экіпа́ж 1, ‑а, м.

Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.

[Фр. équipage.]

экіпа́ж 2, ‑а, м.

1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».

2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.

[Фр. équipage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.

1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.

2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.

3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.

4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Складвацца, набываць пэўную форму, выгляд у выніку развіцця, росту. Сучасная паверхня Беларусі фарміравалася на працягу вялікага прамежку часу. // Развівацца фізічна. // перан. Набываць закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. В. Вольскі. Ігнась з рамана «Сын», таксама як і Рыгор з «Сокаў цаліны», паслядоўна фарміруецца ў рэвалюцыйнага барацьбіта. Перкін.

2. Складвацца, стварацца, арганізоўвацца (пра калектыў, групу, орган і пад.). [Сакольны:] — Усім вам, таварышы, вядома, што гэтая група фарміруецца не па загаду, а добраахвотна. Кулакоўскі. // Стварацца шляхам камплектавання людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра вайсковую часць). [Алёкса:] — Наша дывізія фарміравалася ў Валагодскай губерні, ваявала супраць англічан і амерыканцам. Машара.

3. Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку. — Браткі! — падышоў з цяжкай ношай Станіслаў. — Дзе фарміруецца поезд на Познань? Гурскі.

4. Зал. да фарміраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частка, часць, доля, доза / састаўная: кампанент, элемент, секцыя / звычайна яда: порцыя / укладзеных у якое-небудзь таварыства сродкаў: пай; часціна (разм.) / частка аплаты: рата (уст.); канец, звяно (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

раз’е́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’язджаць; паездка. Калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Чорны. На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. Броўка.

2. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. раз’язджацца — раз’ехацца (у 1 знач.).

3. ‑у. Невялікая конная часць (не болей эскадрона), якая высылаецца для разведкі, аховы або сувязі з другімі часцямі. Міхалка ўзіраўся ўдаль, ці не едзе з маёнтка Глухі Бор раз’езд польскіх жаўнераў. Бядуля. [Рыгор:] — У канцы лістапада нямецкі раз’езд схапіў мяне каля горада Рамадан. Краўчанка.

4. ‑а. Раздваенне аднакалейнага пуці, якое дае магчымасць разысціся двум сустрэчным паяздам, вагонам і пад. // Прыпыначны пункт на месцы такога раздваення. Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Васілёнак. Штовечар на раз’ездзе Ціхі Лес спыняецца прыгарадны цягнік, і кожны раз з прыступкаў вагонаў саскокваюць правадніцы. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саніта́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да санітарыі. Санітарная асвета. Санітарныя ўмовы работы. Санітарны стан памяшкання. // Які выконваецца паводле патрабаванняў санітарыі, звязаны з ажыццяўленнем мерапрыемстваў па санітарыі. Санітарны рэжым магазіна. Санітарны нагляд за ўмовамі працы на прадпрыемствах. □ Цяпер на парк звярнулі ўвагу. Ачысцілі ад смецця, правод зяць санітарныя рубкі. В. Вольскі. // Які выконвае абавязкі, звязаныя з санітарыяй. Санітарная інспекцыя. Санітарны ўрач. // Які выкарыстоўваецца ў санітарыі. Санітарнае абсталяванне. Санітарная тэхніка.

2. Які звязаны з медыцынскім абслугоўваннем, мае адносіны да медыцынскай службы (у арміі). Санітарная рота. Санітарная часць. Санітарны батальён. □ Усё намервалася [Мурашова] збегаць у санітарны пункт. Але Каця запярэчыла. Скрыган. Маці ляжала ў санітарнай зямлянцы, і навокал нячутна хадзілі людзі ў белым. Шамякін. // Які выкарыстоўваецца пры медыцынскім абслугоўванні. Санітарны поезд. Санітарная сумка. □ Пры адной сцяне ў глыбі пакойчыка стаяў ложак, падобны да санітарных насілак. Колас. Імчаліся то на ўсход, то на захад санітарныя машыны і абозы. Чорны.

•••

Санітарны вузел гл. вузел.

Санітарны дзень гл. дзень.

Санітарны інструктар гл. інструктар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.

1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.

2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.

3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.

4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.

5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sankaчасць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Капаць некаторы час (пра дождж). Пакапаў дождж і сціх.

2. што і чаго. Разм. Наліць некалькі капель якой‑н. вадкасці; накапаць трохі. — А божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш... — Ці ж крычаць? — На камфару, пакапай у вуха — памагае. Бядуля.

пакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. і без дап. Капаць некаторы час. Пакапаць бульбу да вечара. □ У лесе пакружыў крыху [Якуш], выбраў мясціну, згроб зверху лісце і пачаў капаць яму. Пакапае, пакапае, дый азірнецца, прыслухаецца. Скрыган.

2. Перакапаць канавамі, барознамі і пад. усё, многае. Пакапаць дарогу.

3. Выкапаць, накапаць вялікую колькасць якіх‑н. паглыбленняў. [Хутарок] меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін. Колас. Вылі ў лесе і акопы, але іх пакапалі пазней, у жніўні: кавалерыйская часць займала тут абарону. Навуменка.

4. Капаючы, выбраць (пра бульбу, буракі і пад.). Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)