Лы́ндаць (рас., паст. лынтаць ’хадзіць, швэндацца без справы, бяздзейнічаць, бадзяцца’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., Грыг., Янк. 3., Мат. Гом., ТС; маладз., бялын., докш., Янк. Мат. міёр., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шпарка хадзіць, шырока ступаючы’ (КЭС, лаг.); лындава́ць, лында́чыць, лы́ндаць ’ленавацца’ (Сцяшк. Сл.), польск. łyndać się, рус. лындать, разан. лындовать. Паводле Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182), запазычаны з літ. lìndoti, lìndėti ’тырчаць, сядзець’, ’гультаяваць’, ’бадзяцца, лазіць’; Лаўчутэ (Сл. балт 31, 119) дадае да іх яшчэ lìnda ’праныра’, ’гультай’, ’той, хто пазбег работы’, lindė, lindéika ’праныра’ і інш., якія ўзыходзяць да lĩ̦sti (leñda, liñdo) ’пралазіць’, ’набрыдаць’, ’несціся некуды’, ’ехаць’, ’блытацца пад нагамі’, ’лезці, куды не трэба’, lándzioti, lándauti ’туды-сюды лезці, хадзіць з месца на месца’, ’швэндацца’, ’памалу праходжвацца’. Параўн. і лат. lundžât ’лазіць туды-сюды’, ’бадзяцца’. Відавочна, значэнні ’ногі’, ’лыткі’, ’калені’ фарміраваліся пры наяўнасці лексем лы́ды (параўн. рус. валаг., варон. ’доўгія ногі’, шырока пашыраная лытка ’нага’, урал. лыдка ’даўганогі чалавек’) і лыга2 (гл.) пры блізкіх ці тых жа значэннях дзеясловаў лыгаць і лындаць. Наступным этапам было ўтварэнне фразеалагізма лынды біць, што азначала спачатку ’збіваць, аббіваць ногі’, параўн. трок. дарма лынды збіў = дарма схадзіў (Сл. ПЗБ). Пры існаванні іншых запазычанняў з такой жа семантыкай: ды́нда ’гультай’, ’хлус’, ды́нды абіваць, дындаць ’хадзіць без справы’ ці блындаць, блэндаць ’тс’ (гл.); выраз лынды біць набыў сучаснае значэнне, мяняючы ў гаворках першую частку паводле існуючага ў гаворцы апорнага дзеяслова са значэннем ’хадзіць без справы, бадзяцца, гультаяваць’, ’марудзіць’ (як тут — лындаць), параўн. бел. і рус. фразеалагізмы (узятыя з Бел.-рус. ізал., 111–112) з гэтым жа значэннем: брынды біцьбрындаць, дрынды біцьбрындаць, байды біцьбайдосіць, банды біцьбандаць, балды битьбалдить, ланды битьландовать. Слаўскі (5, 407–408) услед за Фасмерам (2, 541) адносіць польск. łyndać się да рус. лынять і дапускае сувязь з прасл. дыял. lytati ’гультайнічаць, бяздзейнічаць’, lutati ’бадзяцца’, параўноўваючы з чэш. lʼundat se, loudati se ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

злажы́цца, злажуся, зложышся, зложыцца; зак.

1. Даць грошы на якую‑н. агульную справу (пра ўсіх, многіх); скласціся (у 6 знач.). — Таварыш кантралёр! — рэзка падняў руку пасажыр у капелюшы, у добрым лёгкім паліто.. — Колькі з гэтай жанчыны патрэбна?.. Я плачу за яе, ці мы .. усе пасажыры зложымся. Скрыган.

2. Прыняць адпаведную позу для стральбы па цэлі. Сяргей злажыўся і стрэліў, фанера з малюнкамі перавярнулася дагары нагамі. Гурскі.

3. Разм. Набыць навыкі, спрыт у выкананні якой‑н. работы. — Я шафёр.. У салдатах злажыўся і правы цяпер маю. Думаю на базе з пад’ёмнага крана за руль сесці. Пташнікаў. Як падымалі, трывожылі думку і некуды звалі.. кніжкі! І можа ад тых кніжак я сам злажыўся пісаць... Скрыган.

4. Атрымацца ў працэсе творчасці. Я падслухаю Гэты шум лістоў, А з іх гутаркі Песня зложыцца. Колас. // Узнікнуць, з’явіцца (пра погляды, думкі і пад.). У яго галаве злажыліся выразныя думкі наконт знойдзенага кавалка жалеза. Гартны.

5. Арганізавацца, стварыцца. — Цяпер я зноў у Загор’і. У нас тут злажыўся краязнаўчы гурток. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́цца, дзенуся, дзенешся, дзенецца; заг. дзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «нідзе», «куды», «нікуды», «некуды», часта з адмоўем).

Разм.

1. Знікнуць, прапасці. Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. Як загледзішся на такія малюнкі вясны, дык сон немаведама куды і дзенецца, усё роўна як у ваду кане. Кулакоўскі. // Схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Нашто вас пільнаваць, і так нікуды не дзенецеся. Чорны. Ад праўды нікуды не дзенешся. Прыказка. // перан. Быць вымушаным зрабіць што‑н., не адмовіцца, не выкруціцца. — Мне здаецца, князь не захоча парадніцца з такім галадранцам, як Юрага, — выказаў меркаванне дзядзька Восіп. — Нідзе не дзенецца, — прамовіў Парфімовіч. С. Александровіч. — А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе дзенешся. Баранавых.

2. Знайсці сабе месца, прытулак і пад. — Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым цяпер і разбітым горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Гурскі.

•••

Не ведаць, куды (дзе) дзецца гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.

1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. □ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.

2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. □ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.

3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.

4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.

•••

Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».

2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.

4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.

2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.

пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Моцна нацягнуўшы або рыўком раздзяліць на часткі, разарваць. Парваць вяроўку. □ Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць, Хоць і сам мо вяселлю не рад. Чарот.

2. Разарваць на часткі, падраць. З дна куфра [Назарыха] дастала старыя льняныя абрусы і парвала на пялёнкі. Б. Стральцоў. Ліст сябра.. [Смачны] парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку. Галавач. / Пра хмары. І раптам той жа вецер, які ўчора наганяў на людзей нуду, за ноч парваў на дробныя кавалачкі хмары, загнаў іх некуды за небасхіл і сам там жа знік. Сергіевіч.

3. Падраць, нарабіць дзірак. Плішчылася .. [Марылька], плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала. Якімовіч.

4. Пашкодзіць; падарваць. [Міхал:] Наладую падводы толам, парву немцу жалезку ад Віцебска аж да самай Оршы... Кучар.

5. перан.; і з кім-чым. Спыніць, кончыць (сувязі, адносіны і пад.). Парваць знаёмства. Парваць з кампаніяй. □ Адзінокі, бо парваў усе адносіны з сям’ёй, разлучаны з блізкімі, .. [Давід] не сумаваў, не тужыў, як іншыя. Машара.

6. каго. Пакусаць (пра сабаку, ваўка і пад.). [Сцёпа] добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Курто.

7. Сарваць усё, многае. [Лукаш:] — Каб не я, то ўвесь ваш боб парвалі б, далібог праўда. Лобан.

8. і без дап. Рваць некаторы час.

•••

Жылы парваць — надарвацца ад цяжкай працы.

Нервы парваць — папсаваць нервы моцным напружаннем.

Парваць жывот (жывата) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. споўз, снаўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, паўзком спусціцца з чаго‑н., куды‑н. Не думаючы, салдат споўз у акон. Чорны. Паправіўшыся ў гестапаўца выйсці ў другі пакой,.. [Кірыл] бясшумна адчыніў акно і па трубе споўз уніз. Пятніцкі. // З цяжкасцю, павольна спусціцца, злезці адкуль‑н. [Каткоў] зусім не павайсковаму саскочыў з сядла — споўз неяк па-старэчаму. Шамякін. Баба падхапілася, спаўзла з ложка. Лупсякоў. // Павольна сцячы, сысці, збегчы і пад. адкуль‑н. Спаўзлі з загонаў зімнія снягі І ў мора паплылі ракой-вадзіцай. Купала. З-за хмары, што спаўзла за небасхіл, выбліснула сонца. Грахоўскі. // перан. Марудна, паступова пашырыцца, апусціцца (пра туман, дым, змрок). Як толькі спаўзе на зямлю палахлівы змрок, цягне туды — у канец вёскі. Хадановіч.

2. Паступова, паволі спусціцца, ссунуцца, саслізнуць (аб прадметах). Вецер загуў у вушах, касынка спаўзла на спіну і затрапяталася. Хадкевіч. Пярэднія колы паволі спаўзлі ў прыдарожную канаву. Ваданосаў. У галаве.. [Клімчанкі] хмельна кружылася, бінт зусім споўз з ілба. Быкаў. З лодкі ў ваду спаўзло вудзільна. Гамолка. // Павольна перамясціцца, перайсці (пра святло, прамяні і пад.). Прамень на столі шырыўся, бляднеў, палоса святла спаўзла на сцяну. Шамякін. // перан. Разм. Паступова знікнуць. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў.

3. Размясціцца па пакатай паверхні зверху, над адхон. Вось бярэзнік споўз з узгорка, ссунуўся ў лагчыну. Пташнікаў.

4. Аддаліцца паўзком, сысці. Чарапаха спаўзла некуды.

5. перан. Зневаж. Паступова адыходзячы ад правільных пазіцый, стаць на заганны шлях. Спаўзці ў балота апартунізму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)