прыпы́нак, -нку, мн. -нкі, -нкаў, м.

1. Часовы перапынак у якім-н. дзеянні, часовае спыненне чаго-н.

Зрабіць п. на паляне.

Скакаць без прыпынку.

2. Месца, дзе прыпыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў.

Аўтобусны п.

3. Месца, якое можа служыць прыстанішчам, прытулкам.

Знайсці сабе п.

Знакі прыпынку — графічныя знакі (кропка, коска, двукроп’е і г.д.), якія расстаўляюцца ў пісьмовай мове паводле пэўных правіл для сэнсавага і (часткова) інтанацыйнага члянення тэксту.

|| прым. прыпы́начны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.; спец.).

П. механізм.

П. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смерць, ‑і; Р мн. смярцей; ж.

1. Спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма; спыненне біялагічнага абмену рэчываў у арганізме або ў яго частцы. Фізіялагічная смерць. Смерць клеткі. Смерць дрэва.

2. Спыненне існавання чалавека ці жывёліны. Раптоўная смерць. Смерць ад разрыву сэрца. Гвалтоўная смерць. □ Хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў. Якімовіч. // Разм. Смертная кара. Пакараць смерцю. □ [Немцы] прысудзілі Сёмку да смерці. Лынькоў. А як смерцю Максіма скаралі, — Рукі белыя да брамы прыбівалі. Багдановіч. // перан. Гібель, знішчэнне, канец чаго‑н. Смерць горада.

3. у знач. вык. Разм. Дрэнна, нядобра; бяда, гора. [Мароз:] — Каму-небудзь ад крытыкі смерць, а бальшавіку толькі здорава. Лобан. На спакой і на мір ашчарацца не смець! Войнам — смерць! Войнам — смерць! Шушкевіч. Хоць верць-круць, хоць круць-верць, а панству ўсё роўна смерць. З нар.

•••

Клінічная смерць — прамежак часу, калі дыханне і сардэчная дзейнасць спыняюцца, але тканкі яшчэ не падвяргаюцца распаду і ў пэўнай ступені захоўваюць жыццяздольнасць.

Палітычная смерць — немагчымасць для каго‑н. працягваць палітычную дзейнасць па прычыне поўнага свайго ідэйнага і палітычнага банкруцтва.

Глядзець смерці ў вочы гл. глядзець.

Да смерці — вельмі моцна. Дзядзька да смерці спалохаўся, а мядзведзь, мусіць, спалохаўся таксама, бо раптам як павярнуў у гушчар ды як даў дзёру. Васілевіч.

Знайсці смерць гл. знайсці.

На валасок (валаску) ад смерці гл. валасок.

Не на жыццё, а на смерць гл. жыццё.

Паміж (між) жыццём і смерцю гл. жыццё.

Пры смерці — у вельмі цяжкім, небяспечным для жыцця стане.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

Сеяць смерць гл. сеяць.

Толькі па смерць пасылаць каго гл. пасылаць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Як смерць (пра выгляд чалавека) — вельмі бледны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднабако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае што‑н. толькі з аднаго боку; які мае толькі адзін бок. Аднабаковы трыкатаж. Авёс з аднабаковай мяцёлкай.

2. Які ахоплівае, закранае толькі адзін бок. Аднабаковае запаленне лёгкіх.

3. Які адбываецца толькі ў адным кірунку; які накіраваны сваім дзеяннем у адзін бок. Аднабаковы рух транспарту. Аднабаковая радыётэлефонная сувязь.

4. Які ажыццяўляецца адным бокам, адной асобай. Аднабаковае спыненне ваенных дзеянняў. Аднабаковыя гарантыі.

5. Вузкі, абмежаваны, які ахоплівае толькі адзін бок з’явы, дзейнасці, інтарэсаў; накіраваны на штосьці адно, на шкоду другому. Аднабаковае выхаванне. Аднабаковае развіццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перары́ў, ‑рыву, м.

1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.

2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.

3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.

4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.

2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.

3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.

•••

І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.

2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.

•••

Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смерць1спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ад..., (а таксама ада... і ад’...), прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: а) аддаленне ад каго‑, чаго‑н., напрыклад: адысці, адбегчы, адпаўзці, адляцець, адплысці; б) аддзяленне ад прадмета яго часткі або іншага прадмета, цесна з ім звязанага, напрыклад: адвязаць, адкусіць, адкруціць, адрэзаць, адчапіць; в) завяршэнне і спыненне дзеяння, часта з адценнем інтэнсіўнасці або стараннасцю дакладнасці, напрыклад: адгасціць, адгрымець; г) звернутасць дзеяння ў адказ на што‑н., напрыклад: адгукнуцца, аддзякаваць; д) пазбаўленне, вызваленне ад чаго‑н., вяртанне каго‑н. у ранейшы стан, напрыклад: адвучыць (ад дрэнных прывычак), адбіць (ахвоту), адкачаць (тапельца), адагрэцца; е) (з часціцай ‑ся) ухіленне ад чаго‑н., напрыклад: адгаварыцца, адмовіцца (ад удзелу), адпісацца; ж) давядзенне працяглым дзеяннем да страты адчувальнасці, напрыклад: адлежаць (бакі), адседзець (нагу), адбіць (рукі).

2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў з абазначэннем паходжання, сувязі іх з чым‑н., напрыклад: аддзеяслоўны, адметны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)