разлята́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разляціцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Развявацца, аплятаць у бакі ад павеваў ветру і пад. Мужчына, што ішоў побач з Бялькевічам, увесь час адкідваў рукою чорныя валасы, а яны разляталіся і падалі на лоб ад хуткай хады. Савіцкі. Толя крадком, міжвольна зірнуў .. [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль.

разлята́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаўшы лятаць, захапіцца лятаннем, палётамі; разлётацца. Ластаўкі разляталіся перад дажджом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. [Мэр] распісаўся разборліва, буйна, размашыста, праз усю старонку. Шамякін. // перан.; у чым. Іран. Сваімі паводзінамі, учынкамі пацвердзіць што‑н. у адносінах да сябе. Распісацца ў сваёй бездапаможнасці.

2. Разм. Зарэгістраваць свой шлюб. Калі Ліпа адзелася, Сяргей павёў яе снедаць у афіцэрскую сталовую, а праз дзве гадзіны яны распісаліся. Жыць Сяргей перайшоў да Ліны. Хомчанка.

3. Разм. Пачаўшы пісаць, захапіцца пісаннем. — Ужо? От распісаўся! — глянуўшы на гадзіннік, ускочыў з крэсла Камлюк і ўподбег заспяшаўся ў пакой да радыстаў. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаўшы іграць, натхніцца, захапіцца ігрой. Потым Марыля разыгралася. Дзе падзелася скаванасць. Першая дзея закончана. Пляскалі ў далоні доўга. М. Ткачоў. Але варта .. [Люсі] было толькі разыграцца, і яна адразу перамянялася. Карпюк.

2. Разм. Пайграўшы некаторы час, настроіцца на лёгкую і свабодную ігру на якіх‑н. інструментах.

3. Паступова ўзмацніцца, дасягнуць высокай ступені ў сваім праяўленні. Апетыт разыграўся. Хвароба разыгралася. / Пра з’явы прыроды. Разыгралася бура.

4. Адбыцца, здарыцца. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. Але тут нечакана разыграўся такі эпізод, пасля якога ў Ясенях цэлы тыдзень смяяліся з Пятрэся. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́ць, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што-н. прымацаванае).

Адарваць лісток календара.

2. звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад.

Выбухам бомбы адарвала ногі.

3. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць.

А. ад падлогі.

4. перан. Разлучыць; аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім-, чым-н.

Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш.

5. перан. Перашкодзіць займацца чым-н., адцягнуць (ад думак і пад.).

А. ад работы.

А. ад чытання.

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго-, чаго-н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што-н. з вялікай ахвотай.

|| незак. адрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адрыва́нне, -я, н. (да 1 знач.) і адры́ў, -ры́ву, м. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увайсці́, увайду́, уво́йдзеш, уво́йдзе; увайшо́ў, -шла́, -ло́; увайдзі́; зак.

1. Уступіць, пранікнуць унутр.

У. ў дом.

У. ў гісторыю (перан.: захавацца ў памяці чалавецтва).

2. Уключыцца ў склад, у члены чаго-н.

У. ў склад праўлення.

3. Змясціцца.

У бочку ўвайшло яшчэ адно вядро вады.

4. Асвоіцца з чым-н., унікнуць у што-н.

У. ў новую работу.

У. ў курс справы.

5. У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі азначае пачатак дзеяння, стану, названага назоўнікам.

У. ў моду (стаць звычайным, прывычным). У. ў прывычку (стаць прывычным). У. ў азарт (моцна захапіцца чым-н., адчуць запал да чаго-н.). У. ў давер (пачаць карыстацца даверам). У. ў сілу (падужэць, а таксама стаць законным, дзейным).

6. Прайсці які-н. шлях (разм.).

У. дзесяць кіламетраў.

|| незак. увахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1—5 знач.).

|| наз. увахо́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.) і увахо́джанне, -я, н. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

захапле́нне, ‑я, н.

1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.

2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.

3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.

4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

помеша́ться сов.

1. (сойти с ума) звар’яце́ць;

2. (на ком, на чём) перен. страшэ́нна (шалёна, да вар’я́цтва) захапі́цца (кім, чым), страшэ́нна (шалёна, да вар’я́цтва) палюбі́ць (каго, што); не по́мніць сябе́ ад захапле́ння (кім, чым), ад лю́басці (да каго, да чаго); стра́ціць ро́зум ад захапле́ння (кім, чым), ад лю́басці (да каго, да чаго).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́сціся 1, уесца; уядуцца; пр. уеўся, уелася; зак.

1. Глыбока пранікнуць, упіцца ў што‑н. (пра фарбу, пыл і пад.). У натруджаныя рукі Антона Пятровіча ўеліся драбнюсенькія пылінкі металу. Даніленка. У лазні Сымон старанна мыў рукі, бо ў іх яшчэ ў першы дзень работы ўелася смала. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы. Пташнікаў. // перан. Глыбока ўкараніцца. Уеліся прафесійныя звычкі. // перан. Разм. Вельмі захапіцца чым‑н., глыбока ўнікнуць у што‑н. Уесціся ў работу. □ Два вяскоўцы ля акна ўеліся ў карту. Шынклер. Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Гарэцкі.

2. Урэзацца, упіцца; угрызціся. Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. Піла хутка ўелася ў мякіш сасновай кары. Галавач. Шчоўкнула, уелася ў грудзі Кароткая чарга!.. Лойка.

3. перан. Разм. Надоўга застацца ў памяці, сэрцы і пад. Звон ходзікаў на ўсё жыццё ўеўся ў памяць Аксёну. Дуброўскі.

•••

Уесціся ў косці (пячонкі) — вельмі надаесці, апрацівець.

уе́сціся 2, уемся, уясіся, уесца; уядзімся, уясцеся, уядуцца, пр. уеўся, уелася; зак.

Разм.

1. Прывыкнуць да якой‑н. стравы, корму; пачаць добра есці.

2. (часцей з адмоўем «не»). Наесціся (пра што‑н. вельмі смачнае). Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясіс[я]!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)