поко́й м.

1. спако́й, -ко́ю м., супако́й, -ко́ю м.; (тишина) цішыня́, -ні́ ж.;

те́ло в состоя́нии поко́я физ. це́ла ў ста́не спако́ю;

наруша́ть поко́й паруша́ць спако́й;

ночно́й поко́й (приро́ды) начны́ спако́й, начна́я цішыня́;

2. (отдых) спачы́н, -ну м., спачы́нак, -нку м.;

удали́ться на поко́й пайсці́ на спачы́нак;

3. (комната) уст. пако́й, -ко́я м.;

приёмный поко́й прыёмны пако́й;

не дава́ть поко́я не дава́ць спако́ю;

оста́вить в поко́е пакі́нуць у спако́і;

не име́ть поко́я не мець спако́ю;

не знать поко́я не ве́даць спако́ю;

ве́чный поко́й ве́чны спако́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус. жу́желица, укр. жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш. žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб. zauzălaića ’чарвяк’, славен. žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг. жу̀жел, макед. жужел ’тс’. Ц.-слав. жоужєль ’тс’, ст.-рус. жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).

Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус. арл. жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр. жу́жіль ’шлак’, польск. żużel ’тс’, чэш., славац. žúžol ’вугаль’, славен. žužel ’сасновая сажа’, балг. дыял. жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.

Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь*geugelь > žuželь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганецьначны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цень, ‑ю, М ‑і і (у) цяні́, м.

1. Прастора, заслоненая чым‑н. ад сонца. Нам ясна стане ў гэты дзень, Што зелень уся без Сонца згіне, Што толькі з Сонцам дораг цень! Грамыка. // Цемната, змрок. Начны цень. Вячэрні цень. □ Сонечныя прам[я]ні пранізваюць лясны цень, але воблакі час ад часу закрываюць сонца. Пестрак.

2. Цёмны адбітак прадмета на чым‑н., пры ўмове асвятлення з процілеглага боку. Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. Баранавых. Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі скакалі дзіўныя цені. Арабей. // перан. Пра таго, хто ўвесь час ходзіць за кім‑н., падпарадкоўваецца каму‑н. Раней [Шохан] быў ценем Мудрыка, хадзіў толькі з ім, ва ўсім яму падтакваючы. Навуменка. // перан.; чаго або які. Адлюстраванне ўнутранага стану (трывогі, смутку, болю і пад.). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутны цень. Мележ. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. перан.; чаго. Слабы след, адбітак чаго‑н.; напамінак аб чым‑н. Умеў.. [Чорны] зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Мележ. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. // Пра верагоднасць пагрозы чаго‑н. Каб дзеці вольныя раслі, — Вайны прагонім цень! Агняцвет. Чорнай хмарай не заслоніць межы Цень злавесны атамнай вайны. Звонак.

4. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры каго‑н. Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Навуменка. У лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Маўр.

5. Пра каго‑н. вельмі аслабленага, худога. Як .. [Косця] зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень... Ваданосаў.

6. Спец. Месца на малюнку, карціне, якое перадае найменш асветленыя ўчасткі чаго‑н. Пакласці цені. Ігра святла і ценю.

7. Здань, дух мерцвяка. Усе асноўныя сцэны П. Малчанаў выконвае з вялікім майстэрствам: дыялог Гамлета з ценем бацькі, сцэна «мышалоўкі», маналог «быць ці не быць», сцэна пахавання Афеліі і інш. «Беларусь».

•••

Кідаць цень на каго-што гл. кідаць.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

У цяні — а) непрыкметным, непрыкмечаным (быць, заставацца, трымацца); б) без асаблівай увагі, на заднім плане (пакідаць, трымаць каго‑, што‑н.).

Як цень — неадчэпна (хадзіць за кім‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пора́ ж. (период) пара́, -ры́ ж., час, род. ча́су м.;

весе́нняя пора́ веснава́я (вясе́нняя) пара́, веснавы́ (вясе́нні) час;

ночно́й поро́й у начну́ю пару́, у начны́ час, уначы́ (уно́чы, но́ччу);

пора́ обмоло́та час (пара́) малацьбы́;

в ле́тнюю по́ру у ле́тнюю пару́, у ле́тні час, уле́тку, ле́там;

ра́нняя пора́ чего́-л. ра́нняя пара́а́ннія часы́) чаго́е́будзь;

до по́здней поры́ да по́зняй пары́ (по́зняга ча́су);

поро́й паро́ю, ча́сам, часа́мі;

в поре́ у ро́сквіце;

на пе́рвых пора́х спача́тку, у пе́ршы(я) час(ы́);

в ту по́ру у той час, у ту́ю пару́;

в (об) э́ту по́ру у гэ́ту пару́, у гэ́ты час;

до сих пор а) (до этого времени) да гэ́тай пары́, да гэ́тага ча́су, дагэ́туль; б) (до этого места) дагэ́туль;

до тех пор да той пары́, да таго́ ча́су, дату́ль;

до каки́х (кото́рых) пор? да яко́га ча́су, да яко́й пары́, даку́ль?;

до поры́ до вре́мени да пары́ да ча́су;

с тех пор з той пары́, з тых часо́ў;

с той поры́ з той пары́, з таго́ ча́су;

с э́тих пор з гэ́тай пары́, з гэтых часо́ў;

с э́той поры́ з гэ́тай пары́, з гэ́тага ча́су;

с каки́х (кото́рых) пор? з якіх часо́ў, з яко́й пары́?;

с да́вних пор здаўна́, з да́ўняй пары́, з да́ўніх часо́ў;

в (са́мую) по́ру а) (во время) у час (у са́мы час), у пару́ (у са́мую пару́), своечасо́ва; б) (по размеру) якра́з, як па ме́рцы;

о сю по́ру уст. да гэ́тага ча́су, дагэ́туль.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)