забра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон... Корбан. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Лынькоў. // Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі. Маеўскі. // Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь. Танк.

2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася. Даніленка.

3. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.

1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.

2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.

3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.

4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.

5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рыць, ма́ру, ма́рыш, ма́рыць; незак.

Аддавацца марам. Калі туман плыве над логам, Рассейваючы кроплі рос, Стаю пад-сонцам я і мару. Панчанка. — Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы. — І трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё... Брыль. // Думаць аб ажыццяўленні чаго‑н. вельмі жаданага, імкнуцца ў думках да чаго‑н. З дзіцячых гадоў Мікола любіў маляванне, і сам ён употай марыў аб мастацкай школе. Якімовіч. Тварык .. [Ірынкі] засв[я]ціўся — яна марыла аб спатканні з братам. Чорны.

мары́ць, мару́, мо́рыш, мо́рыць; незак., каго-што.

1. Труціць, атручваць. Марыць прусакоў.

2. перан. Даводзіць да поўнага знясіленая; мардаваць, мучыць. [Чэрскую] страшылі на допытах, білі, марылі голадам, і, нічога не дазнаўшыся, праз чатыры месяцы выпусцілі з турмы. Галавач.

3. перан. Даводзіць да знямогі. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотна становіцца. Лынькоў. Віктар прысеў на прызбу, угрэўся, і яго пачаў марыць сон. Асіпенка.

4. Спец. Трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру і моцнасці. Марыць дуб. // Фарбаваць драўніну марылкай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у..., прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння ўнутр прадмета або асяроддзя, напрыклад: убіць, увезці, уехаць, уплесці, упхнуць; 2) распаўсюджанне дзеяння на ўвесь аб’ект або на частку яго, напрыклад: увешаць, укачаць, утыкаць, удзяліць; 3) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: увязаць, угаварыць, угарнуць, укарміць, усаліць, узгодніць, умаліць; 4) працяканне дзеяння насуперак чаму‑н., напрыклад: уляжаць, усядзець, уцярпець; 5) аддзяленне часткі ад прадмета, змяншэнне або павелічэнне яго колькасці, аб’ёму, змяненне якасці, напрыклад: урэзаць, уцаніць, удвоіць, утроіць, усушыць; 6) устойлівасць дзеяння, напрыклад: устаяцца, угніцца, успацца, угневацца, улегчыся; 7) поўнае паглыбленне ў дзеянне, напрыклад: углядзецца, услухацца, учытанна, удумацца; 8) звычкі суб’екта, яго асаблівыя рысы, напрыклад: унадзіцца, ублытацца, ужыцца; 9) стан суб’екта, напрыклад: упіцца, угамавацца, узрушыцца; 10) узаемнасць дзеяння, напрыклад: угаварыцца, умовіцца, улюбіцца.

II. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў і абазначае: 1) месца, прастору, напрыклад: убок, уверх, угару, улева, управа, уверсе, унізе, удалі, увысі; 2) час, напрыклад: увосень, увясну, узімку, уначы, увечары; 3) меру і ступень, напрыклад: удвайне, утрайне; 4) спосаб дзеяння, напрыклад: употай, увачавідкі, угалоп, уголас, улегцы.

III. Утварае форму закончанага трывання дзеясловаў, напрыклад: уджаліць, укусіць, упісаць, уклеіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за кім-чым, з дадан. сказам і без дап. Разглядаць, глядзець збоку, не ўмешваючыся; сузіраць. Назірае Міхась праз акно святочны натоўп, думае свае думы. Лынькоў. Прэзідэнт моўчкі назіраў за хвалюючай сустрэчай гэтых двух вучоных, якія жылі ў розных капцах свету, ніколі не бачылі адзін аднаго і вось, сустрэўшыся, былі рады, як брат брату. Гамолка.

2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Сустракаючыся з кім‑, чым‑н., заўважаць яго ўласцівасці, асаблівасці і пад. — Мяне тут паставіла партыя, — з новым запалам сказаў Паходня, — і паставіла не для таго, каб я раўнадушна назіраў падзеі. Хадкевіч. // Бачыць, наглядаць. Ля Міхаськавага станка часта можна пазіраць і яшчэ больш прывабны малюнак. Кулакоўскі.

3. каго-што, за кім-чым і без дап. Даследаваць, вывучаць. Назіраць зацьменне Сонца. Вучыць школьнікаў назіраць. □ Я вандрую па той краіне, дзе жыву, вывучаю яе прыроду, назіраю за жыццём яе звяроў і птушак. В. Вольскі.

4. за кім-чым. Пільнаваць, даглядаць, каб не здарылася чаго‑н. дрэннага. Назіраць за дзецьмі. □ Міхал узяў лапату, укінуў у завалачнае акно пяску, насыпаў яго таксама на парог, які тут жа паволі пачаў нібы зацягвацца шклом. — Цяпер добра, — сказаў ён падручнаму, — але назіраў, за шлакам. Карпаў. // Сачыць за кім‑, чым‑н. Алік і Валерык употай пазіралі за хлопцам. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.

2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.

3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. залез, ‑ла; заг. залезь; зак.

1. Забрацца на што‑н., за што‑н., у што‑н., пад што‑н. Залезці на дрэва. Залезці за стол. Залезці ў кабіну. Залезці пад коўдру. □ Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Асіпенка. // Разм. Увайсці, заглыбіцца ў што‑н. Залезці ў ваду па калені. // перан. Далёка зайсці ў сваіх дзеяннях, гаворцы і пад. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, .. але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга было ўжо выбрацца. Шахавец.

2. Пранікнуць, прабрацца куды‑н. употай. Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном: — Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі! Якімовіч. // Разм. Пранікнуць, забрацца рукой, лапай і пад. куды‑н. Залезці ў кішэню. // перан. Незаконна ўзяць, прысвоіць сабе што‑н. чужое. — Вельмі ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Шамякін.

3. Разм. Заняць якую‑н., звычайна даходную або высокую пасаду. — Сволач!.. У трывожныя часы, калі рэспубліцы пагражалі ворагі, небяспека, у Мінскі ваенкамат залез, а тады настаўнікам быў. Нікановіч.

4. Забрацца за мяжу чаго‑н. Невядома праз што пасварыўся.. [Язэп] са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.

•••

Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) — многа напазычаць.

Залезці (улезці) у душу — а) увайсці, уцерціся ў чыё‑н. давер’е; б) шляхам надакучлівых распытванняў пранікнуць у асабістае, інтымнае жыццё каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)