Рубе́ль1 ’грашовая адзінка, роўная 100 капейкам’, ’банкнот і манета такой вартасці’ (ТСБМ), ст.-бел. рубель ’грашовая адзінка, роўная 100 грошам’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж рублёвы ’які каштуе адзін рубель’ (ТСБМ), рублёўка ’манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель’ (ТСБМ). Як назва грашовай адзінкі ва ўсіх славянскіх мовах з рус. рубль ’рубель’, якое ад рубить ’сячы’ (гл. руб), паводле Фасмера (3, 511), “абрубак грыўны”. Параўн. укр. карбо́ванець пры карб ’засечка; рубец’, карбува́ти ’рабіць нарэзы; рэзаць; сячы’, карбо́ваний ’пакрыты разьбой; парэзаны’ (ЕСУМ, 2, 388). Гл. таксама рубель2.

Рубе́ль2 ’тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы і пад.’ (ТСБМ), ’жордка, да якой прымацоўваюць бярвёны пры складанні плытоў сплаўнога лесу’ (стол., лельч., петр., Маслен.), ’тоўстая рухомая жэрдка, на якой стаяць, крыючы страху саломай’, ’кладзь, якая агароджвае застаронкі ў станку (курэні)’ (ТС), рубэ́ль ’жэрдка ў нажной ступе’ (Клім.), ’прылада для ўціскання сена ці саломы на возе або машыне’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Ст.-рус. рубль ’кляп, адсечаны кавалак’ (Сразн., 3, 182). Але, магчыма, новы беларускі аддзеяслоўны назоўнік з суф. ‑ель ад рубіць (гл.) са значэннем выніку дзеяння як бурдзе́ль ’пракіслая страва’ ад бурдзе́ць ’пракісаць’, круце́ль ’перавясла’ і ’падобныя’. Параўн. балг. ръ́бел ’адбітая частка прылады для рэзання, сячэння; зазубрына на вастрыі прылады’, н.-луж. rubjel ’абрубак палкі’ (< прасл. *robьlь ’адсечаны кавалак’, Шустар-Шэўц, 2, 1249).

Рубе́ль3 ’драўлянае прыстасаванне для разгладжвання бялізны’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. дыял. рубе́ль ’тс’, ’жэрдка з зарубкамі па краях, якой прыціскаюць сена’. Фасмер (3, 511) выводзіць ад рубить (гл.). Відаць, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)