Прыва́тны ’які належыць пэўнай асобе’ (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ), прыва́тны, права́тны ’ўласны’, прыва́тне ’ўласна’ (смарг., паст., брасл., Сл. ПЗБ); ст.-бел. приватный, прыватный (з 1595 г.) са ст.-польск. prywatny (XVI ст.), якое, у сваю чаргу, з лац. prīvātus (Булыка, Лекс. запазыч., 33). Сюды ж прыва́та ’пабочны даход, асабліва за прыватныя ўрокі’ (Нас.), якое працягвае таксама запазычанае са ст.-польск. prywata < лац. privata; Булыка (Лекс. запазыч., 262) лічыць лацінскае слова непасрэднай крыніцай запазычання ст.-бел. прива́та ’асабістая выгада, прыватнасць’; параўн. таксама чэш. privát ’прыватная кватэра; прыватныя ўрокі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымкну́ць ’закрыць, зачыніць няпоўнасцю; прысунуцца блізка, шчыльна да чаго-небудзь; стаць прыхільнікам, удзельнікам у якой-небудзь справе’ (ТСБМ), ’замкнуць ненадоўга’, прымкну́ты ’тс’ (брасл., драг., Сл. ПЗБ), прымукну́ць, прымыкну́ць ’замкнуць ненадзейна’, прыму́кваць ’прымацоўваць’ (ТС); сюды ж з развіццём значэння ’далучыцца’ зваротнае прымкну́цца ’ўзяцца шчыра (за работу)’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да рэдкага мкнуць ’пацягнуць, ударыць дубцом’, ’кінуцца бегчы’, мкну́цца ’крануцца з месца; ударыцца; паткнуцца’ (Нас.), гл. мкаць. Усходнеславянскае ўтварэнне, параўн. рус. примкну́ть ’далучыцца’, дыял. примкну́ться ’далучыцца’, ’налегчы (на вёслы)’, укр. примкну́ти ’прычыніць, зачыніць няпоўнасцю; стаць прыхільнікам, паслядоўнікам чаго-, каго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпіна́ць1, незак. тр. да прыпя́ць ’прыхіліць; прымацаваць; зачыніць’ (ТСБМ) < пяць, пну (гл.). Сюды ж прыпіна́нне ’прывязванне’ (Байк. і Некр.), прыпіна́цца ’прыціскацца’ (тамсама). Укр. припи́ночка ’вяроўка, якой прывязваюць жывёлу на пашы’.

Прыпіна́ць2 ’настойваць узяцца за што-небудзь’; ’папракаць, упікаць, рабіць вымовы’ (Нас., Байк. і Некр.; шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж назоўнікі прыпіна́нне ’выгаворванне, упіканне’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпі́нкі ’папрокі’ (Нас.). Рус. кур. припина́ть ’прыгнятаць, уціскаць’, укр. припина́тися ’чапляцца з чым-небудзь да кагосьці’. Пераноснае значэнне дзеяслова прыпінаць1 (гл. папярэдняе слова); несумненна, паўплывала і семантыка дзеяслова ўпікаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустэ́ча ’пустата’ (Шат.), пусце́ча ’пустка, пусташ, пустаполіца’ (ТСБМ; ЛА, 2; чэрв., Сл. ПЗБ; любан., Нар. словатв.; Сл. Брэс.), ’неўрадлівае поле’ (Янк. 1, Жд. 1), пустэ́ча ’адзіноцтва, несуцешнасць’ (Варл.), ’несамастойны, несур’ёзны, пусты чалавек’ (маг., Янк. Мат.; Жд. 1., Янк. 1), пусце́ча ’пусты, бяздумны чалавек; распуста’ (ТС, Ян.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182, 187–188) на аснове адпаведнасці серб.-харв. пустоћа ’пустата’, славен. pustoča ’тс’ рэканструюе *pustotja ў якасці праславянскага дыялектызма; формы з палаталізацыяй, распаўсюджаныя пераважна на ўсходнім Палессі, хутчэй за ўсё, другасныя, узнятыя ў выніку адштурхоўвання ад украінскай дэпалаталізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разгара́чыцца ’раскірачыцца’, разгара́ка ’раскірака’ (слонім., Нар. словатв.), розґара́ґа ’скрыўлены ад хваробы чалавек’ (драг., Нар. лекс.), разгіра́чыцца ’шырока расставіць ногі’ (ваўк., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’расхінуцца’ (Сцяшк.). Не зусім яснае слова. Хутчэй за ўсё, гэта фанетычны варыянт слова раскара́чыцца ’шырока расставіць ногі’, раскара́ка ’чалавек з няўклюдна расстаўленымі нагамі’, ’нешта няўклюднае, нязграбна выгнутае, растапыранае’ (гл.) са зменай кг у інтэрвакальным становішчы. Сюды ж розґірэ́йда ’чалавек вуглаваты, няскладны, з крывымі нагамі’ (драг., Нар. лекс., пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 271), разґірэ́ка ’раскірэка’ (ваўк., Сл. ПЗБ), разгірэ́ня ’разявака’ (Сцяшк.), разгірэ́к ’беспарадак’ (Юрч. СНЛ). Гл. разгірака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамі́знік ’фурман наёмнага экіпажу’ (ТСБМ), ’лёгкая фурманка для перавозкі пасажыраў’ (Варл.). Відаць, ад ням. Remise, якое можа азначаць ’сховішча для пэўнага транспарту’, што з франц. remise ’тс’ < re‑mettre ’адкладаць, захоўваць’, звязанае з лац. mitto/mittere ’кідаць’ і ’пасылаць’. Хутчэй за ўсё праз польск. remiza ’вазоўня’, параўн. чэш. remiz ’карэтня’, ’месца, дзе стаяць вазы’. Адсюль рамізнік — ’той, хто працаваў у вазоўні, абслугоўваў экіпажы’. Больш позняе ўтварэнне рамі́знік ’чалавек, які званіў у час пажару’ ад польск. remiza ’пажарнае дэпо’: былі такія рамізы… рамізнік быў напагатове і званіў (чэрв., Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рано́м выкл. у віншавальнай песні: “Da, czyjaż swecza jaśniej horyt? Ranom, ranom!” (пін., Кольб.). Паводле Р. Зянкевіча, які запісваў песню, “выклічнік гэты… з апошняй доўгай галоснай, паўтараюць і ў іншых вясельных і паслявясельных песнях, але не могуць растлумачыць”; ён спрабуе звязаць яго з назвай бажка Porenutis’а ў старажытных славянскіх жыхароў Ругіі (цяпер востраў Руген) ці з племянной назвай Ranów, што сумніўна. Хутчэй за ўсё, ад *рало́м ’тс’, параўн. ралешнікі (гл.), якое можа паходзіць ад песеннага рэфрэну тыпу каш. rolol, што ўзыходзяць да першасных інтэр’екцый, параўн. SEK, 4, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салда́т ’радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. солда́т ’тс’, якое вядома з 1515 г.; запазычана праз зах.-еўр. мовы (ням. Soldat, франц. soldat і г. д. з італ. soldato ад soldare ’наймаць’); Праабражэнскі, 2, 352; Клюге, 568; Фасмер, 3, 709. З рус. і салдафо́н ’ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек’ (ТСБМ); у рус. з солдат пад уплывам уласнага імя Агафон, гл. Фасмер, там жа. Ст.-бел. салдатъ (1710 г.) з той жа крыніцы (Булыка, Лекс. запазыч., 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свідзе́цель (свідзе́ціль) ‘сведка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), свідзі́цель ‘тс’ (Ян.). Хутчэй за ўсё, запазычана з рус. свидете́ль ‘тс’; аднак не выключана захаванне стараж.-рус., ст.-слав. съвѣдѣтель ‘відавочца’, пры змене ѣ > и пад уплывам видѣти (Фасмер, 3, 577), параўн. ст.-слав. засъвѣдѣтельствовати ‘пасведчыць’ і ст.-бел. свидетельствуетъ (1489 г.), тут, згодна з Карскім (1, 216–217), сутыкаемся з “огласовкой” кораня вид‑ замест вѣд‑, дзе и выклікана дысіміляцыяй з наступным складам і ўплывам асноў на ‑і, параўн. ст.-бел. видити, сѣдити і пад. Сной (Бязлай, 3, 347) мяркуе пра зыходны паралелізм. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сты́рыць ‘стаяць, прысутнічаць, дыжурыць’ (Варл.), ‘украсці’ (Яўс., Мат. Гом.), сту́рыць, сты́рыць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, сюды ж стыря́тысь ‘здохнуць, памерці (пра пчол)’ (драг., Жыв. св.). Параўн. рус. сты́рить ‘дражніць; украсці; спрачацца, сварыцца’, сты́ра ‘хто любіць спрачацца’, ‘сонная гультаяватая кабета’, укр. дыял. сти́ра ‘напасць; спакуснік’, а таксама каш. stořëc ‘хваліць, маніць, ашукваць’. Няясна; ненадзейныя параўнанні з ісл. styr ‘вайна’ (Шымк. Собр.), с.-н.-ням. stûr ‘неслухмяны, непакорлівы’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 789; ЕСУМ, 5, 416. Хутчэй за ўсё, звязана чаргаваннем з настырны (гл.). Борысь (SEK, 4, 364–365) мяркуе пра сувязь з *strčati, гл. стырчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)