Зява́ць ’міжвольна ўдыхаць паветра’. Рус. зева́ть, укр. зіва́ти, польск. ziewać, н.-луж. zewaś, чэш. zivati, славац. zívať ’тс’, славен. zę̋vati ’трымаць вусны адкрытымі, крычаць’, серб.-харв. зе́вати ’трымаць вусны адкрытымі, зяваць’, ’ззяць’. Ц.-слав. зѣвнѫти. Ст.-рус. зѣвати (XVIII ст.). Ад і.-е. *gʼhēi‑ ’быць пустым’ > прасл. *zě‑ з дадаткам дзеяслоўнага ітэратыўнага суф. ‑va‑: zěvati. Пра корань гл. ззяць 1. Слав. слова мае балт. адпаведнікі: літ. žióvauti, лат. žàvât ’ззяць, зяваць’ (лат. ž не тлумачаць Мюленбах-Эндзелін, 4, 798 і 795; Фрэнкель, 1312; Траўтман, 368). Фасмер, 2, 91. Шанскі (2, З, 84) тлумачыць зевать ад зев (гл. зеў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пустава́ць, ‑туе; незак.
Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́зваліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Атрымаць незалежнасць, стаць свабодным. Вызваліцца з-пад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску.
2. Зняць з сябе што‑н., пазбавіцца ад чаго‑н., што сціскае, абмяжоўвае. Вера Антонаўка нецярпліва вызвалілася з абдымкаў і скоранька пабегла назад на дарогу. Карпаў. / у перан. ужыв. Галынскі сеў за стол. Ён пазіраў на прысутных і ніяк не мог вызваліцца ад дум. Галавач.
3. Стаць свабодным ад спраў, абавязкаў і пад. Вызваліцца ад работы. □ [Начальнік:] — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам. Карпаў.
4. Стаць пустым, незанятым (пра памяшканне). [Гаспадыня:] — Вызваліцца тая кватэра, зноў зоймеце, калі захочаце. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прытво́р 1, прытвуо́рок ’пярэдняя частка царквы непасрэдна за паперцю’ (ТСБМ; гарад., беласт., Сл. ПЗБ), ’сенцы, ганак’ (малар., пін., Нар. сл.), ’шула, да якога прычыняюцца вароты’ (ТС), ст.-бел. притворъ ’пярэдняя частка царквы, бабінец’. Укр. притво́р ’прытвор у царкве’; ’пярэдняя частка памяшкання’, ’вокны, дзверы’, рус. притво́р ’заходняя паперць царквы, дзе кормяць жабракоў’, дыял. ’прастора паміж адчыненымі дзвярамі і вушаком’, ’аканіца’, ’ніжняя частка дзвярных вушакоў; парог’; ст.-рус. притворъ ’порцік, каланада’, польск. przytwor, н.-луж. pśitwaŕ, славац. pitwor (з *pritvor — Махэк₂, 662), балг. при́твор, серб.-харв. при́твор ’невялікая загарадка для авечак’, ст.-слав. притворъ ’аркада’. Праслав. *pritvorъ, першапачаткова ’прыбудова’. Ад *pritvoriti, якое да прасл. *tvoriti, у ліку першасных значэнняў якога было ’будаваць’, гл. Фасмер, 3, 367; Скок, 3, 627; БЕР, 5, 736; ЕСУМ, 4; 580 (адрознівае аманімічныя ’частка царквы’ і ’дзверы, вокны’). Гл. таксама ESJSt, 12, 719.
Прытво́р 2 ’прыманка для пчол у пустым вуллі’ (ТС). Да твары́ць ’пырскаць, крапіць вулей’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ба́віць, баўлю, бавіш, бавіць; незак.
Разм.
1. што. Праводзіць час за якім‑н. малаважным заняткам, у доўгіх гутарках, забавах. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі. Мележ. Перакідваліся то жартам, то нязначным, пустым словам. Бавілі час, як ўмелі. Асіпенка. // Бескарысна траціць (час). Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб’е для грабляў. Лынькоў. // Марудзіць, цягнуць (час). Бацька прыдзірліва сочыць, каб Юзік не ўставаў на наскі, знарок бавіць хвіліну і нарэшце .. здымае мерку. Хадановіч.
2. каго-што. Забаўляць. І нас, дзяцей, ён бавіў, як малых. Хведаровіч. // Весяліць, цешыць. Суседку нават бавіла бездапаможнасць Нюсі. Пестрак. У дзяцінстве апавядаюць казкі, і бавяць хлапечы розум у гэтых казках прыгожыя князёўны. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.
2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.
3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.
4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслабані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм.
1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.
2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.
3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.
4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)