Сухарля́вы ’з худым целам (пра чалавека, жывёлу)’ (ТСБМ), ’хударлявы’ (Некр. і Байк., Касп.; ашм., Стан. Мал.). Укр. сухорля́вий, польск. дыял. sucherlavy ’тс’. Да сухі ’худы (чалавек)’ з суф. ‑ор‑, ‑л‑, ‑ав‑; гл. Слаўскі, SP, 2, 23, дзе таксама аб мене яшчэ праславянскіх суф. *‑or‑/*‑er‑ ЕСУМ (5, 488) бачыць тут кантамінацыю сухий і худорлявий; Брукнер (524) — уплыў chuderlawy, параўн. хударлявы, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сы́зы ’шызы’ (Касп., Растарг., Шн. 2), ’не адбелены (пра лён)’ (Сл. ПЗБ), сы́зый ’шызы, сінявата-цёмны’ (Бяльк.). Гл. шызы. Карскі (1, 357) цвёрдасць зычных у пачатковым складзе тлумачыць украінскім або польскім уплывам, параўн. укр. си́зий, адпаведная польская форма адсутнічае, чаму, аднак, пярэчыць лінгвагеаграфія названых формаў. Да этымалогіі параўн. сізаваро́нка ’птушка сіваграк, Coracias garrulis L.’ (ЛА, 1) і сіваваро́нка ’тс’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сінь-по́рах ‘самая малая частка, парушынка’ (Нас.): ні сінь пораху (Сержп. Прык.), сюды ж, відаць, і сінь‑па́хъ — без значэння ў беларускім слоўніку Шымкевіча (Шымк. Собр.). Першая частка спалучэння можа ідэнтыфікавацца з слав. *sinь ‘чорны’ (гл. сіні), што захавалася ў фразеалагізме *sine za nogъtemь, пра якія гл. Толстой, Слав. языкозн. VII, 273–293. Другая частка захоўвае архаічнае значэнне ‘пылінка, парушынка’, гл. порах 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Такава́цца ’згаворвацца, дамаўляцца’ (Ян.), токова́ць ’балбатаць, гаварыць, даказваць’ (ТС). Магчыма, да такава́ць (гл.), параўн. польск. tokować ’прывабліваць самку спевам і рухамі (пра птушак)’ і перан. ’балбатаць, плявузгаць’ (Варш. сл.); апошняе значэнне дае, відаць, падставы разглядаць рус. аргат. токова́ть ’такаваць, гаварыць без перапынку’ ў якасці паланізма (Віткоўскі, Słownik, 186), што цяжка давесці. Для зваротнага дзеяслова нельга выключыць магчымасць вывядзення з такаць 1, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́каць 1 ’часта ўжываць слова так, падтакваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.). Укр. та́кати ’згаджацца; падтакваць’, рус. та́кать ’тс’. Да так, гл. Паводле Фасмера (4, 12), стараж.-рус. такати ’згаджацца’ ўтворана ад тако ’гэтак’; сюды ж аналагічнае рус. да́кать.
Та́каць 2 ’рытмічна тахкаць, стукаць’ (ТСБМ). Укр. та́кати ’тс’, дыял. ’кракаць, кахкаць (пра гусей)’, дзіц. так‑так ’качка’ (Горбач, Дитяч.), рус. та́кать ’тахкаць’. Гукаперайманне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трабло́ ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Мат. Маг.), ’жывот, чэрава’ (Нік. Очерки, Мат. Гом.), ’жывот абжоры’ (Касп.), трэбло́ ’бруха, трыбух жывёлы’ (кам., Сл. ПЗБ), ’тоўсты, няўклюдны, прагны да яды чалавек’ (Растарг.); сюды ж трублаты ’з тоўстым жыватом’ (Касп.). Да трыбло́ (гл.); Трубачоў (Труды, 1, 284) мяркуе пра прасл. дыял. *treb(ъ)lo, *treb(ъ)latъ, роднаснае лац. strebula мн. л. ’мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тра́мця ’лахманы, транты’ (Сцяшк. Сл.), тра́мсы, тра́мсікі ’лахманы, рызманы’ (пух., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. дыял. tramcie ’растрапаныя лахманы, зношанае адзенне’, tramči ’тс’. Хутчэй за ўсё, у выніку фанетычных змен пад уплывам экспрэсіі з тра́нты (гл.) > трант‑*ьjе > зборн. тра́нце ’тс’ (Мат. Гом.). Меркаванні пра запазычанне з літоўскай мовы (Лаўчутэ, Балтызмы, 85) не маюць падстаў. Фанетычна, магчыма, набліжана да трамцець ’трапятаць’, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тратуа́р ‘дарожка для пешаходаў’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), тратава́р ‘тс’ (мін., Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. тротуа́р, якое з франц. trottoir, утворанага з дапамогай прадметнага суфікса ‑oir (як рэзервуар) ад дзеяслова trotter ‘ісці, маршыраваць, тапатаць, ісці рыссю (пра каня)’ > ‘хадзіць, бегаць’, які ад ст.-в.-ням. trottōn ‘ісці, ступаць, крочыць’ (Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 652; Арол, 4, 107).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тра́халле ‘гніль, старызна, нікому не патрэбныя рэчы’ (Мядзв.), трахо́лле ‘старая парваная адзежа’ (Юрч. Сін.), ‘лахманы’ (Юрч. Мудр.), тряхо́льля ‘транты’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. трехо́лье, треха́лье ‘тс’, якія Куркіна (Этимология–1983, 27) збліжае з балг. тракам ‘стукаць, тарахцець’, літ. trėkti ‘псаваць, знішчаць’. Магчыма, вытворнае ад траха́ць ‘трэсці’ (гл), параўн. трасару́бка і наватвор траса́ць (гл. трэсці); пра сувязь асноў гл. Фасмер, 4, 113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́нка 1 ‘гульня ў карты’ (Бяльк., ТС). Укр. льв. три́нка ‘тры тузы’, рус. тринка ‘картачная гульня’, польск. trynka ‘тройка (у картах) — тры тузы, тры козыры’. Да тры, гл. Брукнер, 578; мажліва суаднесці з аргат. трын ‘тры’ (< цыг. tin ‘тс’).
Тры́нка 2 ‘пра худую жанчыну’: худая як трынка (ТС). Няясна. Магчыма, да тры́на (гл.) у выніку пераносу значэння: ‘сухая, тонкая кастрыца’ > ‘сухая, худая жанчына’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)