пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.

2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́ннасць, ‑і, ж.

1. Густы туман ​1 (у 1 знач.).

2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць. // Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці. Гамолка.

3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю. Колас. Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё. Мележ.

•••

Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́гаць, пры́гнуць ’скакаць, скокнуць’ (Бяльк.), прыга́ць ’тс’ (Янк. 2); таксама перан. пры́гаць ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі (пра карову)’ (чач., ЛА, 1). Агульная ўсходнебеларуская лакалізацыя зафіксаваных форм паказвае на запазычанне з рус. пры́гать. У рускай мове лічыцца ўласным утварэннем ад прасл. кораня *pryg‑ < *prūg‑, які з’яўляецца працягам і.-е. *preu̯‑/*prou̯‑/*prŭ‑ з фармантам ‑g‑ (Чарных, 2, 77). Без гэтага фарманта корань (часткова ў назалізаванай форме) рэалізуецца таксама ў назоўніку пружы́на, прыметніку пры́ткі1 (гл.), дзеяслоўнай аснове рус. пряг‑ (< *pręg‑, параўн. напрягать). Роднасныя неславянскія ўтварэнні знаходзяць перш за ўсё ў балтыйскіх мовах з пачатковым s‑: літ. sprùgti, (is)sprùkti, sprùkstu ’ўцячы, выслізнуць’, лат. sprùga, sprūgt, sprùku ’тс’ (Фасмер, 3, 390–391; Чарных, 2, 77; там жа гл. іншыя, больш далёкія паралелі і крытычны агляд папярэдняй літ-ры). Гл. таксама пры́жыць2.

Прыга́ць, пріга́ць ’прагна есці’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Дыялектны фанематычны варыянт дзеясловаў пра́гнуць, прэ́гці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клей1 ’ліпкае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для трывалага змацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш.), ’смала на вішнях, слівах’ (ТС). Укр. клей, рус. клей ’тс’, ст.-слав. клѣй ’смала, клей’, балг. клей ’тс’, серб.-харв. (XVII ст.) klej ’тс’, польск. klej ’клей’, klej żabi ’жабурынне’, чэш. klej ’клей’, славац. klej, в.-луж. klij, н.-луж. klij ’тс’. Да прасл. kъlějь. Параўн. ст.-грэч. κόλλα (< *κολια ’клей’), с.-в.-ням. helen (< haljan) ’клеіць’ (Слаўскі, 2, 200). Словаўтварэнне на аснове праславянскага суфікса ‑ějь (∼ літ. ėjas; там жа), аднак з зусім іншай функцыяй (выключна Nomen agentis балта-славянскага перыяду) (Мартынаў, Дерив., 23–24). Індаеўрапейскія паралелі фармальна даволі далёкія (іншыя каранёвы вакалізм і словаўтварэнне). Германскі дзеяслоў адносна позняй фіксацыі і ніжненямецкага арэала.

Клей2 ’жыццёвыя сілы, клёк’ (Сцяц., Клім.). Да клёк1 (гл.). Кантамінацыя з клей1, магчыма, на аснове агульнага ўяўлення пра клейкасць жывога, жыватворнага. Параўн. польск. żabi klej ’жабурынне’ і рус. клёк ’тс’.

Клей3 ’праполіс’ (Анох.). Гл. клей1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прычы́на ’з’ява, акалічнасць, якая абумоўлівае другую з’яву; віна’; ’падстава, зачэпка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Ян.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС), прічы́на ’тс’ (Бяльк.), прычы́нка ’зачэпка’ (Янк. 3.), з далейшым семантычным развіццём — ’выпадак, нагода’ (Дзмітр., Нас., Нар. Гом.), ’напасць’ (швянч., смарг., мядз., Сл. ПЗБ), ’няшчасце, бяда’, ’пажаданне нядобрага’ (Ян.), ’падучая хвароба’ (Нас.). Асобна трэба вылучыць таксама яшчэ больш далёкія ў семантычных адносінах прычы́на ’варажба аб замужжы’ (Маш.), ’бяседа’ (ТС). Укр. причи́на ’падстава’, ’бяда; хвароба, выкліканая чараўніцтвам’, ’віна’, рус. причи́на ’прычына’, дыял. ’дзіўны выпадак; непрыемнасць, напасць, няшчасце’, ’сурокі; хвароба, гарачка; падучая’, польск. przyczyna ’прычына’, чэш. přičina ’падстава, нагода’, славац. príčina, в.-луж. přičina, н.-луж. pśicyna, серб.-харв. причѝна, балг. причи́на, макед. причина ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад *pričiniti < *činiti (гл. прычыніць, чыніць) (Бернекер, 1, 156; Брукнер, 82; Фасмер, 3, 369). Паводле Банькоўскага (2, 932), на з’яўленне значэння ’з’ява, акалічнасць, якія служаць падставай для чаго-небудзь’, паўплывалі пераклады лац. causa і ням. Ursache ’прычына’. Для ўсходнеславянскіх моў дапускаецца калькаванне з польскай або чэшскай (ЕСУМ, 4, 583).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

таямні́ца, ‑ы, ж.

1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.

2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй; дзейнасць ўяўлення, фантазіі. Даурскія стэпы!.. Я ўяўляў вас не такімі. Таму тое, што ўбачыў, разышлося з маімі маралі, з маім уяўленнем. Корбан. З рэальнага грунту разважання Лабановіч паволі з’ехаў у павабны край прыгожых мар. Колас.

2. Жаданне, імкненне. Вышэй! Яшчэ вышэй! Няма ў пілота іншай мары. Крапіва. Камандзірава мара памалу збывалася: ужо напалову конны атрад мог хадзіць у даволі далёкія рэйды. Брыль. // Прадмет чыіх‑н. жаданняў, імкненняў. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.

3. Аб чым‑н. нерэальным, неіснуючым, што не адбылося. Пустыя мары.

4. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. незвычайна прыгожым, жаданым; вышэйшая ацэнка чаго‑н. Не туфлі, а мара.

мара́, ы́, ж.

Абл. Прывід, здань, насланнё. Вось-вось пакажацца звяруга!.. Ды доўга гэта штось патуга — Няма, а быць ужо пара. Цьфу, ты! Што ж гэта за мара? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)