барада́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.
2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкла́сці, ‑кладу́, ‑кладзе́ш, ‑кладзе́; ‑кладзём, ‑кладзяце́; зак., каго-што.
1. Прыкладваючы што‑н. да чаго‑н., пакрыць з усіх бакоў. Абкласці печ кафляй. □ А галава кружылася. Здавалася, што ўсяго яго [Курта] абклалі мяккім цёплым пухам. Сабаленка. Кабана палажылі на дварэ, абклалі яго саломай, і бацька са здавальненнем запаліў запалку. Чарнышэвіч. // Загарнуць, абгарнуць. Абкласці кнігу газетай. // Пакрыць суцэльнай масай; зацягнуць. Чорныя хмары абклалі неба. / безас. Пакрыць (язык, горла) белым налётам пры хваробе. Горла абклала. // Абшыць што‑н. чым‑н. Абкласці каўнер футрам.
2. Акружыць войскам; асадзіць. Абкласці горад. // Абкружыць звера на паляванні. Касцы адразу паўскак[в]алі, Драпежніка з усіх бакоў абклалі. Валасевіч.
3. Абавязаць да выплаты натурай або грашыма каго‑н. Абкласці падаткам. Абкласці пошлінай.
4. Разм. груб. Вылаяць непрыстойнымі словамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.
2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.
3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ніцца, ‑ніцца; незак.
Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмуры́ць, чмуру, чмурыш, чмурыць; незак., каго-што і без дап.
1. Дурыць, адурманьваць, тлуміць. [Зоя:] — Дзень і ноч на заводзе і дома мудруе і майструе. Я ўжо казала яму: кінь ты, не чмуры галавы. Сабаленка. — Заўтра... Паслязаўтра. Пасля дожджыку ў чацвер, — ужо весела жартуючы, сказаў Каляда.. — Ты мне не чмуры — пасля дожджыку! Ваданосаў.
2. Ашукваць, абдурваць каго‑н., збіваць з толку. І тулілася ўдоўка, Пеставала прымака: — Ну й разумная галоўка! Як людзей ты чмурыш лоўка! Ну і лёгкая рука! Валасевіч.
3. без дап. Гаварыць, рабіць глупствы; хлусіць; прыдурвацца. [Антонаўна:] — А не чмуры ты, стары дурань. Дзяцей пагадаваў, а розуму не набраўся. Прокша. [Раіса:] — Кіньце чмурыць... Я не такая наіўная, каб не пазнаць, як крычыць сава. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслабані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм.
1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.
2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.
3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.
4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
Разм.
1. на чым і без дап. Нажыцца, разбагацець. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Караткевіч. Антон Баравіцкі.. так і не разжыўся на вясельных заработках. Вітка.
2. Пачаць жыць няблага, стаць матэрыяльна забяспечаным. Пасля вайны Якуб У зямлянцы нейкі час туліўся. Затым крыху разжыўся І збудаваў сабе ён новы зруб. Валасевіч. [Аляксандр] папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі. Грахоўскі.
3. на што, чым, чаго. Дастаць, раздабыць што‑н. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Лужанін. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Навуменка. — На першы раз невялікае трэба, — сказаў вайсковец. — Чайку мы ў вас, гаспадынька, не разжывёмся? Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распу́ста, ‑ы, Д ‑у, М ‑сце, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сце, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. ж. Распусны спосаб жыцця. Маладзіца.. [Кацярына] — нішто сабе. Дарма, што кажуць, нібыта за распусту муж кінуў. Затое паглядзець на яе — душу адвесці. Гроднеў. Казёл з гадамі кінуўся ў распусту. Сягоння ён адной закруціць галаву. Назаўтра — новая каза па густу, А там ён з трэцяю скубе траву... Валасевіч.
2. ж. Свавольства, раздуранасць, адсутнасць дысцыпліны. Мне здавалася, што .. [малыя] залішне крычаць, без прычыны б’юцца, усюды лезуць, і гэта ў іх ад распусты. Карпюк. — Замуж збіраюцца [дзяўчаты], а за зіму ручайку кужалю не напралі. Распуста ды і толькі. Сергіевіч.
3. м. і ж. Пра таго, хто раздурэў, распусціўся. Так могуць рабіць толькі распусты, а я ведаў, што Волечка не распуста. Чарнышэвіч. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, Яго разувалі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)