расхвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць моцна хвалявацца, стаць бурным (пра мора, возера, раку і пад.).

2. Пачаць моцна хвалявацца, непакоіцца; расстроіцца. Я так расхваляваўся, што не мог доўга заснуць. Гамолка. — А ты што, дамоў не заглянеш? — Некалі, ды і не варта, толькі расхвалююцца старыя. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыкаркну́ць, прыкорну́ты, прыкархну́ць, прыкурхну́ць ’прыладзіцца да сну, заснуць на кароткі час, прыхіліўшыся да чаго-небудзь; задрамаць’ (Нас., Ласт., Сержп., Сцяшк., Клім., ТС, Сл. Брэс., Скарбы), прыкахну́ць ’задрамаць’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *каркну́ць з далейшай рэканструкцыяй семантыкі ’храпянуць’ → ’задрамаць’, якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъrknǫti ад гукапераймальнага *kъrkati, што, як слушна заўважае Трубачоў (ЭССЯ, 13, 236), “цалкам падыходзіла як экспрэсіўнае абазначэнне дзеянняў ’ударыць’, а таксама ’раптоўна задрамаць, храпянуць”. Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7) у формах з ‑у‑ ў аснове бачыць балтыйскі ўплыў ва ўмовах моўных кантактаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́прастацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прыняць прамое становішча; разагнуцца, выпраміцца. □ Вудзільна сагнулася і тут жа выпрасталася. Ляўданскі. Жнеі выпрасталіся і пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Мележ.

2. Разм. Легчы, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Стомленасць і позні час спараджалі жаданне легчы, выпрастацца і моцна заснуць. Галавач.

3. Разм. Памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяце́ліца, ‑ы, ж.

1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.

2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. Задрамаць, заснуць на адно імгненне. Лежачы дагары і ўзіраючыся ў чорную цемрадзь, .. [Ігнась] марыў, — смела і прыгожа, пакуль не замгнуў. Мурашка. — Мы, відаць, трохі былі замгнулі, — пазяхнуўшы, адказаў Ладуцька. Кулакоўскі.

2. што. Засынаючы, заплюшчыць, сплюшчыць (вочы, павекі). Здаецца ж, і не спаў зусім, толькі на хвіліначку замгнуў вочы, а прахапіўся — белая раніца. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плю́шчыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Закрываць, заплюшчваць (вочы). Бацька курыў, плюшчыў вочы ад сіняга дыму. Савіцкі. Як ні намагаўся хлапец заснуць, як ні плюшчыў вачэй, сон не прыходзіў. Пальчэўскі.

плю́шчыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Спец. Удараючы або ціскаючы, рабіць што‑н. плоскім, пляскатым, тонкім. Што ні кажы, а вельмі цікава пазіраць, як дзядзька Архіп цяжкім молатам плюшчыць распаленае жалеза. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́л, ‑у, м.

1. Прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу, перамяшчэння і пад. Салдату досыць дзесяціхвіліннага прывалу, каб ён, паспеў не толькі заснуць, але трохі і выспацца. Шахавец. Калі скончыўся прывал, полк рушыў далей. Лынькоў. // Месца для такога прыпынку. Над ракою на прывале Неяк мы заначавалі. Нядзведскі. Я люблю Дым кастроў на начлежных прывалах. Кірэенка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. прывальваць ​1 — прываліць ​1 (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак., каго-што.

1. Выклікаць сон, прымусіць заснуць, лёгшы побач. — Паспрабуй іх [дзяцей] укласці, яны двойчы мяне самога прыспалі, шпакі гэтыя. Шамякін. Ледзь пацямнее, бяжыць у каноплі [Васіль] і чакае, ніяк не дачакаецца, калі яна нарэшце прыспіць мужа і прыйдзе да яго. Сачанка.

2. Разм. Выпадкова задушыць у сне (дзіця).

3. перан. Прытупіць, паслабіць увагу, пільнасць і пад. Мае думкі, жаль няўтульны Ты прыспі, прыспі! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.

2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закалыха́ць 1, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак., каго.

1. Калышучы, прымусіць заснуць. Каця закалыхала сваю дачку, сядзела і глядзела на вуліцу, на маладзенькі залаты клён. Гаўрылкін. // перан. Супакоіць ласкавымі словамі, лагодным тонам. Тон [рэдактара], яго чалавечая лагоднасць неяк закалыхалі, супакоілі мяне, і я мо нават на момант паверыў яму. Сабаленка.

2. звычайна безас. Калыханнем выклікаць недамаганне, моташнасць. — Зусім закалыхала, — рашае шафёр, памагаючы ўрачу падняцца па прыступках ганка і ўвайсці ў дом. Гарбук.

закалыха́ць 2, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.

Пачаць калыхаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)