пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.
2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Зблажэць, змарнець; счарнець. Камандзір учарнеў і выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы і злосны. Грахоўскі. Марынчук неяк асунуўся, згорбіўся, даўно няголены твар яго ўчарнеў, на ім разгубленасць і трывога. С. Александровіч.
2. Разм. Пачарнець (пад уздзеяннем вільгаці, сонца, паветра і пад.). Куток даху быў Крыты драніцамі, што не паспелі яшчэ як след учарнець на сонцы і ветры. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флюга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Эмблема карабля, змешчаная таксама і на рэчах, якія належаць караблю ці адносяцца да яго (шлюпкі, буйкі і пад.). // Флажок з гэтай эмблемай.
2. Рухомая жалезная труба, якая ўстанаўліваецца над дымавой або выцяжной трубой і аблягчае выхад дыму пры ветры.
3. На чыгунцы — стрэлачны паказальнік на стрэлках-пераводах.
4. Разм. Тое, што і флюгер (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ветрабой (паэт.) ’сухое галлё, ламачча, збітае з дрэў ветрам’; ’вецер, які збівае галлё з дрэў’ (КТС). Укр. вітробі́й, рус. ветробо́й ’буралом (дрэвы); апады (плады)’, паўн.-рус. ’палеглая ад ветру збажына’, амур. ’месца, на якім адміраюць цеплалюбівыя расліны пад уплывам моцных, халодных паўночна-заходніх вятроў’. Да ве́цер і бой (гл.) < біць ’праяўляцца з вялізнай сілай, бушаваць, лютаваць (пра вецер, мароз)’; параўн. рус. бить ’тс’, укр. бити ’веяць, несці (аб ветры, мяцеліцы’, бел. драг. побэ́тэ (пра мароз) ’абмарозіць расліны, квітнеючы сад такім чынам, што лісце, кветкі і плады ападаюць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
тапо́ля, ‑і; мн. тапо́лі, ‑яў; ж. і то́паль, ‑я і ‑ю; мн. то́палі, ‑яў; м.
1. ‑і, ж. і ‑я, м. Дрэва сямейства вярбовых. Пірамідальная таполя. □ Ціха пашумлівала .. лістамі маладая таполя. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Лабановіч] заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі і іх белы пух плаваў на ветры. Колас. Топаль, хоць і цвіце, насення не дае. «Беларусь».
2. ‑і, ж. і ‑ю, м.; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шархаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць; незак.
Разм. Утвараць шорхат, шум, шапацець пад уздзеяннем чаго‑н. Гумавыя колы шархацяць па жвіры. Шарахоўскі. Рэня змоўкла, і ў гэтай няёмкай цішы чуваць было, як шархаціць пад яе далонькай шурпатая кара, па якой яна раз-пораз праводзіла рукой. Лецка. Ля возера гусціўся чарот. Карычневыя яго мяцёлкі ціха пагойдваліся на ветры, а вузкія лісцікі шархацелі адзін аб адзін, і здавалася, быццам чарот некаму скардзіцца. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаві́цца, спаўецца; пр. ставіўся, ‑лася, ‑лося; зак.
1. Ахінуцца, абматацца чым‑н.
2. перан. Ахутацца, ахінуцца чым‑н., акрыцца з усіх бакоў. Далячынь густа спавілася туманам, і хоць хмар не было, змрочная, туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну. Быкаў. Потым ветры зашумелі, застагналі хвоі, і прасторы спавіліся чорнаю смугою. Трус. Пара дыміла з конскіх ноздраў, і як глянуць, усё спавілося тонкаю шызаю дымкаю, у якой глушыўся людскі гоман, фырканне коней... Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паўдня 2; які бывае ў поўдзень 2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.
паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паўднёвы 1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваім пунсовым колерам; быць пунсовым. Калі ў лесе кукуе зязюля, то на палянках пунсавеюць суніцы, а ў полі красуе і наліваецца колас. Няхай. Замест каменя на .. [магіле] стаіць фанерная піраміда з чырвонай зоркай і пунсавее, нібы пляма гарачай чалавечай крыві, невялічкі вянок з апошніх восеньскіх кветак. Сяргейчык. Шчокі Аніны пунсавелі заўсёды макавым цветам. Васілевіч.
2. Рабіцца пунсовым, чырвоным. Праз некалькі хвілін госць пунсавее мацней, як у дарозе на стрэчным ветры. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)