со́нечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сонца (у 1 знач.). Сонечны прамень. Сонечнае цяпло. Сонечная энергія. Сонечнае зацьменне. □ А сосны да неба ўзнімаюць галіны, нібыта вітаючы сонечны ўсход. А. Вольскі. // Які грунтуецца на скарыстанні энергіі Сонца. Сонечны рухавік. Сонечная ванна.

2. Такі, калі свеціць сонца, з сонцам. І калі запахне кропам, тады, здаецца, устае ўваччу сонечная-сонечная раніца, калі трапечуцца кропелькі расы на кветках. Лынькоў. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Надвор’е было сонечнае. Кавалёў.

3. Які асвятляецца сонцам; асветлены сонцам. Сонечная паляна. Сонечны пакой. □ Раніцаю мокры вецер біўся з лесу ў сонечнае акно. Чорны. Над Свіслаччу, Дзе малады барок Вяршалін пікамі блакіт папоркаў, Цвіце нясмелым цветам чабарок, Паслаўшыся на сонечным пагорку. Калачынскі. Пасля цемры і вільгаці, што панавалі ў пячоры, на сонечным беразе было асабліва хораша. Бяганская.

4. перан. Радасны, светлы, шчаслівы. Жывём у сонечнай краіне І будзем жыць у добры час, Дзе праўда ясная не гіне, Дзе праўдзе служыць кожны з нас. Купала. // Які выяўляе радасны настрой. Добрай раніцы, чароўная чарцёжніца з сонечнай усмешкай! Васілёнак.

5. Падобны колерам на сонца; ярка-жоўты. Сонечны колер — след таго, што будынкі яшчэ свежыя, новыя. Скрыган.

•••

Сонечнае спляценне гл. спляценне.

Сонечная сістэма гл. сістэма.

Сонечны гадзіннік гл. гадзіннік.

Сонечны ўдар гл. удар.

Сонечныя плямы гл. пляма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́цер, ветру; мн. вятры, ‑оў; м.

Паветраная плынь гарызантальнага напрамку. Моцны вецер. Паўднёвы вецер. Подых ветру. Узняўся вецер. Энергія ветру. □ Пахілага дрэва вецер не ломіць. Прыказка.

•••

Ад (з) ветру валіцца гл. валіцца.

Ветрам падшыты (падбіты) гл. падшыты.

Ветрам пайсці гл. пайсці.

Вецер гуляе (у кішэні, гумне і пад.) — нічога няма.

Вецер знёс — пра таго, хто невядома дзе дзеўся, каму не сядзіцца дома.

Вецер носіць (ганяе) — пра таго, хто невядома дзе ходзіць.

Вецер (гуляе) у галаве; гуляй-вецер у галаве — пра легкадумнага, несур’ёзнага чалавека.

Вецер у спіну каму — тое, што і з лёгкім ветрам.

Вецер ходзіць дзе — пра адчуванне руху паветра ў пакоі, памяшканні.

Выкінуць (грошы) на вецер гл. выкінуць.

Вятры яго ведаюць — нікому невядома.

Да ветру (пайсці) — пайсці па сваёй патрэбе.

З ветру вяроўку віць гл. віць.

З лёгкім ветрам — гавораць таму, хто хоча пайсці, каб сказаць, што яго не стануць затрымліваць, што ён нікому не патрэбен.

Кідаць на вецер што гл. кідаць.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Куды вецер дзьме (хіліць) — не мець самастойнасці ў поглядах, прытрымлівацца поглядаў большасці.

На ўзвей вецер (пусціць) — а) тое, што і пусціць на вецер; б) дарэмна, непрадумана.

Пусціць (пайсці) на вецер (з ветрам) гл. пусціць.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

У ветры на калу — пра што‑н., што стаіць адзінока наводшыбе.

Хоць з ветрам пусці гл. пусціць.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Як ветрам змяло гл. змесці.

Як у полі вецер — легкадумны, пусты, ветраны.

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) — форма выражэння здзіўлення пры сустрэчы з кім‑н. у нечаканым месцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)