бо́кам, прысл.
1. Плячом уперад, павярнуўшыся напалавіну. Айцец Амброзіо сядзеў у сваім маленькім кабінеціку ля пісьмовага стала, бокам да дзвярэй. Маўр. Гаспадыня.. бокам усунулася ў пакой. Бядуля.
2. Разм. Не прама, крыва. Ды граблі-пальцы, як чужыя.. Пяро трымаюць бокам, крыва І водзяць ручку баязліва. Колас.
3. Разм. Кружным шляхам, у абход. І тады зрабілася ясна — хмара пройдзе бокам. Карпаў. // перан. Не непасрэдна, праз пабочных асоб. [Андрэй] бокам дачуўся, што бацька жыве, як і раней. Галавач. — Праўда, і грошы не малыя: тысяч з восем набярэцца, — паведамляе першы, спадзеючыся хоць бокам дазнацца, як паставіцца да такой сумы галоўбух. Скрыган.
•••
То бокам то скокам — як выпадзе, як давядзецца, пераадольваючы цяжкасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад варыць.
2. у знач. прым. Прыгатаваны пры дапамозе варкі. Вараная бульба. □ На ўсю хату запахла варанай капустай. Ваданосаў.
3. у знач. наз. ва́ранае, ‑ага, н. Тое, што зварана для яды. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бядуля.
•••
Ні печаны ні вараны гл. печаны.
вараны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Чорны (звычайна пра масць коней). Спацелы вараны стаеннік нервова грыз цуглі. Шамякін.
2. у знач. наз. вараны́, ‑ога, м. Конь такой масці. А калі ў ясны поўдзень Не вярнуся зноў, З поля бітвы сцежку знойдзе Вараны дамоў. Танк.
•••
Пракаціць на вараных гл. пракаціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.
Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.
[Ад цюрк. кара — чорны.]
ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.
1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.
2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаль, ‑ю, м.
1. Пачуццё жаласці, спагады, выкліканае чыёй‑н. пакутай, няшчасцем. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Бядуля. Пачуццё жалю да пакрыўджанага лёсам хлопца перарастае ў пачуццё кахання. Шкраба.
2. Пачуццё горычы, смутку, тугі з прычыны страты каго‑, чаго‑н. Мацярынскі жаль. □ Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.
3. Пачуццё засмучэння, шкадавання. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравік. Скрыпка.
•••
На (вялікі) жаль (у знач. пабочн.) — ужываецца, каб выказаць шкадаванне з прычыны чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мля́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.
2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.
3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наадваро́т, прысл.
1. У адваротным напрамку. Прачытаць слова наадварот.
2. Зусім інакш, не так, як трэба. Зрабіць усё наадварот. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. Лена адчыніла акно. Ад гэтага ў пакоі не стала халадней. Хутчэй наадварот: ноч была цёплая. Ваданосаў.
3. у знач. пабочн. У процілегласць таму, што сказана. Старыя злаваліся, а мы, наадварот, радаваліся. Якімовіч. Аксану больш за ўсё на свеце цікавіла свая сям’я, гаспадарка.. Люба, наадварот, цікавілася больш тым, што рабілася вакол. Васілевіч.
4. у знач. супраціўнай часціцы (у пачатку рэплікі). Зусім не. — Гэты ваш.. [знаёмы] не вельмі дасціпны чалавек, — сказаў Канстанцін Пятровіч. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — Наадварот, ён меў рацыю. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.
2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.
3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памі́ма, прыназ. з Р.
Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́сма, ‑ы, ж.
1. Некалькі нітак або валокнаў, складзеных удоўж. Пасма лёну, канапель. // Спец. Адна з частак, на якія дзеліцца маток пражы.
2. Пучок валасоў. Нэля моўчкі нахіліла галаву, пасма жаўтаватых валасоў упала на бледны лоб. Лупсякоў. Дома я застаю камлюкаватага, з сівымі пасмамі ў барадзе чалавека. Скрыган. // Пучок якога‑н. валакністага матэрыялу, шэрсці і пад. На каўняры растаў іней, і аўчына мокрымі доўгімі пасмамі ліпла да шчок. Пташнікаў. // перан. Пра што‑н., што прыняло выцягнутую прадаўгаватую форму; паласа чаго‑н. Пасма туману. □ Пасмы хмар збіраліся на небасхіле. Маўр. Пасмы святла заблудзіліся на аснежаным пляцы. Бядуля. У баку таварнай станцыі манеўровы паравоз пускаў пасмы дыму. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў прывычках, увайшоў у прывычку. Полаз і Вітушка паабедалі з прывычнай сялянскай паважнасцю. Шамякін. Пётра падышоў да сцірты і сказаў прывычнае «добры дзень». Пташнікаў. Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках. Скрыган. // Добра знаёмы, звычайны. Халасцяцкі пакой, пусты, .. па-роднаму прывычны, зараз здаваўся.. [Банжыну] чужым. Шыцік.
2. Які выпрацаваў прывычку да чаго‑н., прывык да чаго‑н. Але прывычны паляўнічы зрок Адгадваў сярод густой травы, Па росах збітых воўчыя сляды. Танк. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба. Бядуля. Упартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)