ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР «НЯМІ́ГА».

Створаны ў 1990 у Мінску. Кіраўнікі: А.​Берын (арганізатар і гал. дырыжор да 1995), Г.​Праватораў (з 1995), з 1996 з аркестрам працуюць дырыжоры П.​Вандзілоўскі, В.​Бартноўскі, В.​Міхновіч. У рэпертуары творы муз. класікі (Р.​Вагнер, І.​Штраус, Г.​Берліёз, М.​Равель, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў), бел. (Г.​Вагнер, І.​Лучанок, Э.​Казачкоў) і інш. сучасных кампазітараў (Б.​Брытэн, Ч.​Айвз, Л.​Бернстайн, А.​Рэспігі, М.​Брух, В.​Персікеці). Калектыў творча супрацоўнічае з бел. выканаўцамі І.​Алоўнікавым, А.​Ісаевым, В.​Мазур і інш., замежнымі музыкантамі. Здзейсніў шмат запісаў для фондаў Бел. тэлебачання і радыё. Сярод артыстаў прафесары Бел. акадэміі музыкі В.​Волкаў, Р.​Лагонда, Б.​Пянчук. На базе аркестра працуюць дыксіленд, ансамбль старадаўняй і сучаснай музыкі, брас-квінтэт. Пра аркестр зняты дакум. фільм (1991).

Т.​Л.​Цітова.

Мінскі духавы аркестр «Няміга».

т. 10, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (ад ням. Horn рог),

медны духавы муз. інструмент без вентылей, з канічным каналам. Выкарыстоўваюць для падачы сігналаў у арміі.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУР,

1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс. н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз. Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.

2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.

І.​Дз.​Назіна.

Лур старажытны.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МУЗЫ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1940 у Брэсце як муз. вучылішча. З 1993 каледж. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): нар. інструменты; спевы, струнныя, духавыя і ўдарныя інструменты; тэорыя музыкі; фартэпіяна; хар. дырыжыраванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае. Пры каледжы працуюць: дзіцячая муз. школа з прафарыентацыяй (з 1994); хор, аркестры (бел. і рус. нар. інструментаў, духавы, сімфанічны).

Г.​В.​Сегянюк.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБНЫ́ ГАРМО́НІК,

духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з комплексу метал. язычкоў, замацаваных на абодвух баках планкі, да якой прылягае драўляная або пластмасавая пласцінка з проразямі; праз іх струмень паветра трапляе на язычкі. У кожным канале 2 галасы, адзін з якіх гучыць пры выдыху, другі — пры ўдыху. Існуюць з сярэдзіны 19 ст., найб. пашыраны ў краінах Цэнтр. Еўропы. Вядомы губныя гармонікі розных сістэм з рознымі дыяпазонамі (1—3 актавы), з храматычным гукарадам, з клавішамі і інш. Найб. пашыраны ў строях С, G, F, а.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫТО́Н (італьян. baritono),

1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as​1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм. тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.

2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).

3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).

4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГ-БЭ́НД (англ. big band),

тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.​Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.​Дорсі, А.​Шоу, Ч.​Уэба, К.​Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.​Гараняна, А.​Крола (Расія), К.​Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),

медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f​2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар. інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец. муз. установах.

І.​Дз.​Назіна.

Валторна.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЫ́НКА, шарманка,

механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст. ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.

Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.​Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.

Катрынка.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)