і́менна, часціца.
1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу. Шыцік. [Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. В. Вольскі.
2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Чарнышэвіч. / У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер... Брыль. // Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.
3. (часта ў спалучэнні з «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забыццё, ‑я, н.
1. Страта ўспамінаў аб кім‑, чым‑н. Героям няма забыцця. □ Дні адплывалі ў забыццё, Міналі зімы, леты. Прынеслі іншае жыццё У край глухі Саветы. Смагаровіч.
2. Стан непрытомнасці, трызнення. Малая стогне і ўсхліпвае. І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах. Брыль.
3. Стан дрымоты; паўсон. Зноў наплывала забыццё, і самі павольна сплю[шчв]аліся вочы. Галавач.
4. Стан глыбокай задуменнасці, адлучанасці ад усяго навакольнага. [Пятро Мікалаевіч] доўга сядзеў у забыцці на калодцы, да болю сціскаючы рукамі галаву. Данілевіч. Ад вулічнага спакою прыйшло лёгкае забыццё. Вінцусь не адганяў гэтага забыцця, нават рад быў яму. Галавач.
5. Стан моцнага душэўнага ўзрушэння, калі чалавек перастае кантраляваць свае дзеянні. [Аляксей] ляжаў у шалёным забыцці і са злосцю думаў, што трымае сябе вельмі брыдка. Карпаў. [Лявон Жалейка] быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. Гурскі.
•••
Аддаць забыццю гл. аддаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зато́е, злучн.
1. Злучае сказы і члены сказа пры замяшчальным супастаўленні; па значэнню адпавядае словам: «аднак», «але», «у той жа час». Жыта на «лужках» вымакла зусім, затое на гары і пад лесам сцяной ідзе. Лынькоў. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. / Часта ў спалучэнні з «але», «ды». Не важна, хто каго перамог, але затое ўсім весела. Скрыган. І сілу [Марылька] мела, як у таго камара. .. Ды затое была .. такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.
2. Ужываецца для выражэння выніку; па значэнню адпавядае словам: «таму», «у выніку гэтага». Нібы па кнізе ён чытае Чужыя мыслі ў галаве. Затое ж ён так хіліць, горне К сабе паноў і панскіх слуг. Колас. Часам кавалак у рот не лез ад стомы. Затое ж запас вадзіўся. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.
2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.
3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.
4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.
1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.
2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тупаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.
1. Часта і моцна тупаць нагамі пры хадзьбе, бегу і пад. Калі цямнела,.. [вожык] выбірайся з кардоннай скрыпкі, дзе ўнучка зрабіла яму пасцель, тупацеў па пакоі, тыцкаўся лычыкам у сподак. Даніленка.
2. Часта стукаць, тупаць нагамі аб падлогу, зямлю. Глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі. Колас. Хромавых блішчастых ботаў не шкадуе [Лёнька] і тупаціць нагамі так, што ўгінаецца падлога і з яе ўздымаецца шызы пыл. Навуменка. З таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка... сунь у ваду і тупачы, гані рыбу ў яе. Мележ. // Стукам, тупатам ног выражаць злосць, нязгоду, нездавальненне кім‑, чым‑н. Рыгор тупацеў перад .. [свінаркамі], нібы разгневаны певень, і нешта злосна выкрыкваў ахрыплым голасам. Шашкоў. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.
1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.
2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́я, ‑і, ж.
Частка цела паміж галавой і тулавам у чалавека і наземных пазваночных жывёл. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Шамякін. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Зубы, як адзін, шыя, нібы ў лебедзя. Васілевіч. // Тое, што сваім знешнім выглядам, формай, абрысамі нагадвае такую частку цела. На пагорку віднеліся гмахі шматпавярховых дамоў. За імі — з доўгімі шыямі пад’ёмныя краны. Гроднеў. На .. варотцах — памытыя гарлачы ўніз шыямі. Кулакоўскі.
•••
Вешацца на шыю гл. вешацца.
Вісець на шыі гл. вісець.
Выехаць на чужой шыі гл. выехаць.
Гнаць у шыю гл. гнаць.
Даць па шыі гл. даць.
Намыліць шыю гл. намыліць.
Павесіцца на шыю гл. павесіцца.
Сесці на шыю гл. сесці.
Скруціць (зламаць) (сабе) шыю гл. скруціць.
Сядзець на шыі гл. сядзець.
Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эма́ль, ‑і, ж.
1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захавання іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў. У невялічкім.. [пакоі] з мяккай мэбляю і сінімі сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі і ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Караткевіч. // Паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым‑н. Цяпер палавіна вучняў нашай школы носіць гэтыя значкі з чырвоным крыжам на белай эмалі. Жычка. // перан. Пра гладкую бліскучую паверхню, якая нагадвае такую масу. У шырокім марскім прасторы белымі чайкамі плавалі яхты. Сярод ярка-зялёных далін былі відаць белыя будынкі сядзіб і санаторыяў; кудлатыя, як авечкі, хмаркі беглі па ўступах гор. Усё нібы ззяла золатам, зялёнай, блакітнай і белай эмаллю. Рамановіч.
2. Мастацкі выраб, пакрыты такой масай. Калекцыі эмалей.
3. Цвёрдае бліскучае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.
4. Разм. Эмалевая фарба.
[Фр. émail.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́цца 1, маюся, маешся, маецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць у наяўнасці; знаходзіцца; існаваць. Уласна кажучы, рашэнне магло быць і было толькі адно: ісці, не губляючы ні адной хвіліны дарэмна, ісці, пакуль маецца непарушны запас харчоў. Шамякін. [Аксіння:] — Ды мы, сынок, не былі б у крыўдзе, каб у цябе і сакрэты якія меліся... Лынькоў.
2. Адчуваць сябе. — Як маешся? — разглядаючы вільготнымі вачыма сябра .., спытаўся .. [Цімка]. Карпаў. Раніцой, перад пачаткам урокаў, Клава заглянула ў школьны сад: як там маюцца яе бярозкі? Якімовіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з інф. Аб тым, што павінна быць. Меўся распачацца справаздачна-выбарчы сход прафсаюзнай арганізацыі. Карпюк. // Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. Кафедра мелася рэкамендаваць кандыдатаў у аспірантуру. Шахавец. З дому Косця меўся ехаць крадком, але перад бацькам нібы прагаварыўся. Адамчык.
•••
Мецца на ўвазе — меркавацца, падразумявацца.
ме́цца 2, нескл., н.
Разм. Тое, што і мецца-сапрана.
[Іт. mezzo — сярэдні.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)