тава́р, ‑у, м.
1. Прадукт працы, выраблены на продаж.
2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.
3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.
4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.
•••
Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хво́я, ‑і, ж.
1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.
2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.
3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́ладна,
1. Прысл. да халодны (у 10 знач.).
2. безас. у знач. вык. Аб нізкай тэмпературы паветра. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе. Багдановіч.
3. безас. у знач. вык., каму. Аб стане чалавека, які адчувае холад, дрыжыкі. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна. Чорны. — Можа вам так холадна будзе, — спагадліва запытала.. [Марыя]. Кулакоўскі. // Аб стане чалавека, які адчувае дрыжыкі ад моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін. Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача. Бядуля.
•••
Ні холадна ні горача каму гл. горача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цагля́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэглы. Цагляная кладка. □ Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. // Зроблены з цэглы. Цагляны будынак. □ Тут [у мястэчку] ёсць цагляная лазня, царква св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Колас. Двор Кацубаў быў адгароджаны новымі шчыкетамі, з брамаю і каліткаю, за якімі відаць была новая хата на высокім цагляным падмурку. Якімовіч.
2. Які мае колер цэглы; карычневата-чырвоны. На круглым твары цаглянага колеру тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы. Бядуля. Твар Дзічкоўскага быў цаглянага колеру. Алешка. І цагляная чырвань новых муроў На мяне пральецца, як кроў. І за белаю вапнаю свежых сцен Я ўбачу хаціны чорны шкілет. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́цька, ‑і, м.
Разм.
1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.
2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.
3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.
Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яйцо́, ‑а́, мн. я́йцы (з ліч. 2, 3, 4 яйцы́), яе́ц; м.
1. Захаваная ў шкарлупіне авальнай формы сукупнасць бялка і жаўтка, з якіх утвараецца зародак птушак і некаторых жывёл (ужываецца як прадукт харчавання). Качынае яйцо. Яйцо чарапахі. Несці яйцы. Садзіць курыцу на яйцы. Выпіць сырое яйцо. □ Маці давала.. [бацьку] хлеб, сыр, крутое яйцо. Бядуля.
2. Зародак лічынкі насякомых, чарвей і пад. у выглядзе невялікай крупінкі, звычайна авальнай формы. Яйцы саранчы. Мурашыныя яйцы.
3. У біялогіі — жаночая палавая клетка чалавека і жывёльнага арганізма; яйцаклетка.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці гл. украсці.
Не варты выедзенага яйца гл. варты.
Яйцо курыцу вучыць — з адценнем неадабрэння: малады павучае старэйшага, не пагаджаецца са старэйшым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бляск, ‑у, м.
1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Колас. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза. Ад снежнага бляску мроілася ў вачах. М. Стральцоў. // Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Бядуля. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока. Мележ. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску. Пальчэўскі.
2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй. Звонак. Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску! Кухараў. Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.
3. перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар. Бядуля. У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Зарэцкі. // Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. // Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце. Краўчанка. Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны. Корбан.
4. перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Навуменка.
•••
З бляскам — вельмі добра, выдатна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.
2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.
3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.
4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.
5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́шка, ‑а; Р мн. ‑шак; н.
1. Памянш.-ласк. да вуха (у 2 знач.); маленькае вуха.
2. Тое, што і вуха (у 5 знач.). Каваль падняў звон за вушка і ўдарыў па ім каменем. Ваданосаў.
3. пераважна мн. (ву́шкі, ‑шак). Петлі ў абутку для замацавання яго на назе або нацягвання. Ад лапцей засталіся адны аборы і некалькі вушак. Якімовіч. [Тамашовы] боты.. былі звязаны разам за вушкі і перакінуты на плячах. Бядуля.
4. Дзірачка для ніткі ў іголцы.
5. пераважна мн. (ву́шкі, ‑шак). Страва, зробленая з кавалачкаў цеста з угорнутым у іх тварагом, грыбамі і пад.
•••
За вушка ды на сонейка — выкрыць, прыцягнуць да адказнасці каго‑н. [Левановіч:] А мы яго зараз за вушка ды на сонейка. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)