пагало́ска, ‑і, ДМ ‑лосцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чуткі, размовы, якія перадаюцца. Пагалоска пра злоўленае ваўчанё хутка абляцела ўвесь калгас. Якімовіч. І пайшла па гарадах і вёсках пагалоска пра подзвіг Тараса, які аддаў сваё жыццё, каб жыла Радзіма. Гурскі.

2. Моцныя гукі, якія выклікаюць адгалосак; рэха. У гаі пагалоска неслася, будзіла загуменне, адгукалася даль. Каваль. Роў .. [мядзведзя] пракаціўся кароткімі пагалоскамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хмурнага; згушчэнне хмар; воблачнасць. Новая шасэйная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасць ціхага дня. Чорны.

2. перан. Хмурны выгляд, панурасць. Толькі Корч часам прыб’ецца, прыстане, пагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Мележ. Твар майстра быў прасветлены, хмурнасць яшчэ крыху жыла ў вачах, але глядзелі яны ўжо зусім добра і спагадліва. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нерв, нерв звычайна мн. не́рвы, нэ́рвы ’нервы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), не́рва ’тс’ (Янк. 1), не́рванный ’нярвовы’ (Юрч.); сюды ж нэрвава́цца ’перажываць’ (Сл. ПЗБ), не́рвенік ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum thapsiforme Schrad.’ (Бейл.). Запазычана праз рус. нерв або польск. nerw з заходнееўрапейскіх моў (< ням. Nerw, франц. nerf, што з лац. nervusжыла, мускул, нерв’), гл. Фасмер, 3, 64; назва расліны ўтворана паводле прадуктыўнай мадэлі па тыпу сярдзе́чнік ’зелле ад сэрца’, не́рвенік ’зелле ад нерваў’ і пад. Форма ж. р. другасная, узнікла з мэтай пазбегнуць неўласцівага беларускай народнай мове спалучэння ‑рв у канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згрузі́ць, згружу, згрузіш, згрузіць; зак., што.

1. Зняць які‑н. груз з чаго‑н. Такуеў дапамог згрузіць з воза мяхі з бульбай. Корзун. // Разгрузіць (воз, машыну і пад.). Згрузіць тры машыны пяску.

2. Разм. Злажыць які‑н. груз дзе‑н., на што‑н. Згрузіць рэчы на воз. □ Некалькі аўтамашын прывезлі і згрузілі непадалёк ад палаткі, дзе жыла Люся, цэлыя сцены, дах і вокны новага дома. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Слабы, хваравіты. І жыла ў ёй, у гэтай хатцы, старая, зусім нямоглая жанчына, якую ў нашай вёсцы і вялікія, і малыя, звалі баба Ёўга. Сачанка. Апошнія дні дажываў і Кручынін. Ён зусім аслабеў, стаў нямоглым, як стары. С. Александровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм. Тое, што і цемната. [Петрусёва маці:] — Якая пагода нецікавая і цямнота, сырасць... Гартны. [Сымон:] — Я хацеў бы ведаць ноты... Пашкадуй мае цямноты: Навучы, скінь з мяне ночку, Каб і я мог чытаць кнігі І па нотах граць, як пан! Колас. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; зак.

1. Паехаць, адправіцца куды‑н., за межы чаго‑н. Выехаць у поле. □ Праз гадзіну абоз выехаў з карчомнай стадолы ў дарогу. Чорны. Фурман зняў клункі, куфэрак, развітаўся і выехаў з двара. Пальчэўскі. // Пакінуць сталае ці часовае месца жыхарства; перасяліцца. [Міхал:] — Тварыцкая тут жыве? — Не, — адказаў чалавек, — яна раней тут жыла, цяпер.. зусім выехала. Чорны. Вера з дзецьмі пабыла ў Карніцкіх дзён тры і выехала ў Свярдлоўск, дзе жыла яе родная сястра. Паслядовіч.

2. Едучы, паявіцца дзе‑н., прыехаць. Конь бег шпарка і мы неўзабаве выехалі на лясную паляну. Мурашка.

3. Разм. Плаўна вываліцца, выпасці. Пакет выехаў з рук. □ Заскрэбла аб камень дошка, што выехала з варотцаў. Пташнікаў.

4. перан. Разм. Выкарыстаць якія‑н. акалічнасці, прыёмы ў асабістых мэтах. — Дык вось і я ў гэтай байцы Таксама выеду на зайцы. Корбан.

•••

Выехаць на чужой шыі (спіне і г. д.) — нядобрасумленным спосабам выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупец, хцівец; заціскайла (разм.); скупярдзяй, скупярдзей, скупяндзя, скарэда, скнара, сквапень, сквалыга, жмінда, жмот (разм. зняваж.); жыла, плюшкін (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Адвязаць прычал.

2. Адплысці ад берага (аб суднах, лодках і пад.). Воддаль, выбраўшы момант, каб не замінаць руху буксіраў, ад берага адчаліў паром з калгасным грузавіком. Ракітны. // перан. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. [Марынка:] — Ты думаеш, я намерваюся доўга заставацца тут? Заўтра ж адчалю ў Мінск. Хадкевіч. У горадзе Камені жыла .. родная сястра [Басько] — доктар, і ён адчаліў туды, Дзе не так даўно, як было чуць у вёсцы, яны сумесна купілі дом. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)