куб 1, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

1. Геаметрычнае цела — правільны шасціграннік, усе грані якога квадраты. Начарціць куб. // Пра што‑н. з формай, выглядам такога шматгранніка. Бетонны куб.

2. Здабытак ад множання якога‑н. ліку самога на сябе два разы; трэцяя ступень ліку.

3. Разм. Кубічны метр. Куб дроў.

[Грэч. kybos.]

куб 2, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

Пасудзіна цыліндрычнай формы для перагонкі або кіпячэння вадкасці; тытан ​3. То яе бачым са шчоткаю ля падлогі, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рчыцца і ко́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Сціскацца ўсім целам, скручвацца (ад холаду, болю і пад.). Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Колас. [Хлопец] быў ранены ў ногі і ў жывот і вельмі пакутліва курчыўся ў агоніі, сілячыся штосьці сказаць непаслухмяным языком. Мележ. У жыце, схапіўшыся за нагу, корчыўся Вано. Няхай.

2. Рабіцца няроўным, пагнутым; крывіцца, выгінацца. [Машыніст] саскочыў на зямлю, пераступіў цераз разарваны тэлефонны провад, што курчыўся на снезе. Мележ. На агні адставала ад дрэва кара; шэрая, яна корчылася, што гадзюка, і з яе капала вада. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёд, лёду (ільду); мн. льды (ільды), ‑оў; м.

Вада, якая замерзла і перайшла ў цвёрды стан. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі льдзінкамі. Шыцік. Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны. // толькі мн. (льды́, ‑оў). Вялікая колькасць ільдзін; суцэльны лёд. Вечныя льды. Палярныя льды.

•••

Сухі лёд — цвёрдая вуглекіслата, якая прымяняецца як ахаладжальны сродак.

Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.

Зімой лёду не дастаць у каго гл. дастаць.

Лёд крануўся — пра пачатак якога‑н. дзеяння, руху.

Разбіць лёд гл. разбіць.

Як лёду — роўна, якраз, не больш і не менш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуці́на, ‑ы, ж.

1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».

2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабаці́нне, ‑я, н.

1. зб. Разм. Вяснушкі. — А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў .. [Яўхім] весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабаціннем. Мележ. // Ямкі, шчарбіны на скуры пасля воспы. Грубаваты, пабіты рабаціннем твар [Рогача], асветлены натхненнем, цяпер прыгожы. Савіцкі. // Аб рабой афарбоўцы чаго‑н. На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Петрык] шпарка камячыў у нецярплівых руках стужку [тэлеграмы], быццам злізваючы з яе рабацінне літар. Шынклер.

2. Рабізна на паверхні вады. Вада нібы ўскіпвала і яе чыстая, як люстра, паверхня пакрывалася частым-частым рабаціннем. Лынькоў. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Адступіўшы ў бакі, даць свабоднае месца, праход. Малодшыя вучні расступіліся і далі Міколу дарогу. Скрыпка. Натоўп раптам расступіўся, і да Колышава піхнулі .. чалавека. Мележ. // Аказацца размешчаным па баках. Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Колас.

2. Шырока раскрыцца, разысціся ў бакі (пра зямлю, ваду і пад.). Пані Свідэрскай здалося, што пад ёю расступілася зямля і яна правальваецца ў бездань. Паслядовіч. Нёман злёгку здрыгануўся, вада расступілася і дала няшчаснаму хлопчыку месца ў халодных сваіх нетрах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.

Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцячы́, сцяку, сцячэш, сцячэ; сцячом, сцечаце, сцякуць; пр. сцёк, сцякла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Збегчы па нахіленай паверхні ўніз (пра вадкасць). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішч[а]ла пад сонцам. Чорны.

2. Знемагчы ад страты крыві. А калі знянацку куля Абарве маё жыццё, Помні, за цябе, матуля, Сын крывёю чыстай сцёк. Астрэйка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вычарпацца, скончыцца. Калі ёсць мукі скрыня, то і свіння — гаспадыня, а калі мука сцячэ, дык і гаспадыня не спячэ. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарэ́нь, ‑і, ж.

1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.

2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкада́,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)