чарэ́нь, ‑і, ж.
1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.
2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прачну́цца, ‑чнуся, ‑чнешся, ‑чнецца; зак.
1. Перастаць спаць, прабудзіцца. Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Колас. Косцік прачнуўся на досвітку: нехта моцна стукаў у акно. С. Александровіч. Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. Лынькоў. // перан. Напоўніцца гукамі, рухам; ажыць. Трамвай прачнуўся, празвінеў, Адкрыліся вітрыны рана. Танк.
2. перан. Стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою. Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка. Купала. Мой спеў напоўнен быў жаданнем, Каб наш прачнуўся родны люд. Журба.
3. перан. З’явіцца, выявіцца (пра пачуццё, уласцівасць, якасць). Можа, і праўда ў чалавека прачнулася пачуццё любві да радзімы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прые́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.
2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.
2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.
2. Добры, удачны. Складнае жыццё.
3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.
складны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ко́гут ’глушэц’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. когут ’цецярук’. Перанос назвы пеўня на іншую птушку (ЕСУМ, 2, 489). Што датычыць назвы пеўня, то ўкр. когут, відаць, запазычана з польск. kogut. Бел. когут выклікае рад сумненняў. Па-першае, слова зафіксавана толькі ў адной крыніцы. Па-другое, форма кагут (Мат. Гом., 190) выведзена няправільна. Параўн. ілюстрацыю «Ва ўсіх дварах быў чуваць спеў кагутуноў». Значыць, можна толькі гаварыць аб зыходнай форме кагутун, якая ўтварылася ад дзеяслова кагутаць. Такім чынам, эвентуальнае бел. когут ’певень’ было таксама польскага паходжання. Польск. kogut у сваю чаргу разглядалася як запазычанне з чэш. kohout, славац. kohút. Мясцовая назва Kochutouo ў Вроцлаўскай буле 1245 г. сведчыць не толькі супраць пазнейшай чэшскай крыніцы, але і на карысць еднасці чэшска-сілезскага арэала, адкуль слова магло пазней распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны Польшы. Лінгвагеаграфія слова дэманструе няпэўнасць праславянскай рэканструкцыі. Параўн. Слаўскі, 2, 328; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 7, 23–24; Папоўска–Таборска, SFPS, 8, 60. Нельга лічыць праўдападобнай гіпотэзу пра паходжанне kogut ад прасл. kokotъ (Атрэмбскі, Slavia, 20, 236; Слаўскі, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падула́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.
2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няскла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.
2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.
3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баязлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўсяго баіцца, нясмелы, палахлівы. Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязлівы... Гарэцкі. // Які выражае боязь, нясмеласць. Жанчына глянула на сына нейкім баязлівым позіркам, пачуўшы ў ягоных словах як бы здзек. Чорны. Казік пазірае на мяне баязлізымі вачамі. Баранавых. / у перан. ужыв. Кволыя і баязлівыя тоны мацнеюць, напаўняюцца бадзёрасцю. Бядуля. Я не знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асенняй ночкі, Спеў яе пастылы, Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязлівы, неспакойны Шолах у чароце. Колас. // у знач. наз. баязлі́вы, ‑ага, м. Той, хто ўсяго баіцца. Баязліваму і свой цень страшны. Прыказка.
•••
Не з баязлівага дзесятка гл. дзесятак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фальш, ‑у, м.
1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.
2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.
3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.
[Ням. Falsch.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)