цю́целька, ‑і, ж.

У выразе: цюцелька ў цюцельку — зусім дакладна, кропля ў кроплю. Судны ходзяць праз дзень і на прыстань прыбываюць якраз к пачатку Люсьчынай работы. «Чаркес» яе дастаўляе цюцелька ў цюцельку. Ракітны. [Грышка:] — А цяпер скажы мне яшчэ, адкуль ты [Кастусь] так пра маю жытку ведаеш?.. У хаце маёй, здаецца, не быў, а ўсё цюцелька ў цюцельку праўда... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чына, ‑ы.

Разм.

1. м. і ж. Тое, што і чалавек (у 1 знач.). — Ого бо, чалавечына! — не вытрымлівае, нарэшце, злуецца жонка, — не выспаўся небарака!.. Васілевіч. [Паддубны:] — Гэта, відаць, з вопытам чалавечына. Проста хочацца з ім пабачыцца. Пестрак.

2. ж. Мяса чалавека як ежа людаедаў і некаторых драпежных звяроў. Ваўкі кідаюцца цяпер на людзей — тыя, што пакаштавалі чалавечыны. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апліка́цыя ’ўзор, малюнак, створаны шляхам наклёпвання ці прышывання рознакаляровых кавалачкаў паперы, матэрыі і інш.’ (БРС); ’навучанне пісарскай справе’, аплікант ’практыкант пры адвакаце ці землямеры’, аплікавацца (Нас., Гарэц.). Крыніца: лац. applicatio ’прыяднанне’. З лацінскай у старапольскую мову са значэннем ’дастасаванне, перадача’, aplikować прадаваць, прысвойваць’. Ст.-бел. aplikacya ў значэнні ’вучэнне’ і ’прымяненне, дастасаванне’ (Гарб.). Ст.-укр. апплѣковати ’прыкладаць’ з XVII ст. Гэта значэнне як устарэлае фіксуецца ў сучаснай польскай мове; развіццём яго тлумачыцца і ’практычнае навучанне’, а таксама слова aplikant. Таму бел. аплікацыя ў другім значэнні (цяпер устар.) можна лічыць засвоеным праз польскую мову ці паралельна з польскай. Параўн. для рускай сцвярджэнне Шанскага, 1, А, 131, аб запазычанні рус. аппликация ў старых значэннях з польскай у Пятроўскую эпоху. Сучаснае літаратурнае значэнне, магчыма, запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе яно фіксуецца з XIX ст. (ССРЛЯ); у такім значэнні слова фіксуецца ў Дарашэўскага з прыкладамі сярэдзіны XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.

2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.

3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.

4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́ння і сёння, прысл.

1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.

2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вох, выкл.

1. Выказвае здзіўленне, гора, боль, жаль, сполах і інш. пачуцці. [Шэмет:] — Пара цяпер якраз такая... Адышоўшы кіламетраў са два ад горада ўверх — вох і рыбы. Лобан. [Марка Парэмская:] — Даўненька ляжыць [Павел] за далёкім Дунаем... Вох, чаго ён не нарабіў, гітлеруга пракляты!.. Ракітны.

2. у знач. наз. во́хі, ‑аў. Вохканне, нараканне. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся краса[ла]. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад жадаць.

2. у знач. наз. жада́ючы, ‑ага, м. Той, хто жадае атрымаць што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Перад смерцю Фрык завяшчаў, каб яго музей маглі бясплатна наведваць усе жадаючыя. Новікаў. Пункт, куды накіроўвалі Жадаючых трапіць да партызан.., знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі... Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад жадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гной, гною, м.

1. Перапрэлая сумесь памёту свойскай жывёлы і подсцілу, якая служыць для ўгнаення глебы. Конскі гной. Вывозіць гной на палі.

2. Непрыемная на пах вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры запаленні іх. Перасаліў .. [кухар] страву, і князь.. ударыў яго два разы поўху, што і цяпер яшчэ ў благое надвор’е з вуха гной цячэ. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. ад чаго і з інф. Адвыкнуць ад чаго‑н. Колькі ні смяяліся з .. [Якавенкі] таварышы, ён усё не мог адвучыцца ад гэтага нязграбнага жэста. Мележ. Адвучылася смяяцца [Малання] за вайну, дык і цяпер яшчэ ўсё не наважыцца. Кулакоўскі.

2. Разм. Закончыць навучанне, перастаць вучыцца. Адвучылася Люба ў гімназіі. І радасна адначасна было ад гэтага і сумна. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)