Рагу́лька 1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.
Рагу́лька 2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька 1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
біч, ‑а, м.
1. Ударная частка цэпа. Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Чорны. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разу: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор... Місько. // Наогул — пра ўдарныя часткі некаторых механізмаў. Алёша адрэгуляваў зазоры паміж планкамі секцый падбарабання і бічамі барабана. Шамякін.
2. Бізун, сплецены з драбных раменьчыкаў. Не дагодзіш [князю] — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі. // перан.; чаго. Выкрывальнае ўздзеянне чаго‑н. Біч сатыры.
3. перан.; каго-чаго. Бедства, няшчасце. Беспрацоўе — біч рабочага класа капіталістычных краін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адлі́ць, адалью, адальеш, адалье; адальём, адальяце і адлію, адліеш, адліе; адліём, аліяце; заг. адлі; зак.
1. чаго. Выліць частку вадкасці з якой‑н. пасудзіны. Адліць вады з вядра.
2. Адхлынуць, сцячы з якой‑н. часткі цела (пра кроў). Кроў адліла ад твару.
3. каго. Разм. Абліўшы (абліваючы) вадой, прывесці каго‑н. да прытомнасці. Сыны адлілі бацьку халоднай вадой і пад вечар павезлі ў горад у бальніцу. Галавач.
4. што. Вырабіць ліццём; выліць. Адліць балванку. / у перан. ужыв. Каса, і сякера, і цэп малацьбітны Магутную волатаў сілу далі: Марозы і спёкі далі гарт нязбытны — Мне песню, як звон, як пярун, адлілі. Купала.
5. Скончыць ліць. Адснавалі прадвеснія хмары, Адлілі праліўныя дажджы. Гурло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зачыніць на замок, на ключ. Замкнуць дзверы. Замкнуць хату. □ Скуратовіч замкнуў клець і пайшоў у дом. Чорны.
2. Зачыніць на замок каго‑, што‑н. у якім‑н. памяшканні, сховішчы. Арыштаваных .. замкнулі ў хаце Камісаравай, якая жыла крыху па водшыбе ад вёскі. Брыль. [Паходня] склаў паперы, замкнуў іх у жалезную скрынку, што стаяла ля стала ў куце. Хадкевіч.
3. Злучыць канцы, крайнія часткі чаго‑н. Замкнуць электрычны ланцуг. Замкнуць правады. Замкнуць кола акружэння.
4. Ахапіць, акружыць з усіх бакоў. На плошчы дзяўчаты замкнулі Натальку ў свой жывы, вясёлы, рознакаляровы круг, так што толькі адна стракатая касынка і відна была з гэтага круга. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, апынуцца дзе‑н. Мяч заскочыў за шафу. // Імкліва забегчы, заехаць, уварвецца куды‑н. [Машына] крута развярнулася на вуліцы, заскочыла на тратуар. Асіпенка. Запаліўшы маленькую люльку, стары Дзямід расказаў мне гісторыю аб тым, як на двор яго бацькі.. заскочыў неяк з Пушчы дзік. В. Вольскі. // Разм. і спец. Выйшаўшы са свайго месца, заняць няправільнае становішча, перакасіцца (пра дэталі, часткі якога‑н. механізма). Спружына заскочыла.
2. Разм. Зайсці, забегчы куды‑н. мімаходам, ненадоўга. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула. Колас.
3. Выскачыць наперад, зрабіць што‑н. раней за іншых. — Няхай судзіцца, няхай судзіцца.., — заскочыў сыну наперад Даніла. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.
лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.
Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палама́цца, ‑ломіцца; пр. паламаўся, ‑малася; заг. ‑ламіся; незак.
1. Раздзяліцца, распасціся на часткі пад дзеяннем якой‑н. сілы. Скрынка была збіта з тоненькіх дошчачак — бойся, што паломяцца. Пташнікаў. [Дзіміна:] — Паламаўся электрод, але зрасцілі. Карпаў. // Лёгка паддацца ломцы; стаць ломкім, крохкім. [Вольга:] — Авёс ад перастою паламаўся... не можна жаць. Мележ.
2. Сапсавацца, стаць непрыгодным. Крэсла паламалася. □ [Куліна:] — Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Чыгрынаў.
3. перан. Парушыцца, разбурыцца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). На станцыі [Шура] доўга чакала цягніка. Расклад яго цяпер зусім паламаўся. Арабей. // Змяніцца ў горшы бок. Але абураў і мучыў сам факт. Лёдзя не паступіла [вучыцца], і жыццё яе паламалася. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагарэ́ць, ‑ры́ць; зак.
1. Сапсавацца ад доўгага гарэння, моцнага награвання. Лямпачка перагарэла. // Згарэўшы ў якім‑н. месцы, распасціся на часткі. Нітка перагарэла.
2. Згарэўшы, ператварыцца ў попел; згарэць поўнасцю. Вуголле перагарэла.
3. Сатлець, сапрэць. Гной перагарэў. // Знікнуць, прапасці ў выніку застою і пад. (пра малако ў жанчын і некаторых млекакормячых). Табе нельга хвалявацца, — паўшчувала яе бабка — Ціткова Рыпіна, — а то малако перагарыць. Чыгрынаў. Старшы тут над усімі, памяркоўны стары, гаварыў: — Папсаваўся статак. Малако перагарэла. А такія малочныя былі каровы... Няхай.
4. перан. Знікнуць, прайсці, прытупіцца (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Гнеў перагарэў. □ Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.
2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.
3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.
4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.
5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)