патанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што і без дап.

Танцаваць некаторы час; пратанцаваць. [Астапчык:] Што ж вы сядзіце тут? Пайшлі б патанцавалі, і дзяўчатам вашым было б весялей з вамі. Машара. У рэстаране граў духавы аркестр. Алена запрасіла Сашку патанцаваць. Гроднеў. Раніцай .. [Чыжык] зноў расклаў агонь. Патанцаваў каля яго, каб сагрэцца, паснедаў і зноў выйшаў на бераг. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Народны духавы музычны інструмент у выглядзе драўлянай або чарацянай трубкі з круглымі дзірачкамі. За бакавым узгоркам чуліся высвісты пастуховых дудак. Гартны.

2. Разм. Сцябліна, звычайна пустая ўнутры. Дудкі чароту. □ Я іду паўз платы, за якімі зелянеюць дудкі цыбулі. Наўроцкі.

•••

Іграць у адну дудку гл. іграць.

Скакаць пад чыю дудку гл. скакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

альт, ‑а, М альце; мн. альты, ‑оў, м.

1. Нізкі дзіцячы або жаночы голас. Вучань звонкім альтам адказваў, а.. [настаўніца] папраўляла яго меладычным галаском. Ермаловіч. Гэтыя начныя хоры складаліся галоўным чынам з дзявочых альтоў і дыскантоў. Васілевіч. // Той, хто спявае такім голасам. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мелодыі арыі. Гартны.

2. Другая па вышыні партыя шматгалосага музычнага твора.

3. Музычны смычковы або медны духавы інструмент нізкага рэгістру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серпанці́н, ‑у, м.

1. Скрутак доўгай вузкай стужкі з каляровай паперы, які кідаюць у публіку на балях, карнавалах і пад. Зайграў школьны духавы аркестр, моладзь пайшла танцаваць... Раптам веерам узляцела канфеці, абсыпаючы танцораў, пайшоў у ход серпанцін. Гурскі.

2. перан. Участкі звілістай горнай дарогі. Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Караткевіч.

[Фр. serpentin ад serpent — змяя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свісцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Духавы народны музычны інструмент у выглядзе дудкі з дрэва або чароту. З вуліцы чуваць трэск барабана, віск флейты-свісцёлкі і размерны тупат ног. «Маладосць».

2. Тое, што і свістулька. Андрэйка трымае ў руках лазовую свісцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка свішча. Бядуля. Свісцёлкай з лапушыны Ён [Пеця] свішча з-пад рукі І голасам птушыным Іх [шчыглоў] вабіць на сілкі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́нар, ‑а, м.

1. Самы высокі мужчынскі голас. Лірычны тэнар. Драматычны тэнар. □ І набірае сілы песня, і нечы юначы тэнар ужо імкне ўгору, вядзе яе, звонкую, галасістую. Хадкевіч. І звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары. Ваданосаў. // Спявак, які мае такі голас. Міша сказаў, тэатральным жэстам выкінуўшы ў бок Альберта руку: — Прашу мець на ўвазе — лірычны тэнар. Ярашэвіч.

2. Духавы музычны інструмент, які ўваходзіць у склад духавога аркестра.

[Іт. tenore.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамбадухавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫбадухавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гармо́нік, ‑а, м.

1. Духавы музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодыю. Асіпенка.

2. у знач. прысл. гармо́нікам, у гармо́нік. Густымі паралельнымі складкамі (пра паперу, скуру і пад.). Халявы гармонікам. □ Сціснуў [Ігналя] кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і мармытаў сабе пад нос: — Ліха на мяне! Ліха на мяне! Бядуля.

•••

Губны гармонік — музычны інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труба́, -ы́, мн. тру́бы і (з ліч. 2, 3, 4) трубы́, труб, ж.

1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет пераважна круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары і пад.

Водаправодная т.

2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы.

3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі.

Матачная т.

4. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра дрэннае становішча, гібель, пагібель (разм.).

Цяпер нам — т.

Справа — т.

Вылецець у трубу (разм.) — разарыцца, застацца без грошай.

Хвост трубой (разм., жарт.) — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе самаўпэўнена.

|| памянш. тру́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. тру́бны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сурма́1 ’хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурмадухавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)