па́льмавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пальмы, пальмаў. Пальмавы ліст. // Які складаецца з пальмаў (пра лес, парк і пад.). Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой. Гурло. // Які зроблены, атрыманы з пальмы, яе пладоў. Пальмавы цукар. Пальмавае віно.

2. у знач. наз. па́льмавыя, ‑ых. Сямейства аднадольных раслін, якія растуць у тропіках і субтропіках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́ннік, ‑а, м.

1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.

2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панаса́джваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Насадзіць ​1 вялікую колькасць якіх‑н. раслін. [Астаповіч:] — Цяпер мы пасадзім з табой дрэвы каля свае хаты! Усялякіх дрэў папасаджваем. Чорны.

2. Змясціць, размясціць дзе‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Панасаджваць людзей на аўтамашыну. Панасаджваць булак у печ.

панаса́джваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Насадзіць ​2, шчыльна надзець на што‑н. усё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́раснік, ‑у, м.

Маладыя парасткі дрэў або іншых раслін. А сёлета шчодрыя жнівеньскія ліўні дружна пагналі ў рост малады параснік. Беразняк. // Малады лес; зараснік. З маладога парасніку неўзаметку ўздымаецца добры лес. Лужанін. З празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Валько .. сказаў, што мы ствараем, у адпаведнасці з Пастановаю ЦК, спецыяльную брыгаду, якая будзе вызваляць землі ад парасніку і паляпшаць сенажаці. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йства, ‑а, н.

1. Тое, што і сям’я (у 1 знач.). — А дзе ж ваша сямейства? — запытаў я, бо нікога, апроч гаспадара, не ўбачыў у хаце. Сабаленка.

2. У сістэматыцы жывёл і раслін — аб’яднанне некалькіх родаў, падобных па будове і блізкіх па паходжанню. Сямейства акунёвых. Сямейства злакавых.

3. перан. Разм. Група якіх‑н. аднародных пабудоў і пад. Сямейства атамных электрастанцый памнажаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Іголкі, ігліца ў хваёвых раслін. Пад адной магутнай елкай я знаходжу зручнае месца, каб адпачыць, зграбаю вялікую кучу прэлай шыпулькі і саджуся на яе, нібы на падушку. Хомчанка. — На паўвяршка выцягнуліся, — сказала.. [Васіліна], кратаючы пальцамі маладыя шыпулькі ялінак. Савіцкі. Самая-самая верхавінка маладой сасонкі падобна на вожыка. Вострыя шыпулькі тырчаць угору. Бяспалы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ню́нькі ’самыя раннія вясеннія кветкі, жоўценькія, што растуць у балоцістым месцы’ (Нас.), ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (Кіс.), ’асака’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нюнки ’расліна Sparganium Simplex L. ці Sparganium ramosum L.’, рус. нюньки ’расліны Ptarmica vulgaris DC., Sparganium ramosum L., Festuca fluitans, асака Carex L.; расліна накшталт явару; корань чароту’, славен. njünje, njüne, njünke, nunke ’расліны Crokus і Colchicum autumnale’. Відаць, гукапераймальнае, бо некаторыя з гэтых раслін выкарыстоўваюцца ў якасці пішчалак, параўн. рус. смал. нюня, нюнька ’пішчалка з явару’, славен. nunovje ’кара, з якой робяць пішчалкі’, пипа, nunika ’від пішчалкі’, балг. нунунка ’расліна Papaver rhoeas’, нунавец ’расліна Asphodelus albus’, чэш. nunuška ’расліна Carolina acaulis’, параўн. Бязлай, 2, 230. Спроба Бязлая (2, 230; Eseji, 151; Baltistica, 2, 17) вывесці славенскія назвы раслін на падставе славен. očun ’Crokus, Colchicum’ < *of-jan, г. зн. ’зноў малады’, і тым самым nünka — след старой балта-славянскай кантамінацыі паміж літ. jaunas ’малады’ і nauns ’новы’, здаюцца менш пераканальнымі. Параўн. нюні, нюня (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлабаро́д ’расліна Tragopogon’, звычайна T. pratensis (ТСБМ). Калька рус. козлобородник ’тс’, якое з лац. Tragopogon < грэч. τράγος πώγων ’казліная барада’. Аналагічныя калькі і ў іншых мовах: польск. kozia broda, чэш. kozibrada, серб.-харв. ко̏зја бра́да, ёсць і ў іншых слав. мовах; ням. Wiesen‑Bocksbart, літ. ožkabar̃zdis і інш. Дзіўна, што добра вядомая расліна са шматлікімі ў розных мовах народнымі назвамі тым не менш называецца калькаваным тэрмінам. Махэк (Jména rostl., 235) звяртае на звычайнасць kozi ў назвах раслін і, што гэта магчыма, сведчыць аб незалежным ад навуковага паходжанні слав. тэрмінаў. Меркаваць аб гэтым цяжка; не выключана нават, што некаторыя з слав. лексем (казялок і пад.) для Tragopogon утвораны пад уплывам калькі. Магчыма таксама, што падобныя назвы існавалі спрадвеку, а навуковая толькі «сканцэнтравала» фонд дэрыватаў ад kaza і kozьlь. Не выключана, што працэс намінацыі праходзіў больш складана і сваю ролю адыгралі форма лісця, пладоў, колер кветак, наяўнасць млечнага соку, уплыў назваў іншых раслін у межах народнай класіфікацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гісто́рыя, -і, ж.

1. Рэчаіснасць у яе развіцці і руху.

Законы гісторыі.

2. Навука аб развіцці чалавечага грамадства.

Г.

Старажытнага свету.

Г.

Сярэдніх вякоў.

3. Ход развіцця, руху чаго-н.

Г. раслін.

Г. знешняга гандлю.

Г. хваробы.

4. Сукупнасць фактаў і падзей, што адносяцца да мінулага жыцця; мінулае, якое захавалася ў памяці людзей.

Народныя вясельныя абрады ўжо сталі гісторыяй.

5. мн. -і, -рый. Расказ, апавяданне пра што-н.

Дзеці любяць слухаць займальныя гісторыі.

6. мн. -і, -рый. Здарэнне, выпадак, пераважна непрыемныя.

Трапіць у сумную гісторыю.

Вось дык г.!

|| прым. гістары́чны, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ляду́начка ’ключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́н — назвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́ц ’чырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)