прыкла́сціся, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.

1. Наблізіцца да сутыкнення чым‑н. (вокам, тварам, рукой і пад.) да чаго‑н. [Таццяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзлай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам. Шамякін. Ні шклянкі табе, ні кубка Ніхто тут не паднясе. І хлопцы ўдвух да дзюбкі Прыклаліся па чарзе. Нядзведскі.

2. Спец. Прыняць неабходнае для прыцэльвання становішча. Саша прыклаўся да кулямёта і выпусціў доўгую чаргу. Новікаў.

3. да чаго. Разм. Накіраваць сваё дзеянне, сілы на што‑н. Добра прыкласціся да пілы. □ Толькі прыкладуся алоўкам да паперы: хрусь — зламаўся. Асіпенка.

4. Разм. Выпіць, з’есці чаго‑н. Прыкласціся да каўбас. □ [Карэспандэнт:] — Дзякую, дзякую, Генадзь Іванавіч. Давайце спачатку зробім справу, а потым можна і да чаркі прыкласціся. Сабаленка. Лёнька кінуў круціцца на бервяне, сарамліва абцёр вусны і прыклаўся да вядра. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрабава́ць, ‑прабую, ‑прабуеш, ‑прабуе і папро́баваць, ‑пробую, ‑пробуеш, ‑пробуе; зак.

1. што і чаго. Праверыць стан або якасць чаго‑н. Папрабаваць пальцам лязо. □ На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Чыгрынаў. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Колас. // З’есці або выпіць чаго‑н. для пробы, паспытаць. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Колас. Тут на дзвярах замок ніколі не вісіць, І хто б ні ехаў, зблізку ці здалёку, — Заходзьце ў маю хату адпачыць, Папрабаваць бярозавага соку. Русак.

2. чаго; перан. Зведаць у жыцці, на практыцы, на сваім вопыце. Шмат чаго папрабаваў ён на сваім вяку.

3. з інф. Зрабіць спробу чаго‑н. Настаўнік крыху падумаў. — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уварыць.

уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.

1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.

2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.

3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!

4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.

•••

Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.

2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.

3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́жий

1. све́жы;

све́жий хлеб све́жы хлеб;

све́жая ры́ба све́жая ры́ба;

на све́жем во́здухе на све́жым паве́тры;

све́жее бельё све́жая бялі́зна;

све́жий след све́жы след;

све́жий цвет лица́ све́жы ко́лер тва́ру;

све́жие но́вости све́жыя наві́ны;

све́жие си́лы све́жыя сі́лы;

све́жий челове́к све́жы чалаве́к;

2. (прохладный) я́драны, халаднава́ты, све́жы;

све́жий ве́тер халаднава́ты (све́жы) ве́цер;

све́жая волна́ мор. (даво́лі) мо́цная хва́ля;

свежо́ в па́мяти до́бра по́мніцца;

свежо́ преда́ние, а ве́рится с трудо́м мно́га чу́ецца, ды ма́ла ве́рыцца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Не́жыт ’насмарк’ (драг., Жыв. сл.), нэ́жыць, ныжы́д ’тс’ (брэсц., Сіг.; Мат. Брэст.), нёжыт ’высыпка на целе ў дзіцяці’ (петрык., Шатал.), нежы́тоўка ’вялікая скула’ (лунін., Шатал.); ’скула, скулка’ (ТС), укр. не́жит, не́жить, не́жид ’насмарк’, рус. не́жить ’сукравіца’, не́жид ’насмарк; сукравіца ў нябожчыкаў’, польск. nieżyt ’катар; боль; нарыў’, чэш. nežit, neżid ’фурункул’, серб.-харв. neżit, neżid ’абсцэс у вуху’, neżić ’тс’, балг. нежит ’запаленне дзёснаў’, не́жет ’рана на дзёснах, рана на вымені’ (радоп.). Шырокае распаўсюджанне сведчыць аб праславянскім паходжанні слова; звычайна разглядаецца як вытворнае ад *žiti ’жыць’, параўн. Махэк2, 393, які на падставе чаргавання ži‑/goi‑ (параўн. зажыцьзагаі́цца, аб ране) выводзіць зыходнае значэнне ’язва, якая не гоіцца’; формы з -d тлумачацца ад’ідэацыяй да žid (жыд); Скок, 3, 682 лічыць слова аднаго паходжання з фальклорным nežitak ’чорт, злы дух, які пасяляецца ў галаве’, адкуль і назва хваробы; параўн. таксама паўночнарускую агульную назву нячыстай сілыне́жить (гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 67). Прынцыповую магчымасць такіх утварэнняў дэманструе не́жыцё ’ліхая доля, кепскае жыццё’ (слонім., Нар. словатв.), серб.-харв. nežitak ’неспакой, хваляванне, сварка’ і пад. Разам з тым нельга не звярнуць увагу на блізкасць да разглядаемых слоў літ. niežas ’сверб’, niežai ’кароста’, niẽžė́ti ’cвярбець, часацца’, man nosi niẽzė́ti ’ў мяне свярбіць нос’ і г. д., параўн. балг. радоп. нежети са ’загнойвацца (пра рану)’, тлумачэнне Герава да назвы хваробы нежит: «дзёсны зубоў робяцца чырвонымі і свярбяць» (Гераў, 6, 228, 314). З улікам гэтага збліжэнне з *živeti можа мець народнаэтымалагічны і другасны характар. На гэтым фоне спроба вывесці ст.-бел. нежитъ ’катар, фурункул’ (з 1517 г.) са ст.-польск. nieżyt ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 130) здаецца непераканальнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазі́цыя, ‑і, ж.

1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. В. Вольскі. Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Колас. // перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў.

2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі. Няхай. Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём. Сабаленка. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Мележ. // Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх. Новікаў. // звычайна мн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.

3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі. // У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.

4. перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму. Івашын. Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён. Новікаў. [Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала. Шамякін.

5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя. // У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца. Юргелевіч.

•••

З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.

[Ад лац. positio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)