тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.

2. Закінуць далей, чым трэба.

3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».

4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.

5. Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.

6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.

7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.

8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)