памачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
1. Намачыць, змачыць злёгку, трохі. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Шамякін. // Зрабіць зусім мокрым; вымачыць. Сагнуўшы ногі, [Андрэй] пачуў, што мокрыя калені: памачыў у расу, калі ішоў ля жыта. Пташнікаў. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі памачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Лынькоў.
2. Разм. Прыгубіць. Галя памачыла губы і адставіла [шклянку]. — Што гэта вы — і за сябе не хочаце выпіць? Сабаленка. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Чарнышэвіч.
3. Апусціць ручку з пяром у чарніла, чарніліцу. Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарні[лі]цы пяро і выразна .. вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу. Колас.
4. і без дап. Мачыць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.
2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. □ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.
3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.
2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.
3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сінь, ‑і, ж.
1. Сіні колер. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак. Не абняць, не змераць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Вочы ў мяне Не згубілі яшчэ сваю сінь. Танк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра неба, мора, паветра). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую. Гілевіч. // Сіні туман, смуга. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Бядуля. Па мокрай сенажаці.. [Гэлька] ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну. Чарот. // Пра вечар, ранак. Сінь за акном пагусцела, дрэвы згорбіліся. Шашкоў. Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела. Карпаў.
2. У горнай справе — назва некаторых руд, якія маюць сіні колер. Медная сінь. Жалезная сінь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.
1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.
2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.
•••
Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.
слой 2, ‑я, м.
Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да убрацца (у 1 знач.).
2. Незак. да увабрацца.
3. Зал. да убіраць.
•••
Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу. М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі. Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было. Беразняк. Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха. Кулакоўскі. А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Лупсякоў.
Убірацца ў тогу каго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.
1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.
2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́я, ‑і, ж.
Частка цела паміж галавой і тулавам у чалавека і наземных пазваночных жывёл. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Шамякін. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Зубы, як адзін, шыя, нібы ў лебедзя. Васілевіч. // Тое, што сваім знешнім выглядам, формай, абрысамі нагадвае такую частку цела. На пагорку віднеліся гмахі шматпавярховых дамоў. За імі — з доўгімі шыямі пад’ёмныя краны. Гроднеў. На .. варотцах — памытыя гарлачы ўніз шыямі. Кулакоўскі.
•••
Вешацца на шыю гл. вешацца.
Вісець на шыі гл. вісець.
Выехаць на чужой шыі гл. выехаць.
Гнаць у шыю гл. гнаць.
Даць па шыі гл. даць.
Намыліць шыю гл. намыліць.
Павесіцца на шыю гл. павесіцца.
Сесці на шыю гл. сесці.
Скруціць (зламаць) (сабе) шыю гл. скруціць.
Сядзець на шыі гл. сядзець.
Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
оста́вить сов.
1. в разн. знач. пакі́нуць;
оста́вить дете́й до́ма пакі́нуць дзяце́й до́ма;
оста́вить чемода́н в ваго́не пакі́нуць чамада́н у ваго́не;
оста́вить за собо́й пра́во пакі́нуць за сабо́й пра́ва;
оста́вить госте́й ночева́ть пакі́нуць гасце́й начава́ць;
си́лы оста́вили меня́ сі́лы пакі́нулі мяне́;
оста́вить заявле́ние без отве́та пакі́нуць зая́ву без адка́зу;
оста́вить ученика́ на второ́й год пакі́нуць ву́чня на другі́ год;
оста́вить вопро́с откры́тым пакі́нуць пыта́нне адкры́тым;
2. (прекратить) кі́нуць;
оста́вьте э́тот разгово́р! кі́ньце гэ́ту размо́ву!;
3. (перестать трогать) не чапа́ць;
оста́вьте меня́! не чапа́йце мяне́!;
◊
оста́вь(те)! кі́нь(це)!;
оста́вить в дурака́х пакі́нуць у ду́рнях;
оста́вить с но́сом пакі́нуць з но́сам;
ка́мня на ка́мне не оста́вить ка́меня на ка́мені не пакі́нуць.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
хвати́тьI сов.
1. (схватить) разг. хапі́ць, хваці́ць; ухапі́ць;
хвати́ть за рука́в хапі́ць за рука́ў; см. хвата́тьI;
2. (испытать) разг. набра́цца, зазна́ць;
хвати́ть го́ря, стра́ху набра́цца го́ра, стра́ху;
3. (ударить) разг. сту́кнуць, уда́рыць; (бросить) бра́знуць, ля́снуць;
хвати́ть кулако́м по столу́ сту́кнуць (уда́рыць) кулако́м па стале́;
хвати́ть об пол бра́знуць (ля́снуць) аб падло́гу;
4. (поразить) хапі́ць; (повредить) пабі́ць; (прихватить) прыхапі́ць;
его́ хвати́л уда́р яго́ спаралізава́ла, яго́ хапі́ў уда́р;
моро́зом хвати́ло посе́вы маро́зам пабі́ла (прыхапі́ла) пасе́вы;
5. (выпить) прост. хапі́ць; ця́пнуць;
хвати́ть рю́мку хапі́ць (ця́пнуць) ча́рку;
6. (сделать что-л.) прост. урэ́заць, адпалі́ць;
хвати́ть плясову́ю пусці́цца ў ско́кі;
◊
хвати́ть че́рез край перабра́ць ме́ру (ме́рку) (далёка хапі́ць).
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)