агнявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.

2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.

3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.

4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.

5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.

•••

Агнявая заслона гл. заслона.

Агнявая кропка гл. кропка.

Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).

Агнявы рубеж гл. рубеж.

Агнявыя сродкі гл. сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

службо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. □ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. □ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. □ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.

1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.

2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.

3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.

•••

З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.

З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).

Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэа́тр, ‑а, м.

1. Род мастацтва, у якім жыццё адлюстроўваецца праз драматычнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом. Драматычны тэатр. Тэатр оперы і балета. Музычны тэатр. Тэатр сатыры. □ Беларускі тэатр мае сваю багатую гісторыю развіцця ад першапачатковых форм (скамарохаў, народнай брамы, лялечнага тэатра — «батлейкі») да стварэння ў савецкі перыяд першакласных прафесійных тэатраў Савецкага Саюза. «Беларусь». Паяўленне камедыі «Паўлінка» стала важнай вяхой у гісторыі развіцця беларускага тэатра. Ярош.

2. Установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі. Працаваць у тэатры. □ Усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Можна верыць, што гэты тэатр хутка будзе, бо талентаў тут вельмі многа. Кулакоўскі.

3. Будынак са сцэнай і залай для гледачоў, дзе адбываецца тэатральны паказ, а таксама сам паказ, спектакль. Прыгожа прыбраная вала гарадскога тэатра з раніцы пачала запаўняцца людзьмі. Васілевіч. / у перан. ужыв. Разм. [Сімон:] — Ну, што ж, Арцём!.. Можа і сёння ты будзеш паказваць тэатры і абражаць маё імя перад людзьмі, якія нічога не ведаюць? Самуйлёнак.

4. перан.; чаго. Месца, дзе разгортваюцца, адбываюцца якія‑н. значныя падзеі, ваенныя дзеянні і пад. За два гады вайны я добра вывучыў геаграфію тэатра ваенных дзеянняў. Навуменка.

5. Кніжн. Сукупнасць драматычных твораў (пісьменніка або літаратурнай школы). Тэатр Астроўскага.

•••

Акадэмічны тэатр — ганаровая назва, якая прысвойваецца ўзорным дзяржаўным тэатрам.

Анатамічны тэатр — памяшканне, у якім праводзяцца заняткі па анатоміі.

Зялёны тэатр — летні тэатр, размешчаны ў зялёнай зоне, парку і пад.

Кірмашовы тэатр гл. кірмашовы.

[Ад грэч. théatron — месца для відовішча; відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узрасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. узрос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Вырасці, стаць дарослым, сталым. А потым узрос і Пятрок, астаўся пасля школы дома, у брыгадзе. Жук. За доўгі час набраўся сілы [волат], Загартаваўся і ўзрос. Журба. // Узгадавацца, вырасці; развіцца ў якіх‑н. умовах. Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос. Кірэенка. Пэўна, ты [лось] застаўся без ласіхі, Без бацькоўскіх сцежак і бяроз, Сірацінай выгнанай узрос? А твой запаведнік ціхі-ціхі Полымем узняўся да нябёс? Бялевіч. / у перан. ужыв. І трэба дзівіцца, што .. [літаратура Заходняй Беларусі] хутка змагла акрыяць, адрадзіцца і ўзрасці. Гіст. бел. сав. літ. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узышоўшы, вырасці (аб раслінах). Ля садочку канюшына Узрасла і расцвіла. Ставер. Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Травы няма: тая, што сям-там узрасла, .. зжухла і зжоўкла. Сачанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў памерах, аб’ёме, сіле і пад., зрабіцца большым. Узраслі фонды зарплаты. Узрос аб’ём будаўніцтва. Узрасла прадукцыйнасць працы. // Узнікнуць, з’явіцца; павялічыцца ў памерах (пра гарады, будынкі і пад.); разрасціся. Каменным золатам ты [Мінск] да нябёс узрос. Хведаровіч. Тут заводы ўзраслі, Новых фабрык тут шмат... Сёння ёсць чым у нас ганарыцца. Журба. // Павысіцца. Узрос культурны ўзровень. Узрасла актыўнасць. □ У гэтых вершах відаць, як узрасла грамадзянская адказнасць паэта, яго вострая непрымірымасць да двурушнікаў, прыстасаванцаў. Клышка. // Стаць больш значным. Узрос аўтарытэт арганізацыі. □ Папулярнасць і павага [Гая] сярод чырвонаармейцаў узрасла яшчэ больш. Машара. Пятрусь Броўка .. імкнуўся ісці ў рэчышчы, пракладзеным Купалам і Коласам. Сёння гэтыя імкненні яшчэ больш узмацніліся і ўзрос, зразумела, прыліў творчых сіл. Ярош. // Узмацніцца, стаць гучнейшым (пра гукі, голас і пад.). Ад ціхай замаруджанасці начы, рэдкага няроўнага трамвайнага гулу, які заміраў, не паспеўшы ўзрасці, .. было нязвыкла трывожна па душы. Хадановіч. / Пра пачуцці, стан і пад. У напружаным чаканні Сэрца кожнага жыло. Хутка шэсць. І хваляванне Над радамі ўзрасло. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сон 1, сну, м.

1. Фізіялагічны стан спакою арганізма, пры якім поўнасцю або часткова спыняецца работа свядомасці і аслабляюцца некаторыя фізіялагічныя працэсы. Хіліць да сну. Адагнаць сон. Прачнуцца ад сну. □ Сон валіў усіх; з чорнага неба цадзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. Мележ. Толькі на досвітку Сідар супакоіўся і заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў. Гартны. / Аб жаданні або магчымасці ўпадаць у гэты стан. [Булай:] — А як у вас сон? Нармальны? [Алесь:] — Не скарджуся. Шыцік. Не пытайся ж, маці, Не пярэч ты выйсці: І цябе ў семнаццаць Сон не браў калісьці. Гілевіч. // Спячка (пра жывёлін). Зімовы сон мядзведзя. // перан. Зімовы спакой, здранцвенне прыроды. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі, Ад сну гаі, лясы будзілі І людзям душу весялілі. Колас. Яблыні, ахутаныя інеем, Да вясны заснулі моцным сном. Смагаровіч. // перан. Пра пасіўнае існаванне каго‑, чаго‑н. Народу, абуджанаму ад векавога сну, патрэбны былі выражальнікі яго дум і пачуццяў. Ярош. Беларускі народ Скінуў цяжкі свой сон, Сталі явай адвечныя мары. Журба.

2. Тое, што сніцца. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін. Ноччу мне прысніўся.. страшны сон — вайна. Карпюк. // Пра што‑н. ілюзорнае, незвычайнае. Гэта былі не вёдры, не начоўкі, не лыжкі, а дзіўны сон пекных форм. Бядуля. // Пра мару, летуценне. Чакаюць людзі свайго свята, Ажыццяўлення сваіх сноў. Колас. Ёсць настроі... А ў іх — пералівы. Ёсць часіны — здаюцца сном. Лявонны. Яваю стапецца сон мільёнаў. Купала.

•••

Летаргічны сон — тое, што і летаргія.

Багатырскі сон — моцны сон.

Выбіцца са сну гл. выбіцца.

Забыцца сном (у сне) гл. забыцца.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

І ў сне не снілася гл. сніцца.

Праз (скрозь) сон — у час сну.

Са сну — толькі што прачнуўшыся.

Сон у руку (жарт.) — пра сон, які спраўдзіўся.

Спаць вечным сном гл. спаць.

Спаць мёртвым сном гл. слаць.

Як (нібы) праз (скрозь) сон — няясна, невыразна. Бацькоўскую хату і бацькоў памятаю нібы праз сон. Бядуля. — Чуеш, дзед, як вада шуміць у сенцах? — Чую, дык што? — як праз сон адказаў Яўсей. Пальчэўскі.

Як у сне — пра стан чалавека, які паглыблены ў свае думкі і нічога не заўважае вакол сябе. Да самай пятніцы [Гендарсан] жыў як у сне. Чарнышэвіч.

сон 2, сну, м.

Травяністая расліна сямейства казяльцовых з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну. Ніколі не бачыла, як расце сон — буйныя ліловыя званкі на крохкіх калматых ножках. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́ць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.

1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені. Колас. Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку. Васілевіч. Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном. Якімовіч. / Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып. // перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка. Машара. З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна. Навуменка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Зарэцкі. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ. Брыль. Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору. Арабей. / Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг. Чорны. // Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся. Галавач. // Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці. Даніленка.

3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе. Панчанка. // перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца. Карпюк. Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале. Лойка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага. Дуброўскі. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам. Чарнышэвіч. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі. Астрэйка. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму. Карпаў. Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара. Пташнікаў.

5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс. Ставер. [Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Лынькоў. Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села. Асіпенка. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам... Савіцкі. Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі. Бядуля. // перан. Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі. М. Ткачоў.

6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон. Гартны. Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік. Мяжэвіч. З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку. Кухараў. // Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра. Ракітны. Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела. Корбан. З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай. А. Александровіч. // Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў. Паўлаў. Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў. Колас. За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі. Мікуліч. // перан.; на што. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Ярош. Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну. Новікаў. У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ. Звонак.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Броўка. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар. Зарэцкі. Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром. Ляўданскі. Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Дубоўка. / Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст. Быкаў.

8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека. Сташэўскі. За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах. Калачынскі. Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны. Хадкевіч. // З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты. Купала. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. // Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі. Сяркоў. // перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах. Дуброўскі.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература. Рамановіч. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі. Юрэвіч. // Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача. Хадкевіч. // перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Чарнышэвіч.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі. Пятніцкі.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна. Дубоўка.

•••

Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)