натхні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Выклікаць натхненне, творчы ўздым. // Выклікаць, абудзіць, навеяць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.); прымусіць прасякнуцца чым‑н. І ты будзеш, як матку, любіць Словы тыя, якія натхніў Гэты шорах і стукат рабін Пад вятрамі загадкавых ніў! Куляшоў.
2. Выклікаць душэўны ўздым, заахвоціць да якіх‑н. дзеянняў. [Слова] здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг. Юрэвіч. Першамайскія падарункі Радзіме яшчэ больш натхнілі дружны шахцёрскі калектыў. Кулакоўскі. Лазавенка пасылаў.. [на будоўлю] лепшых людзей і лічыў, што яны павінны натхніць, пацягнуць за сабой усіх астатніх. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.
2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.
3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перары́ў, ‑рыву, м.
1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.
2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.
3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.
4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.
2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.
3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.
•••
Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.
Ламаны (ломаны) радок гл. радок.
Гроша ломанага не варты гл. варты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дало́ў, прысл.
1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.
2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!
•••
І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.
З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́раз 1, ‑а, м.
Выразанае месца; выемка; пройма. Выраз для рукавоў. □ Сукенка мела вялікі выраз на грудзях. Карпюк. Старшыня спыняўся ля некаторых магіл і падоўгу разглядаў здымкі, што былі ўстаўлены ў выразы крыжоў. Сачанка.
вы́раз 2, ‑у, м.
1. Характэрны знешні выгляд, які адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. Выраз вачэй. □ Пятым завознікам была жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.
2. Слова, моўны зварот. Вобразны, метафарычны, трапны выраз. □ [Сымон] перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
3. Сукупнасць знакаў, формула, якія адлюстроўваюць пэўныя матэматычныя адносіны. Алгебраічны выраз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да развітання; звязаны з развітаннем. Развітальныя словы. □ Андрэй узышоў на сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Колас. Сярожу і Стася пахавалі ў той вёсцы, дзе была першая брыгадная застава, і ротай далі развітальны салют. Брыль. Час раз’ездаў настаў... Што ні вечар даўжэй Развітальныя вальсы, што вечар цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар. Куляшоў. // Наладжаны з прычыны развітання, ад’езду каго‑н. Развітальны вечар. □ Перад ад’ездам спецыяльна для .. [хлопцаў] Зіновій Цімафеевіч напаліў лазню, а Паліна Антонаўка прыгатавала развітальную вячэру. Нядзведскі.
•••
Развітальны акорд гл. акорд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.
•••
На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад. Слова за слова — сварка разгаралася, як лясны пажар. Лынькоў. Свёкар не папускае.. [Любу] ў крыўду, але і яму абрыдне слухаць кожны дзень сварку і грызню. Васілевіч. // Абразлівыя словы, выразы; лаянка. Пайшлі праверкі і прамеры, Каб больш мець пэўнасці і веры І каб не выйшла перакосу І не зайсці ў чыю палосу, Во будзе крыку, будзе сваркі, — Няхай лепш цэлы будуць каркі. Колас. Не спрэчку трэба гнаць за дзверы, А, мабыць, сварку і разлад. Кусянкоў.
•••
Вязацца ў сварку гл. вязацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.
Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.
[Лац. scandere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)