цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́менна, часціца.

1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу. Шыцік. [Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. В. Вольскі.

2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Чарнышэвіч. / У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер... Брыль. // Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.

3. (часта ў спалучэнні з «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́ра ’від грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

убра́нне, ‑я, н.

1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.

2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́тка1 ’маці, мама’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’мачаха’ (Яшк., Назвы), ма́тачка ’маці’ (Шат., Растарг.), ’самка некаторых жывёл, птушак і насякомых (пчол)’ (ТСБМ, Бес., Нас., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ма́тка, рус. ма́тка ’тс’, пск. ’сястра жаніха, нявесты’, пецярб. ’хрышчоная маці’, ярасл. матка старенькаябабуля’ (тое ж славац. stará matka); польск. matka ’маці’, ’пчаліная матка’, ст.-польск. matka ’цётка’, ’мамка’; чэш., славац. matka ’матка’; на паўд.-слав. тэрыторыі і Паноніі калісьці таксама было matka, якое пазней выцесніла majka/майка, matica (параўн. венг. mátka ’нявеста’, алб. mëtkë ’пчаліная матка’). Прасл. matъka — дэмінутыў да mati > ма́ці (гл.). Значэнне ’пчаліная матка’ ў лексемы matъka таксама вельмі старое; аналагічнае назіраецца ў англасаксаў. У іншых і.-е. народаў ужываюцца словы мужчынскага роду: rēx, βασιλέυς, König і да т. п. (Reallexicon, 1, 278). Сюды ж матка‑і‑мачаха ’падбел, Tussilago farfara’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) мяркуе, што матка ў смал. гаворках было запазычана з польск. мовы.

Ма́тка2 унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл’ (ТСБМ), ’сцябло ніжняй часткі хмелю’ (акц., Мат. Гом.). Да ма́тка1. Аналагічна яшчэ лац. mātermātrīx.

Ма́тка3, ма́ткы, маткы́ ’спарыння ў жыце, Claviceps purpurea Tul.’ (пін., Шатал.; драг., Нар. лекс.), зах.-укр. ма́тка ’тс’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 19). Да ма́тка2. Спарыння выкарыстоўваецца ў гінекалогіі.

Ма́тка4 — адзін з капітанаў дзвюх каманд, выбраны перад пачаткам дзялення на каманды’ (гродз., Нар. словатв.). Рус. алан., арханг., валаг., перм., наўг., пенз. матка ’тс’, чэш. matka, máma. Відавочна, да матка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.

1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.

2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).

3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.

•••

Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́ба1 ’старая жанчына; бабка, бабуля; павітуха; жанчына наогул’. Рус., укр. ба́ба, польск. baba, чэш. baba, bába, балг. бáба, серб.-харв. ба̏ба і г. д. Прасл. baba. Параўн. літ. bóba ’старая’, лат. bãba, с.-в.-ням. bābe, bōbe ’старая’, buobe ’хлопчык’, італ. babbo ’бацька’ і г. д. Мабыць, усе гэтыя словы па паходжанню з дзіцячай мовы. Гл. Праабражэнскі, 1, 10; Бернекер, 36; Траўтман, 23; Фасмер, 1, 99; Фрэнкель, 52; Махэк₂, 39–40; БЕР, 1, 22–23. Параўн. таксама Мейе, Études, II, 247. Некалькі інакш Бадуэн дэ Куртэнэ, Szkice, I, 435 і наст. Да фаналогіі падобных тэрмінаў дзіцячай мовы гл. Якабсон, Writings, I, 538–544. Неверагодна Траймер, які лічыць baba словам каўказскага паходжання (аб гэтым гл. Фасмер, ZfslPh, 26, 60). Відаць, прасл. babaбабуля’ замяніла больш старое (з і.-е. сувязямі) прасл. ova ’тс’ (параўн. в.-луж. wowka). Гл. Шустэр–Шэўц, Сл. фил. Отгов., I, 67; ZfSl, 6, 574. Амаль усе лічаць, што ад baba, babъka метафарай утвораныя назвы розных прадметаў (гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165; падрабязней гл. ніжэй пры паасобных словах). Але гэта не бясспрэчна (так Попавіч, ЈФ, 19, 159–171, рэканструюе самастойную аснову bab‑|bob‑|bǫb‑).

Ба́ба2 ’прылада, цурбан для забівання свай у зямлю’ (Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Інстр. I). Відавочна, старая метафара баба1 (гл.): назвы для цяжкіх і тоўстых прадметаў часта ўтвараюцца ад гэтага слова. Падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba ’калода, цурбан для забівання свай’. Гл. яшчэ Брукнер, 9; Шанскі, 1, Б, 4.

Ба́ба3 ’саха, развіліна калодзежнага жураўля’ (Тарн., ДАБМ, 808, Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц.). Відавочна, старая метафара да баба1 (гл.). Аб матывацыі называння гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Рус. ба́ба ’тс’.

Ба́ба4 ’назва ежы’ (Бесар.), ’бабка, яда, прыгатаваная з дранай бульбы’ (Бяльк.). Рус. ба́ба ’від куліча’, укр. ба́ба ’від печыва’, польск. baba, чэш. bába. Слова не вельмі яснага паходжання. Відаць, ва ўсх.-слав. мовах гэта паланізм (гл. Шанскі, 1, Б, 4). У зах.-слав. мовах яго паходжанне таксама няяснае. Некаторыя лічаць, што гэта метафара да баба1 (Брукнер, 9), параўн. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Па версіі Махэка₂, 40, слав. слова запазычана з ням. Babe, Bäbe (з гэтым пагаджаецца Шанскі, 1, Б, 4), але Крэчмер, Wortgeögr., 353, Пауль, Wörterb., 65 і іншыя (гл. Махэк₂, 40) выводзяць ням. слова з слав. моў. З іншага боку, Попавіч (ЈФ, 19, 159–171, гл. асабліва стар. 168) хоча бачыць тут аснову bab‑ (гл. баб-), не звязаную з baba ’жанчына’.

Ба́ба5 ’нарыхтаваная гліна, шчыльна збітая ў горку прамавугольнай формы’ (Вярэн.). Параўн. і ўкр. ба́ба ’вялікі шарападобны камяк ганчарнай гліны’. Мусіць, метафара да ба́ба1 (гл.). Аб матывацыі гл. Шулан, SSlav., 153–165.

Ба́ба6 ’гатунак грушы; бэра’ (Сцяц.). Параўн. укр. ба́ба, польск. baby ’гатунак грушы’. Як і многія падобныя назвы, ад баба1 (гл.) па знешняму падабенству грушы да тоўстай жанчыны. Але параўн. і магчымасць паходжання ад прасл. асновы bab‑ (гл. пад ба́ба1).

Ба́ба7 ’расліна адуванчык Taraxacum officinale’ (палес., КЭС). Параўн. таксама яе іншыя назвы ва ўкр. мове: бабакуль, кульбаба, бабка, бабки (Макавецкі, Sł. botan., 366), серб.-харв. баба марта (Сіманавіч, 461). Аб матывацыі назвы можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё меліся на ўвазе лячэбныя ўласцівасці расліны (у сувязі з «бабамі-знахаркамі»; падрабязней гл. ба́бка ’трыпутнік’). Не выключаецца, што назва адлюстроўвае шарападобны выгляд расліны пасля цвіцення. Ва ўсякім выпадку сувязь з ба́ба ’жанчына, баба’ бясспрэчная. Параўн. і ням. назвы для Taraxacum off.: Alte Weiberteu, Großmutter Nachtfunzla (Марцэль, Pflanzennam., 5 (2), 178, 5 (4), 611). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6; 65.

Ба́ба8 ’дрыгва, багністае месца на балоце’ (палес., КЭС). Цёмнае слова. Можна толькі выказаць некалькі думак. Магчыма, ад ба́ба ’старая жанчына’. Параўн. укр. дыял. ба́бка (або ста́рка) ’плеўка на малацэ’. Гэта значыць, баба першапачаткова азначала такое месца на балоце, якое было прыкрыта «плеўкай» (травой і г. д.), але было вельмі небяспечнае. Другая магчымасць: можа ёсць сувязь з укр. дыял. ба́бло ’балота, дрыгва’ (форма ба́бло магла ўспрымацца як павелічальная, і з яе ўзнікла баба), гл. Краўчук, БЛ, 1974 (6), 66. Іначай Талстой, Геогр., 186, які зыходзіць са значэння ’бугарок’ і параўноўвае баба ’дрыгва’ з укр. ба́ба ’гурба снегу’.

Ба́ба9 ’птушка-баба, няясыць’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус., укр. ба́ба ’пелікан’ (у іншых славян таксама сустракаецца ў назвах птушак, напр., польск. baba ’сойка’). Ад ба́ба1 ’жанчына, бабуля’ (па знешняму выгляду птушкі, якая вельмі падобная на старую бабку, гл. Флінт, Птицы, табл. 12).

Ба́ба10 (каменная баба; археалагічны помнік). Рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba і г. д. ’тс’. Мабыць, да ба́ба1 (па знешняму падабенству). Брукнер, 9; Фасмер, 1, 99–100. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 4–5. Іншыя думаюць (гл. Фрыдрых, Зб. Буазаку, I, 383), што гэта запазычанне з цюркскіх моў (цюрк. baba ’статуя’ < baba ’бацька’).

Баба́ ’нятоўстая і невялікая калода, на якую кладуць бервяно на санях; прылада для забівання паляў’ (Шат.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Наўрад ці ёсць сувязь з укр. дыял. (бесараб.) баба́ ’слуп’ (< рум. babá ’бітэнг; слуп, паля’ < тур.). Хутчэй за ўсё націск на апошнім складзе развіўся пад уплывам марфалагічных фактараў (магчыма, на аснове формы мн. ліку тыпу бабы́) і, магчыма, для семантычнай дыферэнцыяцыі. Параўн. у тым жа раёне ба́ба, ба́бы ’тс’ (ДАБМ, 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Глытаючы, прапусціць праз глотку ў стрававод. Вера набірае ў рот вады і доўга сагравае яе, перш чым праглынуць. Асіпенка. З мядком і цвік праглынеш. Прыказка.

2. перан.; што. Разм. Выслухаць што‑н. непрыемнае, абразлівае без пратэсту. — Дзякуй трэба сказаць за падарунак, а не бурчаць, як старому дзеду, — паўшчувала бабуля ўнука. Слава моўчкі праглынуў гэты дакор. Шыловіч. Мікола Валюжынец моўчкі праглынуў абразу. Б. Стральцоў. // Не выказаць якога‑н. пачуцця, перажывання і пад. Налагея праглынула падрыхтаваныя для Таццяны калючыя словы і, нічога не сказаўшы, выйшла з хаты. Шамякін.

3. перан.; што. Разм. Сказаць што‑н. невыразна, не поўнасцю, не пагаварыць да канца.

4. перан.; каго-што. Зрабіць нябачным, схаваць. Праз хвіліну цемра і завіруха праглынула. [Максімаву] постаць. Шамякін. Багна, праглыні таго, хто будзе зноў кіравацца сюды ваяваць! Сачанка.

5. перан.; што. Разм. Вельмі хутка прачытаць. На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, [Я. Колас] меўся праглынуць.. найменей паўсотні кніг. Лужанін.

•••

Жыўцом праглынуць — тое, што і жыўцом з’есці (гл. з’есці).

Праглынуць пілюлю — моўчкі перанесці абразу, крыўду.

Праглынуць язык — замаўчаць, перастаць гаварыць.

Як (быццам) аршын праглынуў — пра чалавека, які трымаецца ненатуральна прама.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)