сірата́, ‑ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.
Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.
•••
Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.
2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.
3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да стукнуцца.
2. Стукаючы (у дзверы, акно), прасіць дазволу ўвайсці куды‑н. [Пляменніца:] — Ноччу з’явіліся паліцыянты, доўга стукаліся. Машара. [Хлопчык:] — А дарогу замяло, дык усе стукаюцца да нас. Бажко. // перан. Спрабаваць знайсці доступ куды‑н.; хадзіць, звяртацца да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. просьбай. Калі жыхары Гарадоцкага павета, асабліва сяляне, кідаліся ў пошуках кавалка хлеба, то першым горадам, у вокны якога яны стукаліся, быў Піцер. Дуброўскі. Куды ні хадзіў бацька, да якіх начальнікаў ні стукаўся, нічога не памагала. .. Тады [у час вайны] ўсё было на вагу золата, і аконныя рамы таксама. Васілёнак. // перан. Даваць знаць пра сябе. У сэрца стукаюцца чыстыя, як неба, жаданні. Лынькоў. Яшчэ не ўсведамляў Жарнавік па-сапраўднаму сваёй трывогі, якая стукалася ў сэрца. Пестрак.
•••
Стукацца ў дзверы — звяртацца да каго‑н. з просьбай аб чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.
2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.
3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.
[Грэч. taktike.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьмець, ‑ее; незак.
Разм.
1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.
2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.
3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.
1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.
2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.
3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.
2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні, часціца і злучн.
1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў адмоўных сказах, указваючы на поўную адсутнасць чаго‑н. На небе ні хмурынкі. □ Сяло.. праехалі хутка — навокал ні душы. Ставер. — Ваша праўда, — заглянуўшы ў кабіну, механік развёў рукамі. — У баках ні кроплі гаручага! Алешка. // Узмацняе адмоўе. Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі. Чарнышэвіч. [Міхля:] — Нідзе нікога, ні аднаго чалавека. Баранавых.
2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў даданых сказах, каб падкрэсліць, што дзеянне галоўнага сказа захоўвае сваю сілу пры любых абставінах. Куды ні глянь — усё сэрцу родна. Гурло. Як ні шукалі партызаны Хведара Дудзько, нідзе не знайшлі. Пестрак. [Міканор:] — Як бы ні працівіліся халады, а прырода сваё возьме. Кулакоўскі. // Узмацняе або абагульняе пры аднародных членах сказа папярэднія сцвярджальныя сказы. Тоця так і жыве з таго часу адна — ні ў жонках, ні ў дзеўках. Ракітны.
3. часціца адмоўная. Ужываецца ў спалучэнні з Р назоўнікаў у безасабовых адмоўных сказах пры катэгарычнай забароне якога‑н. дзеяння. Ні слова больш! Стой! Ні кроку ўперад. // (у спалучэнні «ні-ні»). Абазначае: а) катэгарычную забарону якога‑н. дзеяння. — Ты, Міхась, толькі — маўчок пра Валю, — сказаў Тарас, прыклаўшы палец да губ, — і пра пісьмо, што яна мне напісала, — ні-ні... Якімовіч; б) поўную адсутнасць якой‑н. дзейнасці. Лепшае каровы не было, бадай, ва ўсіх Кузьмічах.. У шкоду ні-ні. Б. Стральцоў.
4. злучн. пералічальны. Ужываецца ў адмоўных сказах пры пералічэнні: а) пры наяўнасці адмоўя. Ужо не чуваць ні стуку колаў, ні гоману. Пестрак. Не, не даедуць тыя грузавікі ні за восем гадзін, ні за восем дзён! Мележ. Ні бацька, ні брат дамоў не вярнуліся. Якімовіч; б) пры ўяўным адмоўі. Прыйшлі людзі з лесу на голае месца: ні хаты, ні хлеба, ні жывёлы, ні інвентару. Крапіва. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.
•••
Ні на ёту гл. ёта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
душы́цца 1, душуся, душышся, душыцца; незак.
1. чым і ад чаго. Задыхацца (ад кашлю, смеху, слёз і пад.). Душыўся .. [Міхалкаў бацька] кашлем доўга, аж заходзіўся. Чорны. На беразе стаялі Алік і Валерык і аж душыліся ад смеху. Шашкоў. // Прагна, паспешліва есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Чорны. // перан. Разм. Карміцца аднастайнай ежай (звычайна нізкаякаснай). Душыцца поснай бульбай. // перан. Цяжка і многа працаваць. На пятнаццаць гадзін з дня ў дзень душылася [маці] на фабрыцы за кавалак хлеба. Якімовіч. // перан. Разм. Жыць у цеснаце. — Багацейшая ды мацнейшыя сем’і ўжо ў хатах. Ну і мне надакучыла ў зямлянцы душыцца з сям’ёй. Чарнышэвіч.
2. Штурхацца ў цеснаце, у натоўпе. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.
3. Зал. да душыць 1 (у 1, 6 знач.).
душы́цца 2, душуся, душышся, душыцца; незак.
Апырсквацца або націрацца духамі, адэкалонам. Душыцца адэкалонам. Часта пачаў душыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дый, злучнік.
Разм.
1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.
•••
Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды 1).
Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)