рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плех1, пляшы́на ’голае месца на галаве, лысіна’, ’голае месца сярод поля, выгрызены лапік травы на лузе’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Жд. 1), паўн.-зах., гродз., зах.-віц. плех ’абсевак’, брэсц. плéх(а), паст. пляха́ ’тс’ (ЛА, 2). Рус. плеха́н ’лысы чалавек’, польск. plech ’лысіна’, plechy ’адзёр’, н.-луж. plěch ’плеш’, ’атожылак на клубняплодзе’, plěchac, plěchaty ’лысы’, в.-луж. plěch ’лысіна’, plěchač, plechaty ’лысы’, чэш. plech ’тс’, plechatý ’лысы’, plechy ’перхаць; струпы на галаве’, славац. plechavý, plechatý, plecháń ’лысы (чалавек)’, plechovo ’груба, непрыемна’, славен. plȅh ’чырвоная высыпка на скуры’, plẹ́ha ’голае месца ў лесе’, pléhi ’адзёр’, plehe (у XVIII ст.) ’шкарлятына’. Прасл. *plexъ (Сной–Бязлай, 3, 52) і *plěxъ ’лысы’, ’які лысее’, ’мясцовасць са слабой расліннасцю’ < і.-е. ploi̯k‑s‑os (Банькоўскі, 2, 606), а таксама *plъx (параўн. чэш. plchý ’лысы’) (Фасмер, 3, 281), роднаснымі якім з’яўляюцца літ. plìkas ’голы’, лат. pliks ’тс’, літ. pleĩ‑šė, pleĩkė ’лысіна’, plìkė, plėĩ‑n‑ė ’голая раўніна, пустое, бязлеснае месца’ < і.-е. *ploi̯‑so > (Буга, Rinkt., 1, 599).

Плех2, пле̂х ’дах’, ’вільчык даху’ (Яруш., Тарн., Бяльк.), плеш, пле́шак ’верх страхі, дзе сыходзяцца скаты, прыкрыты дошкамі, высланы кастрыцай’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ), ’страха’: стаяць два хлевушкі пад адным плехам (бераст., Сл. рэг. лекс.). Відаць, трэба адрозніваць лексему плеш (пле́шак), якая з плеш ’лысіна’ (гл.), ад плех, якая з польск. plech < чэш. plech ’тонкая бляшаная дошчачка, бляха, якою пакрываўся вільчык, каб вада не зацякала між дошкамі (плахамі) двух скатаў’ < ст.-в.-ням. blech або в.-в.-ням. blëch/plech ’бляха’ (Міклашыч, 14; Бернекер, 1, 59; Махэк₂, 457; Бязлай, 3, 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жах 1, ‑у, м.

1. Моцны страх да знямення. Хрысціна знямела ад жаху. Васілевіч. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Гурскі.

2. звычайна чаго. Трагічнасць, бязвыхаднасць. — Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла. // звычайна мн. (жа́хі, ‑аў). Трагічная з’ява, страшнае здарэнне. Жахі вайны. □ За тыя дні, пакуль .. [Рыгора] не выклікалі на допыт, ён наслухаўся гэтакіх жахаў, што валасы дыбка станавіліся. Сабаленка.

3. у знач. вык. Жахліва (у 2 знач.), страшна (пра тое, што непрыемна здзіўляе). — Што я ўбачыў дома — гэта жах. .. [Маці] ледзьве стаіць на нагах і нічога не бачыць. Чорны.

4. у знач. прысл. Разм. Вельмі, незвычайна. — Як хочаце, дзяўчаткі, а я — дахаты. Не абедала яшчэ, есці хачу — жах! — адказала .. [Марынка]. Хадкевіч. / Са словамі «як», «які»: жах як, жах які. Жах як далёка. // У спалучэнні са словам «колькі» азначае: вельмі многа. Жах колькі снегу.

•••

Даць жаху гл. даць.

жах 2, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння шорхання, удару і пад. На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне. — Жых-жах, жых-жах, — гутараць сярпы з цвёрдымі сцёбламі. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова жа́хнуць, жа́хнуцца і жа́хаць, жа́хацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кранепрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́заць, рэ́жу, рэ́жаш, рэ́жа; рэ́ж; рэ́заны; незак.

1. каго-што. Раздзяляць на часткі, аддзяляць ад цэлага чым-н. вострым.

Р. нажом хлеб.

Р. сала.

Р. на кавалкі.

Р. метал.

Р. дровы (пілаваць). Р. камунікацыі (перан.: перарываць, парушаць). Р. па жывым (таксама перан.: дзейнічаць жорстка).

2. каго-што. Рабіць надрэз, разразаць, а таксама (разм.) аперыраваць.

Р. нарыў.

3. каго (што). Забіваць чым-н. вострым.

Р. авечку.

Р. курэй.

Воўк рэзаў авечак (загрызаў; разм.). Без нажа рэжа хто-н. каго-н. (перан.: ставіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча; разм.).

4. перан., каго-што. Ставіць у бязвыхаднае становішча; губіць (разм.).

Р. мой праект.

5. што, па чым. Рабіць адбітак каго-, чаго-н. на паверхні чаго-н. вострым інструментам; вырабляць вырэзваннем.

Р. па дрэве.

Р. на медзі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць рэзкі боль, уразацца ў цела; непрыемна дзейнічаць на вочы, слых і пад. (пра вецер, святло, гук і пад.).

Цвік рэжа ў боце нагу.

Каўнер рэзаў шыю.

Зыркае сонца рэзала вочы.

Яго голас рэжа слых.

7. безас., што. Пра адчуванне рэзі.

Рэжа ў жываце.

8. што. Гаварыць проста, адкрыта (разм.).

Р. праўду ў вочы.

9. каго (што). Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене (разм.).

10. што, у што і без дап. Ужыв. замест многіх дзеясловаў для перадачы энергічнага дзеяння, якое абазначаецца гэтымі дзеясловамі (разм.).

Р. польку (танцаваць). Р. у карты (гуляць).

11. што. Удараць па датычнай, накіроўваючы ўбок, у косы палёт (спец.).

Р. мяч.

|| зак. разрэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны (да 1 і 2 знач.), зарэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны (да 3, 4 і 9 знач.) і зрэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны (да 9 і 11 знач.).

|| аднакр. разану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́, (да 1, 6—8, 10 і 11 знач.; разм.) і рэ́знуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1, 6—8, 10 і 11 знач.; разм.).

|| наз. рэ́занне, -я, н. (да 1—3, 5 і 11 знач.), рэ́зка, -і, ДМ -зцы, ж. (да 1 знач.) і разьба́, -ы́, ж. (да 5 знач.).

Апрацоўка металаў рэзаннем.

Разьба па дрэве.

Рэзка хлеба.

|| прым. рэ́зальны, -ая, -ае (да 1 і 5 знач.; спец.) і разны́, -а́я, -о́е (да 5 знач.).

Рэзальны апарат.

Разныя работы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пра́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што адпавядае рэчаіснасці; ісціна. — Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Кастусь гаварыў праўду, але гэтыя словы ўзлавалі Сяргея. Шахавец.

2. Праўдзівасць, правільнасць. [Саша] не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць і што да Цішкі яны не даходзяць. Шамякін. // Разм. Правільнасць, слушнасць. І што яму [прышэльцу] скажаш? нічога, Бо праўда, відаць, з яго боку. Колас. // Праўдзівасць адлюстравання жыццёвых з’яў у мастацкім творы, ігры акцёра на сцэне і пад. [З. Бядуля] імкнуўся знайсці мастацкую праўду новага жыцця. Каваленка. Усё ў гэтай сцэне праўда і ўсё поўна паэзіі. Бярозкін.

3. Справядлівасць; парадак, заснаваны на справядлівасці. У начальства знайсці праўду Думае старая. Колас.

4. (з вялікай літары). Гіст. Назва сярэдневяковых збораў законаў. Руская Праўда.

5. у знач. вык. Ужываецца для пацвярджэння слоў субяседніка, азначае: сапраўды, на самой справе так. Бачыць [купец], і праўда — расце ўдовін сын як на дражджах. Якімовіч.

6. у знач. пабочн. Сапраўды, на самой справе. Стрэльба, праўда, была дужа старая. Лынькоў.

7. у знач. уступальнага злучніка. Хоць (хаця). Калгас сабраў на некаторых участках шмат саломы і мала збожжа. Праўда, ураджай быў высокі. Крапіва.

•••

Глядзець праўдзе ў вочы гл. глядзець.

І то праўда — азначае згоду са словамі субяседніка.

Па праўдзе кажучы (сказаць); праўду кажучы (сказаць) гл. кажучы.

Праўда вочы коленепрыемна слухаць пра свае непрыгожыя, непрыстойныя ўчынкі.

Праўда-матка — сапраўдная, чыстая праўда.

Праўду (праўду-матку) рэзаць (у вочы) гл. рэзаць.

Служыць верай і праўдай гл. служыць.

(Усімі) праўдамі і няпраўдамі — усякімі сродкамі.

Што праўда, то праўда — сапраўды, на самой справе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)