераплёты, — Мастацкай выдумкі разбег. Колас. / у перан. ужыв. Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блытаў Сёмкавы думкі. Гартны.
5. перан. Складанае, заблытанае, цяжкае становішча. У якія б пераплёты ні траплялі яго [Пятра Рунца] героі, іх заўсёды чакае шчаслівы канец. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бле́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Бядуля. Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны. Якімовіч.
2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку. Лынькоў. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны. Бядуля. // Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу. Краўчанка. // Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску. Хадкевіч. Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры. Алешка.
3. перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова. □ На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі. Гартны.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.
2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.
ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.
2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.
4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.
5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьмець, ‑ее; незак.
Разм.
1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.
2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.
3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
над, прыназ. з Т і В.
Спалучэнне з прыназ. «над» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго‑н. зверху, паверх каго- ці чаго‑н. Туман сцелецца над полем. Сцягі над горадам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Колас. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Лынькоў. І над Расіяй назаўсёды Зару Кастрычнік запаліў. Астрэйка. // Пры словах «рака», «возера», «балота» і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай З латанай страхою, Што схілілася над Нёмнам Горкай сіратою. Колас. Каля млына над возерам устае, быццам белая воўка, пахучы туман... Бядуля. // Ужываецца для ўказання на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што‑н. Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Купала.
Аб’ектныя адносіны
2. з Т. Ужываецца для абазначэння адносін дзеяння да якіх‑н. аб’ектаў, накіраванасці яго на што‑н., засяроджанасць на чым‑н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. □ Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго‑н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над .. [Сержам]. Чорны. Тварыў [баярын] закон свой і свой суд Над абнядоленым народам. Купала.
3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога‑н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго‑н. (са словамі «смяяцца», «плакаць», «галасіць», «гараваць» і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над стратай. □ Сумна вецер плакаць стане Над будынкам мужыкоў. Колас.
Адносіны меры і ступені
4. з Т. Разм. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго‑н. Мароз над маразамі. □ Я — пралетар!.. Яшчэ ўчора раб пакутны — Сягоння я зямлі ўладар І над царамі цар магутны! Купала.
Параўнальныя адносіны
5. з В. Уст. Ужываецца пры называнні аб’екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праясні́цца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць ясным, выразным, добра бачным. Знікла снежная імгла, праясніўся далягляд. Пестрак. На небе праясніўся малады месяц і выплылі зоры. Якімовіч.
2. Стаць ясным, свабодным ад хмар; праяснець. Пад вечар неба праяснілася, і горад заззяў ад прам[янёў] сонца. Мележ.
3. Стаць ясным, зразумелым. Андрэю было не зусім ясна, чаму Мароз адмовіўся выкарыстаць партыйны сход супроць яго. Гэта праяснілася праз два дні. Лобан. І мы доўга не маглі ўцяміць, з якой ласкі стаў .. [Мядзведзька] да нас такі добры. Але хутка ўсё праяснілася. Навуменка.
4. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Шмат у чым праяснілася .. светаразуменне [мастака]. Перкін. / у безас. ужыв. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч. // Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Тут бацька зразу адпусціўся, Павесялеў і праясніўся. Колас. Твар Кандрата Назарэўскага праясніўся ўсімі жывымі рысамі. Чорны. Валя сэрцам адчула бацькаў настрой, і погляд яе, у апошнія часы часцей за ўсё строгі і незадаволены, таксама праясніўся. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.
2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.
3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)