Маньку́т 1 ’манюка’ (Янк. 1, Янк. БП), маньку́ха, маньку́ціха ’ілгуха’ (Янк. 3.). З польск. mańkut, mańka ’ляўша’, якое змяніла семантыку: ’леварукі’ > ’які робіць не па-сапраўднаму’ > ’які хлусіць, падманвае’. Параўн. і польск. zażyć kogo z mańki ’ашукаць, падмануць, пажартаваць’. Польск. mańka, mańkut узыходзяць да італ. manca ’левая рука’.
Маньку́т 2, маньку́та ’чучала, падобнае да цецерука, пры дапамозе якога палешукі лавілі цяцерак (Эр эм., Кіркор; браг., Нар. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з манькут 1 (гл.), якое, аднак, асацыіравалася з бел. мані́ць (гл.).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Маталы́га 1 ’той, хто неразумна траціць грошы, маёмасць’ (Растарг.), маталыжка, маталы́жкік ’мот’ (Нас.), ’бадзяга’ (ТСБМ, Нас.), мыталы́га ’жулік’ (Бяльк.), мотолы́га ’круцель’ (ТС), маталы́жнічаць ’жыць падманам, махлярыць’ (Нас.), маталыжыць ’маніць’ (Крыў., Дзіс.). Рус. смал. мотолы́га, мотолы́жка ’бадзяга’, кубан. мотолыж́ник ’жулік’, пск. мотолыга ’хлус’, пенз. ’мот’. Бел.-рус. ізалекса. Да мата́ць/матля́ць (гл.). Суфікс ‑ыга надае лексеме адмоўна-экспрэсіўнае значэнне.
Маталы́га 2 ’голень’ (Касп.). Рус. пенз., ніжагар., урал. мотолы́га ’вялікая косць’, цвяр., ёнаўск. (ЛітССР) мостолы́га ’доўгая худая нага’. Бел.-рус. ізалекса. Да масол (гл.).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Лухта́ ’бязглуздзіца, недарэчнасць, глупства’ (Нас., Гарэц., Дразд., Бяльк., Нар. Гом.), лухта непадсяваная ’бяссэнсіца’, ’манюка, балбатун’ (Юрч. Фраз. 2), лухту малоць, лухту пароць ’гаварыць недарэчнасць’ (Яруш.), лухці́ць ’маніць’, ’гаварыць бязглуздзіцу’ (Нас.). Рус. смал., цвяр., краснаяр. лу́хта, лухта́ ’бязглуздзіца, глупства’. Бел.-рус. ізалекса, магчыма, прасл. вузкі рэгіяналізм, утвораны ад xlusiti, у якім пачатковае x‑ адпала, а карэннае ‑s‑ нерэгулярна перайшло ў ‑x‑. Xlusiti роднаснае са sluxъ (дыстантная метатэза). (Слаўскі, SP, 2, 41–42; ён жа, SP, 1, 70–71). Аб xlusiti гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 40.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Матлашы́ць, мотлошы́ты ’рваць на шматкі, прыводзіць у бязладны стан’, ’біць, дубасіць, нішчыць’ (ТСБМ, Клім.), ’махаць рукамі’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. мотлоши́ти ’тс’, рус., кур. мо́тлах ’анучы, акраўкі, дробныя кавалкі чаго-небудзь’, польск. motłoszyć ’трэсці, тармасіць, драць, рваць, ціснуць’, чэш. matlati ’мяшаць’, ’ціснуць, блытаць, збіваць з толку’, matlanina, matloch ’сумесь’, ’нясмачная каша’, мар. matlocha ’мямля’, motrchati ’збіваць з толку, прыводзіць у бязлад’. Да прасл. matati ’хлусіць’, якое з’яўляецца інтэнсівам на ‑t‑ ад асновы *mā‑ (параўн. мані́ць, ма́ра), роднасным да якога будзе лат. ap‑māt ’махаць’ (Махэк₂, 354). Да мата́ць (гл.).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Сты́рыць ‘стаяць, прысутнічаць, дыжурыць’ (Варл.), ‘украсці’ (Яўс., Мат. Гом.), сту́рыць, сты́рыць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, сюды ж стыря́тысь ‘здохнуць, памерці (пра пчол)’ (драг., Жыв. св.). Параўн. рус. сты́рить ‘дражніць; украсці; спрачацца, сварыцца’, сты́ра ‘хто любіць спрачацца’, ‘сонная гультаяватая кабета’, укр. дыял. сти́ра ‘напасць; спакуснік’, а таксама каш. stořëc ‘хваліць, маніць, ашукваць’. Няясна; ненадзейныя параўнанні з ісл. styr ‘вайна’ (Шымк. Собр.), с.-н.-ням. stûr ‘неслухмяны, непакорлівы’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 789; ЕСУМ, 5, 416. Хутчэй за ўсё, звязана чаргаваннем з настырны (гл.). Борысь (SEK, 4, 364–365) мяркуе пра сувязь з *strčati, гл. стырчаць.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Ма́нія 1 ’псіхічны стан’, ’незвычайная цяга, слабасць да чаго-небудзь’ (ТСБМ). З польск. mania ’тс’ або з рус. мания (Крукоўскі, Уплыў, 88), якія з лац. mania < ст.-грэч. μανία ’шаленства’, ’захапленне, цяга’ < μαίνομαι ’шалею, вар’яцею’ (Брукнер, 322; Фасмер, 2, 569). Сюды ж манья́к, ст.-бел. маньякъ ’шалёны’, якое з с.-лац. maniacus ’тс’.
Ма́нія 2 ’здань, прывід’ (Ян.). Укр. манія́ ’тс’, рус. паўн., усх., перм. манья́ ’прывід (звычайна ў выглядзе старой кволай жанчыны)’, варон., паўд., зах. манья́к ’прывід, які з’яўляецца перад жнеямі’, тул. ’злы дух у выглядзе знічкі’. У выніку кантамінацыі мана́ (< мані́ць) і ма́нія 1. Гл. таксама маняя́.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Махлява́ць, махлева́ць ’ашукваць, жульнічаць’ (Нас., Шат., Касп., Бір. Дзярж., Сцяшк., Сцяц., Федар. 2, Сл. ПЗБ), ’круціць, маніць, хітрыць’ (КЭС, лаг.), рагач. мухлева́ць, тураў. мухлёва́ць ’тс’ (КЭС, ТС), мыхлюва́цца ’карыстацца воляй і добрымі ўмовамі’ (Бяльк.). Ст.-бел. (вы)махлевати (XVII ст.) ’змахляваць’ запазычана са ст.-польск. machlować ’махляваць, падманваць’, якое з н.-ням. makeln, mäkeln, гал. makelen < maken = machen ’рабіць’ (Брукнер, 317). Фасмер (3, 19) рус. махлевать, мухлевать, мухловать, мухлять ’падманваць’ выводзіць, аднак, з ням. (арго) moheln ’пазначаць карты’ (адкуль новав.-ням. mogeln ’хітрыць, надуваць’), якое са ст.-яўр. mâhal ’разбаўляць віно’. Сюды ж махлёўка ’ашуканка’ (Нас.).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Трайла́, трэйло́, трала́ ’балбатуха, лапатуха; балбатун, лапатун’ (Сл. ПЗБ), тра́йла ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ваўк., ЛА, 3), трайлава́ты ’балбатлівы’ (шальч., Сл. ПЗБ), трайло́чыць ’балбатаць’ (LKK, 1975, 16, 190). Параўн. польск. аргат. trajla ’трапло, балбатун’, trajlować ’плявузгаць, чмуціць, маніць’, літ. tráila ’пустамеля, пустамалот’. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне (Зданцэвіч, LP, 8, 350; Лаўчутэ, Балтизмы, 73 і 85; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) патрабуюць дадатковай аргументацыі, паколькі літоўскія словы маюць гукапераймальнае паходжанне, параўн. tralė ’вясёлыя песенькі’, tráiloti ’спяваць вясёлыя песенькі’ і пад., параўн. выклічнік тра-ля-ля, трэліць ’плявузгаць, балбатаць’ (гл.); такое ж паходжанне можна дапусціць і для славянскіх слоў.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Трымана́ ‘надакучлівы чалавек’ (Мат. Гом.). Відаць, да трымані́ць ‘гаварыць абы-што, хлусіць’ (гл. траманіць, для якога прапануецца літоўская крыніца запазычання). Можа быць звязана з мані́ць, ману́ць, аднак па значэнні і па форме слова бліжэй да славен. tŕmen ‘упарты, капрызны, натурысты’, харв. чак. ne trmi ‘не ўпірайся’, якія Борысь (RS, XLI, 1, 40 -41) узводзіць да прасл. *trьměti ‘тырчаць, заставацца на сваім, упірацца’, што дало каўзатыў *trimati (Борысь, 652), гл. трымаць. У такім выпадку трыманіць можа быць другасным утварэннем ад назоўніка або прыметніка, параўн. укр. тримни́й ‘трывалы’; сюды ж, магчыма, і ўкр. тримо́нний няпэўнага значэння і паходжання (ЕСУМ, 5, 638).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)