сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́ліць ’прасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Гл. талька.

*Талі́ць1, толы́ты ’насычаць, карміць’ (драг., Бел.-укр. ізал.), часцей у прыставачных утварэннях наталіць (гл.): яго нічым ні наталіш (Сержп. Прымхі), утолі́ць ’задаволіць, насыціць’ (ТС). Параўн. укр. толи́ти ’заспакойваць’, палес. толи́ть ’раскормліваць, пічкаць’, рус. толи́ть ’тс’, ст.-польск. tolić ’тс’, славац. táliť sa ’добра харчавацца’, серб.-харв. то̀лити ’заспакойваць’, славен. toliti ’сунімаць, супакойваць’. Прасл. *toliti/*taliti, каўзатыў ад *tьlěti (гл. тлець), параўн. літ. tìlti ’стаяць моўчкі’, лат. tilinât ’распешчваць (дзіця)’, ст.-ірл. tuiti ’спаць’, магчыма, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71; Бязлай, 4, 194; Варбат, Этимология–1970, 59; ЕСУМ, 5, 593). Гл. таксама уталяць.

*Талі́ць2, толі́ць ’збіраць, хаваць’: толіць тые грошы (ТС), та́лыты ’сцягваць у адно месца; траціць’ (Арх. Вяр.), сюды ж дзеяслоў шматкратнага дзеяння талаваць, гл. Лічыцца адаптаваным запазычаннем з цюркскіх моў, у якасці крыніцы прапануецца крым.-тат. тала ’дзерці, рабаваць’, роднаснае манг. tala ’рабаваць’ і пад. (Фасмер, 4, 15; ЕСУМ, 5, 509).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́нне ’ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́п’е — недакладна вызначанае значэнне ’рыззё, лахманы’, параўн. ілюстрацыю: рыба залезе ў гэты закобэнь [закутак], у гэтэ трапʼе (ТС). Параўн. каш. třap ’гразь на дарогах; снег з дажджом’, якое Борысь (SEK, 5, 176) звязвае з *trepati (гл. трапаць1). Аднак кантэкст і іншыя запісы (КСТ) дапускаюць сувязь і з адпаведнымі паўднёваславянскімі словамі, параўн. балг. дыял. трапйе ’роў, упадзіна’ (Сб. на Бълг. книж. дружество, 1. София, 1901, 16), тапонім Трапьето (Младенов, Принос. към. изучване на бълг. говори в Източна и Западна Тракия. София, 1936, 173), макед. дыял. трапје ’карытападобныя формы на зямлі’ (МЈ, 8, 1, 83), што да балг., макед. трап ’яма, роў’, серб.-харв. тра̏п ’яма для захоўвання гародніны зімой’, славен. trap ’яма’, якія Куркіна (Диал. структура, 31) лічыць паўднёваславянскімі дыялектызмамі і ўзводзіць да прасл. *trapъ/*torpъ (з пытальнікам). У якасці іншаславянскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. tar̃pas ’прамежак, шчыліна’ (гл. торп, тарпа), раманскае trabs ’калода’ (Бязлай, Eseji, 83). Гл. таксама трап1 і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праць ’мыць, б’ючы пранікам (бялізну, палатно)’ (ТСБМ, Нас., Некр., Янк. 1, Юрч., Бес., Мік., Шн. 2, Янк. Мат.), пра́ці, пра́ты ’тс’ (Сл. ПЗБ), пра́ті ’тс’ (Сл. Брэс.), ’біць, лупцаваць’ (Юрч., Нікан.), ст.-бел. прати ’тс’. Рус. прать ’мыць, калаціць бялізну, укр. пра́ти ’мыць, калаціць’, ст.-рус. пьрати, перу ’мыць бялізну’, польск. prać ’мыць бялізну’, в.-луж. prać, н.-луж. praś, палаб. perět, чэш. práti, славац. prať, серб.-харв. пра̏ти, славен. práti ’біць, калаціць, мыць’, балг. пера́ ’тс’, макед. пере ’тс’. Прасл. *pьrati, першаснае значэнне ’біць, лупцаваць’. Роднасныя: літ. pẽrti, periù ’біць, сячы лазневым венікам’, лат. pḕrt ’біць венікам у лазні’, арм. harkanem ’б’ю’ (Фасмер, 3, 355; Траўтман, 215, 468). Значэнне ’таўчы, таптаць’ у якасці зыходнага прымаюць Младэнаў, 418; Бязлай, 3, 104; Сной₂, 559 (< і.-е. per‑ ’таўчы’), што зусім верагодна, улічыўшы архаічны палескі спосаб прання, пры якім бялізну топчуць нагамі, параўн. літ. spìrti ’таптаць нагамі’, што, паводле Фасмера (3, 355), роднаснае *perti, гл. перці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́ндзіцца ’надрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога у́, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матня́1, мотня ’сярэдняя частка невада, куль’ (Маш., Тарн.; хойн., Мат. Гом.; нараўл. З нар. сл.), ма́тня ’тс’ (Федар. 6), матня́ ’задняя частка рыбалоўнай снасці ў выглядзе доўгага мяшка’ (лід., Сл. ПЗБ), ’карма ў невадзе’ (ТС), (перан.) ’пастка’ (КТС, Дунін–Марцінкевіч). Укр. матня́ ’сярэдняя паглыбленая частка невада’, рус. пск. мотня́ ’частка рыбалоўнай снасці’. Паводле Фасмера (2, 582), да мата́цца. Магчыма, аднак, дапусціць у якасці крыніцы лексему матка1, як месца, адкуль што-небудзь выходзіць. Параўн. рус. с.-урал. ма́точка ’цэнтральная частка невада’, арханг., пск., цвяр., смал., урал. ма́тка ’матня невада’. Гл. таксама матня́4.

Матня́2 ’стрыжнёвы корань пня’ (жлоб., Мат. Гом.). Да ма́тка2. Суфікс ‑ня мог узнікнуць у выніку кантамінацыі лексем матка пня.

Матня́3, пін. матні̂э́ ’куль саломы для страхі’ (Працы 1), бяроз. ма́тня (Нар. сл.). Да ма́та (гл.).

Матня́4, мотня́ ’крэсла, устаўка ў штанах’ (добр., Мат. Гом.; Нар. Гом., ТС). Укр. матня́, рус. мотня́. Да мата́ць, мата́цца. Параўн., аднак, матня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ню́нькі ’самыя раннія вясеннія кветкі, жоўценькія, што растуць у балоцістым месцы’ (Нас.), ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (Кіс.), ’асака’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нюнки ’расліна Sparganium Simplex L. ці Sparganium ramosum L.’, рус. нюньки ’расліны Ptarmica vulgaris DC., Sparganium ramosum L., Festuca fluitans, асака Carex L.; расліна накшталт явару; корань чароту’, славен. njünje, njüne, njünke, nunke ’расліны Crokus і Colchicum autumnale’. Відаць, гукапераймальнае, бо некаторыя з гэтых раслін выкарыстоўваюцца ў якасці пішчалак, параўн. рус. смал. нюня, нюнька ’пішчалка з явару’, славен. nunovje ’кара, з якой робяць пішчалкі’, пипа, nunika ’від пішчалкі’, балг. нунунка ’расліна Papaver rhoeas’, нунавец ’расліна Asphodelus albus’, чэш. nunuška ’расліна Carolina acaulis’, параўн. Бязлай, 2, 230. Спроба Бязлая (2, 230; Eseji, 151; Baltistica, 2, 17) вывесці славенскія назвы раслін на падставе славен. očun ’Crokus, Colchicum’ < *of-jan, г. зн. ’зноў малады’, і тым самым nünka — след старой балта-славянскай кантамінацыі паміж літ. jaunas ’малады’ і nauns ’новы’, здаюцца менш пераканальнымі. Параўн. нюні, нюня (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (ТСБМ, Шат., ТС, КЭС, лаг., Гарэц., Бір.). Укр. кемити ’тс’. Фанетычны крытэрый дазваляе меркаваць аб лексічным пранікненні з польскай, хаця непасрэднай крыніцы мы не знаходзім. ЕСУМ, 2, 422 тлумачыць гэта наступным чынам. Прасл. kъm‑ (укр. кмітливий, прикмета) дало польск. kiem‑, на аснове якога ўзнікла невядомая нам польская лексема як крыніца беларускіх і ўкраінскіх слоў. Гэтыя разважанні здаюцца даволі праблематычнымі, паколькі нам невядомае польск. *kiemić, а таксама яго дэрываты (*kiemny, *kiemliwy). Аўтары ЕСУМ хацелі б бачыць у якасці зыходнай лексемы прасл. kъmetь, у якім, апрача значэнняў ’селянін’ і ’гаспадар’, існуюць значэнні ’галава роду, старшыня, мудрэц, хітры і спрытны чалавек’, прычым апошнія значэнні мы сустракаем ва ўсіх трох групах славянскіх моў (гл. кмець). Калі ўтварыць ад прасл. kъmetь дзеяслоў, атрымаецца kъmetiti (як gostiti < gostъ), якое ў выніку гаплалогіі магло пераўтварыцца ў *kъmeti або *kъměti. Першае на польскай моўнай глебе дало б *kiemić (resp. *kmić). Параўн. польск. kpić і каш. kʼepic (ад kiep).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)