мітрэ́нга, ‑і, ДМ ‑рэнзе, ж.

Разм. Трывога, неспакой, сумятня, разлад. Там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга. — Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа. Васілевіч. [Грасыльда:] Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы .. [Бацьку] у штаб да Міхала цягалі, на калені ставілі, аўтамат чорны да грудзей прыстаўлялі. Пташнікаў. Мітрэнга цэлая ўзнялася пасля слоў чарнявага.. Усе паўставалі, хто сядзеў. Ігнась паспрабаваў загаманіць, але яго не слухалі. Гаварылі ўсе. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ўдзень 1, ‑дня, м.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы. Вецер з поўдня. □ Стаўшы тварам да сонца, ён лёгка вызначыў для сябе захад, поўнач і поўдзень. Якімовіч. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Колас.

2. Мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам.

по́ўдзень 2, ‑дня, м.

Сярэдзіна дня. Туравец вярнуўся ў штаб брыгады пасля поўдня. Мележ. // У астраноміі — момант, калі цэнтр Сонца праходзіць цераз мерыдыян дадзенай мясцовасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Абмацваючы, адчуць наяўнасць чаго‑н. Намацаць запалкі ў кішэні. Намацаць цвёрдую глебу пад нагамі. Намацаць пульс. □ Грыбок ўпоцемку намацаў конаўку, зачарпнуў вады. Мележ. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Паслядовіч. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой. Галавач.

2. перан. Знайсці, адшукаць у выніку пошукаў. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як бераваку. Лобан. Штаб вырашыў намацаць.. найбольш слабае месца ў варожым кальцы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).

2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.

3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сякі́-такі́, сякая-такая, сякое-такое; займ.

Разм.

1. неазначальны. Некаторы. [Каменшчыкаў:] — Дык пройдзем да мяне, у штаб, там сякія-такія запісы ёсць. Гурскі.

2. неазначальны. Які папала; нязначны, няважны. [Міцька:] — Ды што ў нас за зброя была — сякі-такі кулямёт ды вінтоўкі. Брыль. Узяўшы ў рукі клуначак з сякой-такой адзежай і ўбачыўшы яшчэ меншыя клункі ў руках апранутых у дарогу браціка і сястрычкі, .. [Стася] з плачам кінулася да бацькі. Лось.

3. азначальны. Ужываецца замест пераліку якіх‑н. ацэначных слоў, характарыстык (звычайна з адмоўным адценнем). Ідуць чырвоныя палкі, І чуваць напеў стары: — Эх, сякі-такі, Чорт вас пабяры!.. Босыя спаткалі іх: Гоман, жарты, крык... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу. Назначыць дзяжурных. □ [Пан:] — Хітры ты чалавек, Палуян. Недарма цябе солтысам назначылі. Брыль.

2. Вызначыць загадзя тэрмін, час чаго‑н. Назначыць спатканне. □ Кангрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасля паўдня. Чорны.

3. Намеціць што‑н. зрабіць. Ніякай работы на гэты дзень.. [Раман] яшчэ не назначыў сабе. Колас.

4. Устанавіць (пенсію, утрыманне, прэмію і пад.). У канцы пісьма штаб палка прапанаваў.. назначыць сям’і памёршага пенсію. Чорны. // Устанавіць памеры платы. Назначыць цану.

5. Прадпісаць, рэкамендаваць выкананне чаго‑н. Назначыць лякарства. Назначыць вапны.

6. Прысудзіць (у якой‑н. гульні). Назначыць штрафны ўдар.

7. Паставіць знак, метку на чым‑н.; абазначыць. Назначыць меткай качанят. Назначыць дрэвы на высечку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыхтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Правесці папярэднюю работу для ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Падрыхтаваць даклад. Падрыхтаваць рукапіс да набору. □ Штаб злучэння падрыхтаваў план разгрому карнікаў. Шамякін. // Зрабіць поўнасцю гатовым, прыдатным для выкарыстання. [Плакс:] — Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць карэнне... Зарэцкі.

2. Даць неабходныя веды, навучыць для якой‑н. мэты. Падрыхтаваць навучэнцаў да экзаменаў. Падрыхтаваць спецыялістаў. □ Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Дзе іх узяць?.. Іх трэба толькі выявіць і падрыхтаваць. Якімовіч.

3. Настроіць адпаведным чынам для ўспрымання якой‑н. навіны, звесткі і пад. [Аня:] — А што, калі бацька будзе супроць нашага вяселля? Ты ж ведаеш яго, ён такі ўпарты. Яго трэба падрыхтаваць, угаварыць. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўно́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поўначы ​1; які знаходзіцца на поўначы, размешчаны на поўнач ад чаго‑н. Паўночны полюс. Паўночнае паўшар’е. Паўночны напрамак. Паўночнае лета. □ Там .. [Туравец] даведаўся, што штаб брыгады знаходзіцца непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ўскраіне. Мележ. // Які дзьме з поўначы (пра вецер). На дварэ дзьмуў рэзкі паўночны вецер. Якімовіч. // Уласцівы поўначы, характэрны для поўначы ​1 (у 1 знач.). Паўночная расліннасць.

•••

Паўночнае ззянне гл. ззянне.

Паўночны захад гл. захад.

Паўночны ўсход гл. усход.

паўно́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да поўначы ​2; які адбываецца, бывае ў поўнач. Я прачнуўся паўночнай парой. — Зуб на зуб не трапляе. Куляшоў. І якое можна суцяшэнне Ў паўночны час прыдумаць мне. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усе́сціся, усядуся, усядзешся, усядзецца; пр. усеўся, уселася; заг. усядзься; зак.

1. Сесці, размясціцца дзе‑н. (звычайна зручна, надоўга). Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі круг і, нахохленыя, уселіся на антэне. Карпаў. Пад дубам уселася цесна Брыгада, як штаб палявы. Калачынскі. Уладзік доўга масціўся на лавачцы, нарэшце ўсеўся, выставіўшы наперад крывую нагу. Кудравец. Антон Пятровіч выпіў квас, асцярожна паставіў на талерку пустую шклянку і зручней усеўся ў крэсле. Шашкоў. // Заняць месца для паездкі. Не кінуўся [Сагура] у кузаў, не — таптаўся ўсё ўбаку, чакаў хвіліны, пакуль не ўсядуцца ўсе. Ракітны. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца. Колас.

2. Прыняцца за якую‑н. справу ў сядзячым становішчы. Усесціся за чытанне газет. □ Хлопцы ўселіся вячэраць пры вогнішчы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

1. Папяровы пакунак, скрутак з чым‑н. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства. Колас. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян.. Тады тонкімі, зусім не мужчынскімі пальцамі афіцэр развязваў пакеты з фатаграфіямі і разглядаў іх, раскідаючы побач. Мікуліч.

2. Папяровы, поліэтыленавы і пад. мяшочак для прадуктаў. З вясёлым смехам і жартамі ўсе працягнулі рукі да пакета, бралі грушы, частаваліся. Дуброўскі.

3. Канверт з якой‑н. афіцыйна-дзелавой паперай. Сакрэты пакет. □ Камандзір палка перадаў мне пакет і загадаў адвезці яго ў штаб дывізіі. Хомчанка.

•••

Індывідуальны (перавязачны) пакет — спецыяльна ўпакаваная гатовая асептычная і антысептычная павязка для накладання на раны самім раненым або асобай, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу.

[Фр. paquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)