вір, ‑у, М у віры; мн. віры, ‑оў; м.

1. Кругавы, лейкападобны рух вады, які ўзнікае ад сутыкнення сустрэчных плыней. Сама рака цякла спакойна, толькі вір управа ад лодкі ўсё бурліў і пераліваўся. Кулакоўскі. // Месца ў рацэ, звычайна глыбокае, з ямай, дзе адбываецца завіхрэнне вадзяной плыні. Завівалася на вірах цёмная вада. Грахоўскі.

2. перан. Бурлівы, імклівы рух чаго‑н. Вір падзей. Вір пачуццяў. □ З першых дзён.. [Люба] з галавой акунулася ў вір студэнцкага жыцця. Васілевіч.

•••

У віру на калу — а) пра няўстойлівае, няпэўнае жыццё; б) далёка, невядома дзе.

Хоць у вір галавою — пра цяжкае, безвыходнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)