Ту́хмалка груб. ‘твар’: даць у тухмалку (мёрск., ЖНС; Рэг. сл. Віц.). Няясна; пачатак слова падобны да рус. смал. ту́хман ‘удар рукой, тумак’, ту́хманка ‘тс’, ярасл. задаць ту́хманку ‘пабіць’, цвяр. дать ту́хменку ‘стукнуць’ (СРНГ), што, магчыма, сведчыць пра другасны характар семантыкі беларускага слова. Відаць, вытворнае ад ту́хаць ‘стукаць, тупаць’ (гл.) праз прамежкавую форму *тухма (тухаць), аналагічна да рус. тукма́нка ‘ўдар кулаком’, якое Фасмер (4, 117) прапануе выводзіць з ту́каць ‘стукаць’, адначасова ставячы пад сумненне мажлівасць кантамінацыі з токмач, тукмач ‘удар кулаком’, ‘калатуша’, што тлумачыць другую частку слова; паводле Анікіна (561), хутчэй кантамінацыя з тумак ‘удар кулаком’. Параўн. тухляк 1 ‘штурхаль, штуршок’, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́гаралы, ‑ая, ‑ае.
1. Выпалены. На выгаралым іржышчы ляжала кучка шызага попелу. Бядуля. // Які пасох, загінуў ад спёкі. А тут, ля будана, па бурай, выгаралай траве скакалі цвыркуны-конікі. Асіпенка.
2. Які страціў афарбоўку ад уздзеяння сонца. Выгаралыя ад сонца валасы ўпалі на лоб і густым ценем засцілі хударлявы, загарэлы твар. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завяў, ‑вяла; зак.
1. Страціць свежасць; засохнуць, звянуць. Кветкі завялі. □ Час ад часу на дарозе трапляліся паваленыя дрэвы, на якіх яшчэ нават не паспеў завянуць зялёны ліст, — відаць, яны ўпалі зусім нядаўна. Краўчанка.
2. перан. Страціць жывасць, свежасць; паблякнуць. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; ‑плюёмся, ‑плюяцеся; зак.
1. Плюючы, ачысціць рот ад чаго‑н. [Аўдзей:] — Учора павёў.. [кабылу] да калодзежа.., а яна як вырвецца з маіх рук ды як капане заднімі нагамі, дык увесь твар мне заляпіла, ледзь адпляваўся. Кулакоўскі.
2. перан. Сплёўваючы, выказаць агіду да чаго‑н., нежаданне мець з кім‑н. справу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акупі́цца, акупіцца; зак.
Аплаціцца; прынесці даход, які пакрывае зробленыя расходы. Давайце запросім вучоных, няхай зробяць эканамічны аналіз гаспадаркі, дадуць навуковыя прагнозы. Далібог, акупяцца затраты. Шамякін. // перан. Разм. Апраўдаць сябе, даць станоўчыя вынікі. Твар [айца Міколы] робіцца тужлівым. Але гэта цягнецца толькі момант, бо яго турбота, яго, можна сказаць, пакута шчодра акупілася вынікам намаганняў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліць. Пакрывіць раму. □ Ні вецер .. [стог] не пакрывіць, ні завіруха, і не пацячэ ён нідзе. Кулакоўскі. // На некаторы час скрывіць у грымасе твар, рот, губы ад незадавальнення ці якога‑н. іншага пачуцця. Эма, ухмыльнуўшыся, пакрывіла вусны: — І зусім тут нічога цікавага... Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крапіва́, ‑ы, ж.
Травяністая расліна сямейства крапіўных з тонкімі пякучымі валаскамі на сцябле і лісці. Якімка рашуча прадзіраецца праз кусты. Звальваецца з галавы шапка, штосьці пякучае, мабыць, крапіва, абпальвае твар, рукі. Курто.
•••
Глухая крапіва — травяністая меданосная расліна сямейства губакветных з дробнымі белымі кветкамі і з лісцем, як у крапівы, але без пякучых валаскоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыві́ць, крыўлю, крывіш, крывіць; незак., што.
Рабіць крывым, перакошаным, выгнутым. Крывіць туфлі. // Перакошваць у грымасе (твар, губы, рот). Не то ад дыму вусны [Рыгор] крывіць і вока правае прыжмурвае, не то здалёк яшчэ прабуе ўсміхацца Аўдолі. Крапіва. «Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы. Колас.
•••
Крывіць душой — быць няшчырым, наўмысна не гаварыць праўды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лахмо́цце, ‑я, н., зб.
1. Старое, паношанае або падранае адзенне. Вецер торбачкі іх трос, Як шалёны, выў, смяяўся, Біў у твар і з ног скідаў Ды ў лахмоцце забіраўся. Колас.
2. Шматкі, абрыўкі чаго‑н. [Жэня:] — Вечна ў цябе ад карткі застаецца адно лахмоцце... Васілевіч. Над возерам навісае лахмоцце цёмна-шэрых восеньскіх хмар. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясве́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў з цягам часу свежасць, свае натуральныя якасці. Нясвежыя прадукты.
2. перан. Пазбаўлены свежасці, яркасці. Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
3. Які доўга насілі; заношаны, брудны. З-пад расшпіленага каўняра кіцеля ў хлопца, віднелася нясвежая цяльняшка. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)