пансіён, ‑а, м.

1. Дзяржаўная або прыватная закрытая навучальная ўстанова з інтэрнатам, у якой выхаванцы жывуць на поўным утрыманні (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). // Платны інтэрнат у некаторых сярэдніх навучальных установах у дарэвалюцыйнай Расіі.

2. Невялікая гасцініца, у якой пастаяльцы забяспечваюцца харчаваннем (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах).

3. Утрыманне на поўным забеспячэнні. Сам.. [Няронскі] чалавек нежанаты і знаходзіцца на поўным пансіёне ў адной яўрэйскай сям’і. Сташэўскі.

[Фр. pension ад лац. pensio — плацеж, узнос, арэндная ці кватэрная плата.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́гія, ‑і, ж.

1. Група асоб, якая ўтварае адміністрацыйны, дарадчы або распарадчы орган. Калегія Міністэрства народнай асветы. Судзейская калегія. Рэдакцыйная калегія.

2. Аб’яднанне асоб адной прафесіі. Калегія адвакатаў. Калегія прапагандыстаў. Калегія прафесараў.

3. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Расіі ў 18 ст. Калегія замежных спраў. Ваенная калегія.

4. Уст. Назва некаторых навучальных устаноў. У 1570 годзе езуіты ў Вільні адкрываюць калегію, якая праз дзевяць год ператвараецца ў акадэмію з падрыхтоўчай школай. Шакун.

[Лац. collegium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бал, бала; мн. балы, балаў; м.

1. Адзінка вымярэння сілы ветру, хвалявання мора, землетрасення. Вецер у пяць балаў. Шторм у дзевяць балаў.

2. Лічбавая ацэнка поспехаў у навучальных установах, дасягненняў у спорце. Пасля практыкаванняў на першых трох снарадах каманда СССР лідзіравала з вынікам 143,05 бала. □ На ўступных экзаменах у інстытут Наташа не дабрала нейкіх там двух нікчэмных балаў, якія і рашылі яе лёс. Краўчанка.

3. Гіст. Шар для падачы голасу за каго‑н. на выбарах. // Голас, пададзены за каго‑н. шляхам апускання шара.

[Фр. balle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́ла, ‑ы, ж. і зал, ‑а, м.

1. Вялікае памяшканне для мнагалюдных сходаў, якіх‑н. заняткаў і пад. Чытальная зала. Канцэртная зала. Спартыўны зал. // Аб людзях, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні. [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. Крапіва. Зал не мог выгаварыцца і сціхнуць. Яго зачапілі за жывое. Пташнікаў.

2. Прасторны пакой у кватэры, прызначаны для прыёму гасцей, адпачынку. Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька, акуратна на мяшчанскі лад. Колас.

•••

Актавая зала — зала для ўрачыстых пасяджэнняў у навучальных і іншых установах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.

2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.

[Ад лац. universitas — сукупнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафе́сар, ‑а, м.

Вышэйшае вучонае званне выкладчыка навучальных устаноў і супрацоўніка навуковых і лячэбных устаноў, якія кіруюць навукова-даследчай і лячэбнай работай; пасада, якую займае той, хто мае такое званне. // Асоба, якая мае такое званне. У адну і тую ж хвіліну прыходзілі выкладчыка, прафесары. Лынькоў. [Рыгор Пятровіч:] — Яе павінны вылечыць! Яна павінна жыць.. Мы даручым яе лепшым прафесарам!.. Шамякін. // Жарт. Вялікі знаўца чаго‑н. Ёсць сотні самых дробязных спраў, у якіх яна перад ім — прафесар. Лупсякоў. Міхальчук жартоўна заўважыў: — Ды ты ж у нас на гэта [на вылічэнні] прафесар. Якімовіч.

[Ад лац. professor — выкладчык, настаўнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слуха́ч, ‑а, м.

1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.

2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.

3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.

•••

Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сія, ‑і, ж.

1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.

2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.

[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экза́мен, ‑у, м.

Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. □ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».

•••

Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.

[Лац. examen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.

1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.

2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.

3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.

4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.

•••

Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).

[Фр. cabinet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)