Куёўдзіцца ’вазіцца, марудзіць’ (Сцяшк. Сл., Нар. словатв., Жыв. сл., З нар. сл., Бяльк.). Укр. куйовдити ’лахмаціць’, рус. куёлдить ’сварыць’. Фасмер (WuS, 3, 202) бачыць у гэтых лексемах прэфікс ку‑, а каранёвую частку ён зводзіць да рус. елдыга ’сварлівы чалавек’, семантычна тоеснага куёлда ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 401). Аднак рус. елдыга само этымалагічна няяснае. Таму пытанне пра паходжанне куёўдзіцца застаецца адкрытым.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Капашы́цца ’шавяліцца, варушыцца’, ’бязладна, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Гарэц., Юрч., Растарг.), ’паволі рухацца, марудзіць’ (Растарг., Др.-Падб.), ’корпацца, важдацца, капацца’ (ТСБМ; брасл., пух., Сл. паўн.-зах.). Укр. копошитися, рус. копошиться, чэш. kopošiti se (якое аднак Махэк₂ (275) лічыць запазычаннем з рус. мовы). Паводле Трубачова (Эт. сл., 11, 23–24), прасл. kopošiti (sę), якое з’яўляецца этымалагічна тоесным да koposati//kopositi — дзеяслоўнага інтэнсіва на ‑s‑ ад kopati > капа́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
раско́ліна, ‑ы, ж.
1. Лінія расколу чаго‑н.; трэшчына. Алешыну раскалола навальніца. Віця нават засунуў руку ў расколіну — такая яна была вялікая. Хомчанка. Сцены хаты, сухія, з глыбокімі расколінамі, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха. Караткевіч.
2. Глыбокая трэшчына ў зямлі, горнай пародзе; цясніна. [Скрут і Балаш] ішлі, пераскокваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі. Шыцік. Марудзіць тут няма калі, і мы хаваемся ў расколіну і па ёй збягаем к берагу. С. Александровіч.
3. перан. Разлад, разыходжанне паміж кім‑, чым‑н., выкліканыя рознагалоссямі, супярэчнасцямі. Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаго́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны?, чаму?, навошта? Але чаго яна [Мальвіна] марудзіць? Чаму не выйдзе да стала? Колас. Чаго хмурыцца неба сіняе? Купала. [Міколу] рабілася млосна і ён злаваўся: чаго.. [Зося] маўчыць ды сумуе? Гартны.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучнікавага слова ў даданых дапаўняльных сказах і адпавядае словам: а) з якой прычыны, чаму. Стаіць дзед і на іх [Міколку з бацькам] глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Лынькоў. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я такі худы. Маляўка; б) навошта, з якой мэтай. Расказаў.. [Андрэй] сонцу, чаго прыйшоў. Якімовіч.
чаго́ 2,
гл. што 1 (у 1, 6, 8, 9 і 13 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ба́віцца 1 ’бавіцца, марудзіць, затрымлівацца; забаўляцца’, сюды ж ба́віць (Шат., Касп., Бяльк., Нас., Выг. дыс.), баві́цца ’праводзіць час без справы’ (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. бавити ’затрымліваць’, ’марудзіць’ (Нас. гіст.; параўн. Бярында, 101: продо́лжую, ба́влю). Прасл. baviti (ст.-рус. бавити, рус. ба́вить, укр. ба́вити ’забаўляць’, польск. bawić, чэш. baviti, балг. ба́вя ’забаўляю’ і г. д.) — стары каўзатыў да byti (гл. быць). Гл. Траўтман, 40–42; Фасмер, 1, 101, 260; Слаўскі, 1, 28; Бернекер, 46–47. Прасл. byti: baviti, магчыма, першапачаткова земляробскі тэрмін, параўн. Гірт, Gram., I, 82. Адносна вакалізма ў *baviti параўн. Курыловіч, L’apophonie, 325. Сюды ба́ўны ’марудны’ (Гарэц.), ба́ўна ’марудна’ (Др.-Падб., Гарэц.). Параўн. і ўкр. (букавін.) ба́вно ’паволі’, якое, аднак, Жылко (Нариси, 234) лічыць старым усх.-слав. прыслоўем.
Ба́віцца 2 ’займацца чым-небудзь’ (Нас.). Гэта значэнне ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Нас. гіст.; Бярында, 17, 21, 33, 59 і наст.). Ст.-польск. bawić займацца чым-небудзь’, серб.-харв. ба̏вити се ’тс’. Відаць, у беларускай мове гэта запазычанне з польскай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Закамы́рдзіцца ’надзьмуцца, пакрыўдзіцца’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. стаўрап. камыза́ ’капрызнае дзіця’, укр. закомези́тися ’закапрызіць’, комези́тися, комизи́тися ’валтузіцца, марудзіць, крыўдзіцца’. За‑, вядома, прэфіксальнае. Магчыма, што і ка‑/ко‑ мае прэфіксальны характар. Тады трэба шукаць зыходны корань тыпу мез‑, мырз‑ (дз < з, відаць, экспрэсіўны пераход, як і устаўка ці апушчэнне ‑р‑). Можа, ён звязаны з рус. дыял. ніжнегар. мырзать ’поўзаць па падлозе’ ці з рус. мерзить, укр. мерзи́ти ’адчуваць, выклікаць агіду’. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тындаль (тындэль) ‘капуста’ ў загадцы: тындэлічка невялічка, тындэль большой (кобр., Рам. Мат. Гр. 1, БНТ, Загадкі). Параўн. укр. дыял. ти́ндель ‘дэталь у возе’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 569). Штучна ўтвораныя назвы, відаць, ад гукапераймальнага імітатыва, як укр. ти́нди‑ри́нди — пра пустую балбатню, рус. ты́нда — пра дурную, неахайную жанчыну, польск. tyndyrundy ‘ступа’ ў загадцы. Параўн. трынды-рынды (гл.) і каш. tindlac są ‘корпацца, марудзіць’, польск. дыял. tindlåčka ‘маруда’ (SEK, 5, 149).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Моняла, мо́няло ’марудны чалавек’ (драг., стол., Нар. лекс.), монятысь ’павольна рабіць’ (драг., Лучыц-Федарэц), укр. монятися ’мяцца, марудзіць, кешкацца’, рус. алан. моньжа ’вялы, хілы, хворы’, ’маруда’, ’п’яны чалавек’, арх. моня ’непаваротлівая, ціхая дзяўчына’. Няясна. Фасмер (2, 651) дапускае, што, магчыма, слова паходзіць ад імя Моня < Митрофан. Непераканаўча. Магчыма, што лексема моня паходзіць з народных вераванняў. Параўн. літ. mõnas ’лясун’, mõnai ’чары’ і іншыя слав.: польск. zmora, паўд.-слав. mora, бел. мана́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сну́дзіць ‘нацягваць вяроўку або нітку з мэтай злавіць каго-небудзь’ (Нас.), ‘настройваць, наладжваць, арганізоўвацць’ (Гарэц., Др.-Падб.), снудзі́ць ‘ненадзейна прыстасоўваць для лоўлі’ (Юрч. Вытв.), снуда́ ‘пастка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана з славен. snúditi se ‘шмыгаць, снаваць’, якое Куркіна (Диал. структура, 116) лічыць этымалагічна тоесным літ. snauduliúti, snausti ‘драмаць, спаць; марудзіць, вагацца’, snaudà ‘дрымота, марудлівасць’, лат. snaũda ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *snou‑ з пашыральнікам d і зыходнай семантыкай ‘снаваць, матаць’. Прасл. *snuditi?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)