Паду́ст ’рыба сямейства карпавых’ (ТСБМ), дыял. таксама паду́ста. Рус. поду́ст, поду́с ’рыба з сямейства чабаноў’, укр. піду́ст, піду́ства ’рыба Chondrostoma nasis’, польск. podust, podusta, чэш. podousev, славац. podustva. Адсутнічае ў паўдн.-слав. м. Паводле Махэка (467), назва рыбы — гэта субстантываваны прыметнік *podusta (ryba) < usta, таму што верхняя сківіца больш тоўстая і доўгая, чым ніжняя. Гэта ж семантычная матывацыя ўжо ў Даля.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пак ’стос або звязка пэўных прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., ТС), ’скрыня, у якую ссыпаюць муку’ (Інстр. 1, Сл. ПЗБ), ’пенал’ (Шат.). Праз польск. pak, paka з ням. Packen, Pack ’пакет, звязка’, таксама як і рус. пак (аб апошнім гл. Фасмер, 3, 188). Пакава́ць з польск. pakować; дзеяслоў адзначаны ў ст.-бел.: паковати < ст.-польск. pakować (Булыка, Лекс. запазыч., 248).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палані́на ’горная паша з лугавой расліннасцю ў верхнім поясе Карпат і некаторых горных хрыбтоў Балканскага паўвострава’ (ТСБМ). З укр. полони́на ’тс’. Агульнаслав. і прасл. polnina; польск. planina, чэш. planina і г. д. Роднасныя поле (гл.) і ст.-рус. полъ ’адкрыты, вольны, пусты’ (гл. Фасмер, 3, 307 і наст.; Махэк₂, 454; Брукнер, 422). Агляд семантыкі і літаратуры гл. Талстой, Геогр. терм., 79 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ля ’бервяно, брус, забітыя ў грунт, якія служаць апорай розным пабудовам, збудаванням’. Рус. зах., паўдн. па́ля, укр. па́ля. З польск. pal ’тс’ (Карскі, Белорусы, 156; Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. паля < польск. pal (Булыка, Запазыч., 235). Крыніца польск. слова — ст.-в.-ням. pfȃl ’кол’ < лац. pālus (Праабражэнскі, 2, 10; Брукнер, 391; Клюге-Гётце, 556). Фасмер (3, 194) дапускае роднасць са спрадвечнаславянскімі палка, паліца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паля́ндра1 ’павальная хвароба накшталт белай гарачкі’ (Нас., Гарэц., Яруш.), ’старажытная багіня шкоды і смерці’ (Янк. 2, 496, 550). Відаць, ад паліць, параўн. рус. разм. палянка ’гарачка’, з рэдкім суф. ‑андра (адносна суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 134).

Паля́ндра2 ’вельмі вялікая хата’ (Сцяшк.). Няясна. Магчыма, рэгіянальнае ўтварэнне ад польск. landara ’карэта; грамадзіна; нязграбная жанчына; ландо’. Апошняе ад месца вырабу Ландаў (Брукнер, 290).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паляні́ца1 ’невялікая прадаўгаватая булка з белай мукі’ (Бяльк.), ’печыва з мукі’ (Сл. ПЗБ), ’прэсная ляпёшка’ (Касп.), паляні́цы ’ляпёшкі, спечаныя на патэльні’ (Малчанава, Мат. культ., 191), паляны́ця ’бохан хлеба’ (Сл. Брэс.). Рус. палени́ца ’булка, белы хлеб’, укр. паляни́ця. Да паліць (Праабражэнскі, 2, 8; Фасмер, 3, 191). Гл. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107.

Паляні́ца2, паля́ншчына ’бязлесая мясцовасць’ (Сл. ПЗБ). Дэрываты ад поле (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панва́, пані́ва, пано́ўка, паня́ва ’скаварада’ (Сцяшк. МГ), пані́ва ’тс’ (Сл. Брэс.), па́невка ’полка ў замка стрэльбы; палонка’ (Нас.). З польск. panew, panwia ’скаварада’, panewka ’полка ў замка стрэльбы’. Лексема мае агульнаславянскі характар (параўн. рус. па́нка ’драўляная міска’, чэш. pánev ’скаварада і г. д.’) і з’яўляецца праславянскім запазычаннем са ст.-в.-ням. pfanne ’тс’ (падрабязна гл. Фасмер, 3, 198; Брукнер, 394; Махэк₂, 432).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Папы́1, папкі ’расліна нівянік звычайны, Leucanthenum Dc vulgare Lam.’ (Кіс.). Ад поп. Матывацыю гл. папаўка.

Папы2, папакі ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Гл. папы 1.

Папы́3 ’апорныя слупы’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і поп (гл.). Параўн. рус. поп ’цурка, чушка, выбітая з кона, якая зноў паўстае тарчма (пры гульні ў гарадкі)’, поставить на попа (напр., бочку) ’стаўма’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пара́граф ’частка тэксту ўнутры раздзела, якая мае самастойнае значэнне і пазначана звычайна знакам § і парадкавым нумарам’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 78), з рус. пара́граф, дзе праз польск. paragraf з лац. paragraphus ад грэч. παράγραφος ’знак, які напісаны радам’, παραγράφο ’пішу радам’ (Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. паракграфъ (параграфъ, поракграфъ), 1580 г. < ст.-польск. paragraf, якое далей з лац. (Булыка, Лекс. запазыч., 57).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парэ́чкі ’кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых; ягады гэтай расліны’. Рус. смал. поре́чка ’чырвоныя парэчкі’, укр. порі́чки ’чырвоныя парэчкі’, польск. porzeczka ’парэчкі’. Да рака, таму што ў дзікім выглядзе расце па берагах рэк (гл. Махэк, Jména rostl., 99). Утворана конфіксам po‑ + ‑ька. Статус беларускага слова вызначыць цяжка. Хутчэй за ўсё пранікненне з польскай мовы, якое выцесніла ўсх.-слав. смародзіна (гл.). Параўн. Мяркулава, Очерки, 221.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)