інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.

2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каардына́ты, ‑нат; адз. каардыната, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Спец. Велічыні, якія вызначаюць месцазнаходжанне пункта на плоскасці або ў прасторы. Сістэма каардынат. Геаграфічныя каардынаты. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе цяжкі бой з варожымі самалётамі.. Шыфрам вызначаліся каардынаты. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Адрас, месцапражыванне ці месцазнаходжанне каго‑н. Засталося толькі выйсці на край лесу, вызначыць свае каардынаты ці можа нават так пазнаць мясцовасць і потым смела ісці ў родную вёску. Шамякін.

[Ад лац. co — разам і ordinatus — упарадкаваны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злава́цца, злуйся, злуешся, злуецца; злуёмся, злуяцеся; незак.

Адчуваць злосць; сердаваць на каго‑, што‑н. [Дзед Мікалай] не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. Злуецца Аленка сама на сябе, аж палец кусае.., а нарэшце і заплакала нават. Колас. // перан. Бушаваць, лютаваць (пра з’явы прыроды). Пяты дзень злавалася пурга. Звонак. Вясной .. [рака] выходзіць з берагоў, Шуміць, Паводкай плешча і злуецца. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мару́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Павольны, няспешны; проціл. хуткі. Жанчына асцярожна павярнулася.. і пайшла ў кватэру марудным крокам. Бядуля. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася. В. Вольскі.

2. Непаваротлівы. У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Толькі певень, млявы і марудны, Кліча частаваць сваіх курэй. Караткевіч.

3. Карпатлівы. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́за, ‑ы, ж.

Порцыя лякарства, прызначаная на адзін прыём. Сцяпан хутка ўліў у знясіленае цела дзіцяці дозу камф[о]ры. Шамякін. // Колькасць рэчыва, якое ўносіцца ў што‑н., уваходзіць у састаў якой‑н. сумесі. Палікарпаўна.. настойліва параіла звяну зменшыць дозу азоту. Кулакоўскі. // перан. Некаторая колькасць чаго‑н. Сама справа была з вялікай дозай прыгодніцтва. Чорны. Гаўляйтэр не разумее.. сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Лынькоў.

[Грэч. dosis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карава́й, ‑я, м.

Вясельны абрадавы пірог круглай формы. Віншаваць са шчасцем пойдуць [людзі] маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко. Адно хіба не хапала таго, каб мы з Ірай сталі пад вянец, а астатняе ўсё было: нават дзялілі каравай. Сабаленка. // Вялікая булка, спечаная для якой‑н. урачыстасці, свята. Ваша свята — наша свята! І выносяць залаты Каравай нам з першай хаты Украінскія браты. Панчанка. На чужы каравай рота не разявай. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нападзе́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.

2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўрадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, на якім культурныя расліны не могуць даваць добрага ўраджаю; які не вызначаецца ўрадлівасцю. Зямля тут неўрадлівая, пясок, нічога расці не хоча. Крапіва. // Які не ўрадзіў, які не абяцае добрага ўраджаю. Нават дзе і не было пустазелля, жытцо стаяла дробненькае, неўрадлівае. Кулакоўскі.

2. Які вызначаецца дрэнным ураджаем. У нейкай вёсцы.. [Надзю] пакінулі — ці то ў сваякоў, ці то ў знаёмых. Казалі, быў неўрадлівы год, не хапала хлеба... Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.

2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак.

1. Пачаць дзьмуць. З лесу падзьмуў свежы ветрык. Бядуля. З раніцы захмарылася, падзьмуў моцны вецер. Лось. / у безас. ужыв. Ад ракі падзьмула халадком. Бяганская. І падзьмула свежым раннем, Лугам, соснамі, жыццём! Агняцвет.

2. Дзьмуць некаторы час. [Прыстром] узяў на далонь камяк зямлі, памяў яго, падкінуў угору, нават падзьмуў на яго. Шынклер. — Што, што? — яна падзьмула ў трубку, патрэсла яе, зноў прыклала да вуха. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)