бяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае шчаслівай долі; няшчасны. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Той час мінуў, калі ў бядзе і скрусе Рабом палоскі вузкай і сахі Быў люд бяздольны даўняй Беларусі — Жыхар нізін, балот і пушч глухіх... Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыклёп, ‑у, м.

Разм. Аб чым‑н., што не адпавядае сваёй сапраўднай сутнасці; адзін выгляд, форма. Цётка, канешне, была тут толькі прыклёпам, Сымон пайшоў на сувязь з нашымі партызанамі. Навуменка. Праўда, сваты і цяпер бываюць часам на вяселлі, Але што гэта за сват: прыклёп адзін. Пальчэўскі.

•••

Дзеля (для) прыклёпу — для выгляду, для прыліку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сепара́тар, ‑а, м.

1. Апарат для выдзялення аднаго рэчыва з саставу другога. Малочны сепаратар. Адстойны сепаратар. Магнітны сепаратар. □ Сапраўды, неразумна адвозіць малако за дваццаць кіламетраў на малочны пункт толькі дзеля таго, каб там прапусцілі яго праз сепаратар. Дуброўскі.

2. У машынабудаванні — металічная або пластмасавая, абойма для раздзялення шарыкаў або ролікаў у падшыпніках.

[Ад лац. separator — аддзяліцель.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

статы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Акцёр, які выконвае на сцэне другарадным ролі без слоў, удзельнік масавых сцэн. Калі была патрэба, усе .. [хлапчукі] выходзілі на сцэну статыстамі. Рамановіч.

2. перан. Асоба, якая адыгрывае зусім малую ролю ў той ці іншай справе, дзейнічае пасіўна. Тым, хто запрашаўся дзеля кампаніі, відаць, апрыкрала роля статыстаў. Навуменка.

[Ад грэч. statos — які стаіць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахрысці́ць, пахрышчу, пахрысціш, пахрысціць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць некалькі разоў. Пахаваў поп дзіця, пахрысціў тройчы магілу, выпіў першы, пакуль сабраліся людзі, чарку на хаўтурах і паехаў. Пальчэўскі.

2. Тое, што і ахрысціць (у 1 знач.). [Мікодым] і сыноў сваіх у касцёле, а не ў царкве пахрысціў. І ўсё дзеля таго, каб мо якую выгаду мець. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэкла́ма, ‑ы, ж.

1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.

2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.

[Ад лац. reclamare — крычаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.

1. што. Згінаючы, зрабіць трэшчыну; надламаць. Прыламаць галінку.

2. перан.; каго. Разм. Змяніць (характар, звычкі і пад.). І тут.. думка яго спынілася.. [Толяк] аж жахнуўся вялікіх перспектыў, калі ўсё ўдасца. Тут можна і прыламаць сябе, хоць дзеля вока людскога. Чорны. // Прывучыць да чаго‑н. — Я от толькі Цімоха ніяк не прыламаў, каб маю скрыначку падносіў! — жартуе Вейс. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шабельныя ножны. □ І дзеля яго [будаўніка] тут сабраліся тыя, Што некалі ў гэткім узросце, як ён, Ляцелі з Будзённым на схілы крутыя, На пікі густыя, пад шабельны звон. Гілевіч. // Узброены шабляй (шаблямі). Нехта знаёмы, знаёмы здалёк ідзе: Ці дожджыку кропля над заваддзю сіняй, Ці звонкае вяселле на высокім покуце... Ці шабельная ў мыльнай пене конніца. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перагля́ды, перагля́дзіны ’агледзіны’ (смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.) — з перагле́дзець ’разгледзець, абмеркаваць яшчэ раз’. Семантычна найбольш блізка стаіць рус. разан. гля́дать ’аглядаць каго-, што-небудзь дзеля азнаямлення, пераканання ў наяўнасці’. У выніку пераносу значэння ўзніклі перагля́ды, пірагля́дзіны ’паездка нявесты да жаніха’ (смарг., астрав., Сл. ПЗБ), як пярэзвы, перазоў. Падобныя да бел. перагляд зах.- і паўд.-слав. (польск. przegląd, чэш. přehled, н.-луж. рśeglěd ’перагляд, агляд’, серб.-харв. пре́глед ’агляд(анне)’, макед. преглед ’тс’, славен. preglèd ’агляд, праверка’) — новыя ўтварэнні, калькі з ням. Übersicht ’агляд, назіранне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыклёп, прыклёпка, пры́клеп, пры́кляп ’падстава, прычына, зачэпка; удзел у якой-небудзь справе толькі для бачнасці’ (ваўк., Арх. Федар.; дзярж., Нар. сл.; сакол., Стан.), для (дзеля) прыклёпу ’для бачнасці, для прыліку’ (слонім., Нар. словатв.; Нар. Гом.). Утварэнні ад кляпа́ць ’паклёпнічаць’ (гл.; канстатуецца яшчэ праславянская даўніна гэтага значэння) < прасл. *klepati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 7–9) з далейшым развіццём семантыкі, часткова абумоўленым значэннем непаўнаты дзеяння, якая ўтрымліваецца ў прэфіксе. Параўн. таксама Варбат, SlW, 155. Станкевіч (Зб. тв., 2, 182) лічыць слова адпаведнікам польск. pretekst, рус. повод.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)