Селяпа́ць ‘хутка чэрпаць, хлябтаць’, ‘сцябаць’, сюды ж селяпа́йла (селепайла) ‘хто хутка чэрпае ложкай’ (Нас.), сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.). Параўн. ст.-слав. слѣпати ‘скакаць’. Паводле Карскага (1, 253; 2–3, 24), той жа корань, што і ў высалапіць (гл. салупаць), варыянт ⁺селепа‑/солопа‑. Буга (Rinkt., 1, 333) слав. *selpati параўноўвае з літ. išsalpinéti ‘разысціся, разбрысціся’, salpà ‘завадзь, заліў’, што ўзводзяцца да кораня *selp‑ ‘рухацца’ < і.-е. *sel‑, *sol‑ ‘моцна цячы’, звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *salpъ ‘вадапад, паток’ (Міклашыч, 291; Фасмер, 3, 715). Параўн. сіліпаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруд1 прудок ’будынак млына; млын (звычайна вадзяны)’ (Нас., Шат., Мік., Яруш., Бяльк., Касп.; маг., Шн. 2; полац., Нар. лекс.; Мат. Маг., дубр., Хрэст. дыял.), ’невялікі вадаём, сажалка’, ’раўчак’, ’яма ў вадаёме’ (калінк., гродз., паст., воран., Сл. ПЗБ), ’штучнае возера, ставок’ (Касп., Мік., Мядзв.), ’курган, высокае месца, якое агібаецца ракой’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж пру́днік ’млынар’ (Нас., Касп., Мік.). Рус. пруд ’сажалка’, укр. пруд ’хуткае цячэнне’, ст.-рус. прудъпаток, напор; запруджанае месца’, польск. prądпаток, цячэнне’, чэш. proud, славац. prúd ’тс’, серб.-харв. пру̑д ’водмель, дзюна’, славен. pród ’галька, водмель’. Прасл. *prǫdъ перш за ўсё ў значэнні ’тое, што стварае перашкоду, сціскае, звужае магчымасці вольнай плыні’, найлепш прадстаўленае ў запру́да ’гаць, плаціна’; чаргуецца з pręd‑, якое ў пра́нуць ’кінуць’, рус. пряда́ть, пря́нуть ’адскочыць’. Роднасныя ў іншых і.-е. мовах: с.-в.-ням. sprinzen ’скакаць’, ст.-ісл. spretta ’скакаць; пырскаць, пускаць парасткі, струменіць’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць, крапіць’, spranz ’ускокванне; прарастанне’ (гл. Міклашыч, 263; Махэк₂, 485 і наст.; Фасмер, 3, 388; тут гл. і інш. літ-py; Бязлай, 3, 125; Банькоўскі, 2, 768; ЕСУМ, 4, 616; Шустар-Шэўц, 2, 1163).

Пруд2, прут, пруды́ ’паз у драўляным посудзе’ (лаг., віл., Сл. ПЗБ), прут ’паз’ (круп., Нар. сл.). Гл. апруды, абруд, прыд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бурлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Бурны, шумлівы. Васіль бачыў рэкі там, каля свайго дому, але ж такой шырокай не наглядаў нават у самае бурлівае разводдзе. Кулакоўскі. Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Поўны энергіі, шумны, неспакойны. [Лена] ўспамінала бурлівае камсамольскае жыццё ў школе. Лынькоў. Паходня сышоў на перон і адразу ж трапіў у бурлівы паток, які імкнуў паўз нейкія абломкі сцен і часовыя збудаванні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.

2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Струя́ ‘струмень’ (ТС, Сцяшк.), струй ‘тс’ (ТС), ‘рэчышча’ (Сл. ПЗБ). Укр. стру́я, струя́ ‘тс’, рус. струя́ ‘тс’, стараж.-рус. струя, серб.-харв. стру́ја, славен. strúja ‘рукаў ракі, канал, цячэнне, струмень’, балг. струя́, макед. струја ‘струмень’, ст.-слав. строуꙗ ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struja з’яўляецца дэрыватам ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’ з суф. ‑ja (Слаўскі, SP, 1, 82) і ўстаўным ‑t‑; параўн. струга, струмень, востраў (гл.). Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. sraujà ‘цячэнне’, sraũjas ‘хуткі’, лат. stràuja ‘імклівы’, ст.-в.-ням. Stroua, Streua, нова.-в.-ням. Streu ‘прыток Заале’. Гл. Фасмер, 3, 785 з літ-рай; Бязлай, 3, 335; Скок, 3, 349–350; Глухак, 590; ЕСУМ, 5, 455.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каска́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Вадаспад з уступамі.

2. перан.; чаго. Вялікае мноства, багацце, імклівы паток чаго‑н. Каскад слоў. □ Яшчэ момант — і высокі голас Мар’яны .. па-салаўінаму рассыпаўся каскадам трэляў, нібы срэбраны званочак, зазвінеў пад самай столлю. Стаховіч. Узнімаючы каскады ружовых пырскаў, з шумам падалі ў раку падмытыя дрэвы. Хомчанка.

3. У цыркавым мастацтве — прыём падзення з каня.

4. У тэхніцы — звязаныя між сабой крыніцы энергіі, рухавікі, машыны.

•••

Каскад гідраэлектрастанцый — група гідраэлектрастанцый, размешчаных па цячэнню ракі на адлегласці адна ад адной і звязаных між сабой агульным водагаспадарчым рэжымам.

[Фр. cascade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злі́цца, зліюся, зліешся, з ліецца; зліёмся, зліяцеся і салыося, сальешся, сальецца; сальёмся, сальяцеся; заг. зліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адзін паток. [Ручаіны] бягуць несціхана, бягуць безупынна, .. покі не сальюцца ў бурлівыя патокі. Колас. Паток імчыцца ўніз з вяршыні, Каб зліцца з ведалі ракі І ўпасці на далонь турбіны. Смагаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў выніку плаўлення ў адну суцэльную масу. Соль злілася ў камяк.

3. Аб’яднацца ў адну арганізацыю, групу і пад. — Мы сталі ў адзін фронт з другім, выяўленым намі тут партызанскім атрадам. К вясне нашы атрады зліліся. Чорны.

4. перан. Утварыць з кім‑, чым‑н. адзінае цэлае. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас. // перан. Змяшацца, перастаць, адрознівацца (для слыху, зроку і пад.). Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Сінія палоскі кашулі на.. [Міхасёвай] спіне зліліся ў адно. Савіцкі. // перан. Неразрыўна звязацца з кім‑, чым‑н. Жыццё [Нямко] злілося з інтарэсамі калгаса, з клопатамі аб конях. Кулакоўскі. // Наблізіўшыся, саставіць быццам бы адно цэлае з кім‑, чым‑н., стаць як бы часткай чаго‑н. Салаўёў ляжаў, прыціснуўшыся да зямлі і стараючыся зліцца з ёю. Шахавец. Пятрусь з Антосем прыпалі да зямлі і, падпоўзшы да жыта, зліліся з ім. Нікановіч.

5. Льючыся, перамясціцца; сцячы. Смятана злілася, а малако засталося.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́страў (БРС, КТС, Касп., Яруш., Яшк.), во́страва ’поле паміж лугамі’ (Яшк.). Рус. о́стров, укр. о́стрів, ст.-рус., ст.-слав. островъ ’востраў’, польск. дыял. ostrów ’участак поля пасярод сенажаці’, каш. ostróv ’узвышанае месца на полі або на сенажаці’, чэш., славац. ostrov, балг. о́стров, серб.-харв. о̏стрво, славен. ostróv, в.-луж. wotrow, н.-луж. wótšow, палаб. våstrüʼv. Прасл. o‑strovъ ’тое, што абцякаецца, рачны востраў’. Да струмень (гл.). Роднаснымі з’яўляюцца літ. sravà ’цячэнне, крывацёк’, prasrava ’цячэнне вады’, лат. stràva ’цячэнне’. З іншай ступенню вакалізму: літ. srovė̃, strovė̃ ’цячэнне’, лат. stràva, strāve ’тс’, усх.-літ. sraujà, ст.-інд. girisravā ’горны паток’ (Міклашыч, 318; Траўтман, 279 і наст.; Фасмер, 3, 165). Параўн. у семантычных адносінах серб.-харв. ȍtok ’востраў’. Асаблівасці семантыкі слова востраў у бел. мове гл. Талстой, Геогр., 116 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)