адбі́цца, адаб’ю́ся, адаб’е́шся, адаб’е́цца; адаб’ёмся, адаб’яце́ся, адаб’ю́цца; адбі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Тое, што і адламацца, адкалоцца.

Ручка кубка адбілася.

2. Даць адпор, абараніцца; вызваліцца; пазбавіцца.

А. ад ворага.

3. ад каго-чаго. Адстаць ад тых, з кім быў разам (разм.).

А. ў дарозе ад кампаніі.

4. ад каго-чаго. Парваць сувязь з кім-, чым-н., перастаць рабіць што-н., займацца чым-н. (разм.).

А. ад дому.

А. ад вучобы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамяні і пад.).

Крык адбіўся рэхам у гарах.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні.

Дрэва адбілася ценем у вадзе.

7. перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях.

У лірыцы адбілася жыццё людзей.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Атрымаць вонкавае праяўленне, выявіцца (пра пачуцці, стан і пад.).

Трывога адбілася на твары жанчыны.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабой якое-н. пачуццё; адазвацца; захавацца ў памяці.

Родныя далягляды навек адаб’юцца ў душы.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), на кім-чым. Зрабіць уздзеянне, уплыў на каго-, што-н.

Цяжкая праца адбілася на здароўі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пакінуць адбітак.

На пяску адбіліся сляды ног.

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, падпарадкоўвацца.

|| незак. адбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стаць, ста́ну, ста́неш, ста́не; стань; зак.

1. Устаць, прыняць вертыкальнае становішча.

Пасля хваробы дзед не мог с. на ногі, ляжаў у ложку.

2. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, прадпрыемствы і інш.).

Гадзіннік стаў.

3. Ступіўшы на якое-н. месца, спыніцца на ім стоячы.

Стань ля акна.

4. Узяцца за якую-н. работу, дзейнасць (у адпаведнасці са значэннем наступнага назоўніка).

С. за варштат.

С. на абарону інтарэсаў.

С. на чале каманды.

5. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам.

Сонца стала над галавой.

6. Часова размясціцца дзе-н. (на стаянку, пастой, адпачынак).

С. на пастой.

С. на папас.

7. Размясціцца на якім-н. месцы (пра прадметы).

Шафа ў гэтым куце не стане.

8. Узнікнуць, з’явіцца.

Праз год-другі тут стане новы пасёлак.

9. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца.

Каб чаго дрэннага дома не стала.

10. Заступіцца за каго-н.

За брата трэба с. гарой.

11. безас., з адмоўем. Перастаць існаваць; памерці.

Ужо год як цёткі не стала.

12. кім-чым, якім і безас. Ужыв. як дапаможны дзеяслоў у саставе выказніка ў знач. зрабіцца, ператварыцца.

Ён стаў журналістам.

На дварэ стала цёпла.

13. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў сэнсе пачаць.

С. касіць.

С. чытаць лекцыі.

14. Замерзнуць (пра раку).

Рака стала.

Валасы сталі дуба — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім-н.

Ні стаць, ні сесці — няма дзе павярнуцца.

Стаць на дыбкі (разм.) — рэзка запярэчыць.

|| незак. станаві́цца, -наўлю́ся, -но́вішся, -но́віцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзов ’пачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́другі дзень вяселля’, пере́звы ’апошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязмэтна хадзіць, гуляць. Блукаць па лесе. Блукаць па пакоях. □ За сялом, за гарой, Ад змяркання блукаю да раніцы. Гілевіч. З гадзіну блукалі мы па вуліцы, прыглядаючыся к сотням машын, што стаялі ля тратуара. Лынькоў. // Перамяшчацца, знаходзіцца ў руху, узнікаць і прападаць. Блукаюць цені. На вуснах блукала ўсмешка. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак. Наперадзе, недзе далёка, блукалі невядомыя агні. Лупсякоў.

2. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках каго‑, чаго‑н. Блукаць па свеце. □ Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. Міцю маркотна. Ні разу сёлета не блукаў па грыбовішчах. Навуменка. [Мужчыны] доўга блукалі па балоце, абрасіліся наскрозь і, мокрыя, стаялі цяпер у нерашучасці. Пальчэўскі.

3. перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся на чым‑н. (пра погляд, вочы, думкі). Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зба́віць 1, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., што.

1. Адняць (якую‑н. частку) ад агульнай колькасці, вагі і пад. Збавіць кілаграм вагі.

2. таксама чаго. Зменшыць велічыню або колькасць чаго‑н.; убавіць. Збавіць цану. Збавіць крок (пайсці цішэй). Збавіць вагі, у вазе (пахудзець). □ Нам нічога не аставалася, як толькі збавіць ход, каб ненарокам не перакуліць лодку. Сачанка. // Зменшыць сілу чаго‑н.; аслабіць, знізіць. Збавіць тон. □ Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей.

•••

Збавіць газ — зменшыўшы наступленне гаручага, сцішыць ход машыны.

зба́віць 2, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., каго-што.

Памагчы пазбегнуць каго‑, чаго‑н.; пазбавіць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Збавіць ад бяды. Збавіць душу ад пакут. □ Адзіны выхад іх ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.

•••

Божа збаў гл. бог.

зба́віць 3, збаўлю, збавіш, збавіць.

Зак. да бавіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

1. Цалкам расплаціцца з кім‑н. (за работу, за тавар і пад.). Разлічыцца з афіцыянтам. □ [Заранік], устаўшы з-за стала, падзякаваў і памкнуўся быў разлічыцца за начлег, але цётка Марта так энергічна накінулася на яго, што ён выхапіў, нібы апараную, руку з кішэні, куды палез па грошы. Хадкевіч. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н.; звесці рахункі з кім‑н. Калі здаралася, што хто-небудзь крыўдзіў Толіка, ці яго кацянё, Алёша, як віхор, налятаў на віноўніка, гатовы з ім сурова разлічыцца. Васілевіч. // перан. Адмовіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Разлічыцца з ілюзіямі.

2. Разм. Звольніцца, узяць разлік. Разлічыцца на рабоце. □ — Вунь, стрыечны брат твайго мужа, бадай, як і ты, гадоў дзесяць пражыў у Мінску, а цяпер разлічыўся на заводзе і з усёй сям’ёй прыехаў сюды. М. Ткачоў.

3. Зрабіць разлік у страі. Капітан Ігнатаў загадаў разлічыцца па парадку. Алешка. — На першы-другі разлічыцца!.. Здвоіць рады! Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слупо́к, ‑пка, м.

1. Памянш. да слуп (у 1, 2 знач.); невялікі слуп. Сціплы слупок з чырвонай зорачкай на версе гаварыў, што тут магіла. Шыцік. Пры вуліцы тырчалі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плота. Мележ.

2. Маса рэчыва, якая пабыла форму стаячага стрыжня, палачкі. Слупок ртуці. Слупок тэрмометра. □ Апусціце мармышку разоў пяць запар на дно і пастарайцеся ўзняць ёю некалькіх слупкоў муці. Матрунёнак. / Пра пастаўленыя, пакладзеныя адзін на другі невялікія прадметы. На стале .. роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін.

3. Калонка кароткіх радкоў у газеце, часопісе і пад., якія размешчаны адзін пад другім. Кожны дзень пасля працы [Міхалка] бягом пускаецца ў клуб, упіваецца ў газетныя слупкі... Бядуля. // Рад лічбаў, слоў, напісаныя адно пад другім. Слупок прозвішчаў. □ Сёння тата працуе недалёка ад дому. Прыйшоў паабедаць і пытаецца ў Тараскі: — Урокаў шмат задалі? — Не, тата, адну задачку і два слупкі прыкладаў. Юрэвіч.

4. У батаніцы — частка песціка паміж рыльцам і завяззю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.

2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.

3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.

4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.

5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)