АСТУ́РЫЯС ((Asturias) Мігель Анхель) (19.10.1899, г. Гватэмала — 9.6.1974),

гватэмальскі пісьменнік. У 1925—33 і з 1954 у эміграцыі. У 1945—70 на дыпламат. рабоце. Аўтар кн. «Легенды Гватэмалы» (1930), раманаў «Сеньёр Прэзідэнт» (1946, пра лац.-амер. дыктатуру), «Маісавыя людзі» (1949, сутыкненне гарманічнага свету індзейцаў з чужым светам паўн.-амер. цывілізацыі). У трылогіі «Моцны вецер» (1950), «Зялёны Тата» (1954), «Вочы пахаваных» (1960) панарама жыцця Гватэмалы 20 ст. Аўтар раманаў «Мулатка як мулатка» (1968), «Перадвелікодная пятніца» (1972), зб. апавяд. «Уік-энд у Гватэмале» (1956), кн. легендаў «Люстэрка Ліды Саль» (1967) і інш. Нобелеўская прэмія 1967.

Тв.:

El espejo de Zida sal y otros relatos. La Habana, 1988;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Маисовые люди;

Ураган. М., 1985.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА (Уладзімір Міхайлавіч) (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл. драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВА́НАЎ (Аўгусцін Лазаравіч) (н. 16.6.1937, г. Валгаград, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1962 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы, адначасова з 1970 выкладае ў Бел. АМ. Выканаўца драм. і вострахарактарных роляў. Творчай манеры М. ўласцівы псіхал. дакладнасць характараў, выразны малюнак ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. Найб. значныя ролі: Тата і Гаспадар («Зацюканы апостал» і «Святая прастата» А.Макаёнка), Арэшкін («Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Марцін Лютэр («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Кудраш («Навальніца» А.Астроўскага), Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), Арнхальм («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Зурыко («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Герастрат, Тэўе-малочнік («...Забыць Герастрата!», «Памінальная малітва» Р.Горына), Шындзін («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана).

Г.Г.Коваль.

А.Л.Мілаванаў.
А.Мілаванаў у ролі Ромула.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл. драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.Матроса), «Кветка папараці» Г.Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.Остэра, «Бука» М.Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.Маслава, «Калабок» Я.Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.Азава і В.Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.Арлова і інш. Гал. рэжысёры: В.Чарняеў (1968—85), У.Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.Чабатароў (1968—78), Н.Баяндзіна (з 1980).

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.Купалы, «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.Дударава, «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра, «Непаразуменне» А.Камю, «Карэль» С.Мрожака, «Двое на арэлях» У.Гібсана, «Гер Паўль» Т.Дорста, «Чорная нявеста» Ж.Ануя, «Восем жанчын» Р.Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.Меё і М.Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.Радзінскага, «Дыяген» Б.Рацара і У.Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.Атрашкевіч, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.Андросік, Р.Баравік, У.Забела, У.Караткевіч. В.Раеўскі, Р.Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.Мацкевіч, гал. мастакі У.Жданаў (з 1992), Я.Волкаў (з 1994).

М.В.Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)