тупі́ца, ‑ы.
1. ж. Тупая сякера, каса і пад. [Юрка:] — Чаму ты тупіцаю колеш? [Юзік:] — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
2. м. і ж.; ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. зневаж. Тупы, някемлівы, абмежаваны чалавек. [Сяргей Кірылавіч:] — Цэхавыя інжынеры амаль не займаюцца тэхнікай. А большасць жа з нас не тупіцы ад прыроды, хочуць вучыцца, расці. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га 1, нескл., м.
Скарочанае абазначэнне слова гектар (ужываецца звычайна пры лічэбніках). 50 га. Пасеяць 40 га пшаніцы. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Каб зацвілі сотні тысяч га Пад ільном ды пад каноплямі. Крапіва.
[З пачатковых літар слоў «гекта» і «ар».]
га 2, часціца.
1. Тое, што і а 3 (у 1 знач.). «Юзік! — паўтарыў ён мацней. — Юзік!» — «Га? Што?» Чорны. Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў: — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Зарэцкі.
2. Абл. Тое, што і а 3 (у 2 знач.). — Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна. Гартны.
га 3, выкл., часта з працяглым вымаўленнем (га-а-а!).
1. Выражае здзіўленне пры апазнанні каго‑н., радасць сустрэчы з кім‑н. — Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Петруся Карусь Акалот. Колас.
2. Гучны выкрык, якім хочуць напалохаць каго‑н. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам... Раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц: — Га-а! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нядо́бра,
1. Прысл. да нядобры (у 1, 3–5 знач.).
2. безас. у знач. вык. Дрэнна. Марылька глядзіць на.. [бацьку] і маўчыць. А потым пытаецца: — Праўда, тата, — хварэць нядобра? Брыль. // Не ўсё ў парадку, не па душы. На жаль, і так яшчэ бывае. Сапун сядзіць, на іншых наракае: Прамашка ў гэтага, памылка ў таго... Усё яму нядобра, слаба. Корбан.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. [Вера:] — Табе нядобра, мая ягадка? Ты, можа, вады вып’еш? Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.
Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.
1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.
2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.
3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.
2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.
3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссо́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. ссохся, ссохлася, зак.
1. Высыхаючы, стаць меншым, пакарабаціцца. [Чаравікі] Міхасіку завялікія, ссохліся, зморшчыліся, хоць тата і пашмараваў іх салам, змешаным з сажай. Каліна. Пасля ўбачыў [Андрэй], як у яго ссохліся кірзавыя боты. .. Ён пакратаў нагамі — боты загрукалі, як капыты: былі цвёрдыя. Пташнікаў. // перан. Разм. Пахудзець (пра чалавека). Сюды, пад ліпу, прыходзілі часам і дзяўчаты, адбіўшыся ад сябровак .. Адна, Наста, хадзіла аж два гады, ссохлася ўся, перасцярогу забыла. Мікуліч.
2. Высыхаючы, стаць цвёрдым, зацвярдзець. Гліна ссохлася.
3. Стаць шурпатым, сасмягнуць (пра губы). Губы ссохліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ня́нька 1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.
Ня́нька 2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.
Ня́нька 3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)