ша́хматны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».
2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ма́зу́р 1 ’від танца’ (Інстр. III) запазычана з польск. mazur(ek) ’мазурскі танец’, таксама як і ўкр. мазу́р. У рус. і чэш. мовах мазурка, mazurka — ж. р., як полька, венгерка (Фасмер, 2, 558; Махэк₂, 356). У сучасных бел. гаворках таксама мазу́рка (з рус.), параўн. ваўк. мазурка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Значэнне ’чарнарус’ (Нас.) — да ма́зу́р ’паляк паўн.-усх. Польшчы’ < польск. mazia ’балота’.
Ма́зур 2 ’з запэцканым тварам, брудны’, ’смуглы’ (Нас., Шат.) і мазура́ка ’мурза, неахайны’ (Нікан.) утвораны пры дапамозе суф. ‑ур (з экспрэсіяй зніжанасці), ‑ур‑ака ад мазаць (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 70). У іншых слав. мовах аналагічна: укр. замазу́ра, замазуха, в.-луж. mazuch, рус. мазу́рина ’пляма іншага колеру на поўсці ў сабакі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пісаг і піса́га, піся́г і пісяга, пісёгі, пісоґі, пісяге́, піцо́гі, пісога, піса́к ’шрам’, ’значная драпіна’ (ТСБМ, Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Сл. ПЗБ; маладз., Янк. Мат.), піса́к ’шрам ад рога ці пугі на скуры жывёлы’ (гродз., З нар. сл.), піса́га ’шрам’ (капыл., Нар. словатв.); піса́г, піса́га, піся́г, піся́га, пісу́га, піса́к ’шрам на скуры жывёлы’ (ЛА, 1); пісагі́ ’пацёкі на вокнах’ (люб., ЛА, 4), піса́гі ’рагі’, ’сляды на дрэнна вымытай кашулі’ (пух., шальч., Сл. ПЗБ). Утвораны пры дапамозе суфіксаў ‑agъ, ‑ʼagъ, ‑aga, ‑ʼaga, ‑ogъ і інш. ад дзеяслова *pisati > піса́ць (гл.). Сюды ж пісега́вы ’паскаваты па масці’ (мазыр., З нар. сл.), пісяга́ты — назва масці (з вузкімі палоскамі іншага колеру) (Янк. 3.), піся́жыць ’пугай наносіць шрамы’ (Шат., Янк. 3.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саранча́ ’насякомае падсямейства саранчовых, падобнае на коніка, якое вялікімі чародамі пралятае і нішчыць пасевы’ (ТСБМ), саранча́, сарана́ ’тс’ (ТС), сара́нка ’конік, казюлька’ (ТС), сарана́ ’дзятва’ (Янк., Ян., Мат. Гом.), саранчу́к ’насякомае, падобнае на саранчу, але зялёнага колеру з доўгімі заднімі нагамі’ (Нас.), ’каромысел (насякомае)’ (Байк. і Некр.). Ст.-бел. саранча, шаранча (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 146). Рус. саранча́, дыял. сарана́, укр. сарана́, польск. szarancza, sarancza (з рус. — Брукнер, 683). Запазычанне з цюрк. sarynča ’тс’; параўн. кыпч. sarynčaq ’тс’, вытворнага ад sary(ɣ) ’жоўты’, saryǯa ’жаўтаваты’ (Корш, AfslPh, 9, 666). Сарана́ — адваротны дэрыват ад саранча — Фасмер, 3, 560. Сюды ж сарачыць ’спусташаць, знішчаць, як саранча’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. сарыч. Гл. яшчэ Жураўскі, Лекс. тюрк., 85.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
афарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; Р мн. ‑бовак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. афарбаваць (у 1 знач.).
2. Колер, адценне колеру чаго‑н. Невялікая руская печ зіхацела белай мелавой афарбоўкай. Паслядовіч. Зялёнае.. жыта за апошнія дні пачынала набываць васковую афарбоўку. Кавалёў.
3. перан. Асаблівы сэнс, выразнае адценне чаго‑н. Эмацыянальная афарбоўка верша. □ Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая.. выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент. Колас.
•••
Ахоўная афарбоўка — афарбоўка жывёл, якая робіць іх малапрыкметнымі ў натуральных умовах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́федра, ‑ы, ж.
1. Узвышэнне, памост для лектара або прамоўцы. Узысці на кафедру. □ Толькі кафедра ў выглядзе невялічкай тумбачкі была бедна абшыта паркалёвай матэрыяй, такога, як і плюш, колеру. Грамовіч. Леў Раманавіч стаў за кафедру і доўга не мог гаварыць ад хвалявання. Асіпенка.
2. Аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе СССР. Кафедра гісторыі. Кафедра педагогікі. Пасяджэнне кафедры. Загадчык кафедры.
3. Пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа).
4. Тое, што і кафедральны сабор (гл. сабор). Зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. Чорны.
[Ад грэч. kathédra — сядзенне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца за кім‑, чым‑н., ззаду каго‑, чаго‑н. Адсюль добра была відна тыльная сцяна хаты і хлява. Дамашэвіч. Дзядзька ўзяў Даніка за рукаў, падвёў да дзвярэй другой, «тыльнай» палавіны хаты і пастукаў у дзверы. Брыль. // Знешні. [Наводчык Васіль] тыльным бокам далоні выціраў пот з ілба і наіўна, разгублена ад таго, што ўсе яго хвалілі, усміхаўся. Карпюк. // Адваротны. На тыльным баку каўняра вялікая лапіна зусім іншага колеру, чым усё паліто. Мехаў.
2. Тое, што і тылавы (у 1 знач.). Калона расцягнулася мо на якіх метраў дзвесце. Пярэднія, бакавыя і тыльныя дазоры таксама не вельмі адыходзілі ад бітай дарогі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
факту́ра 1, ‑ы, ж.
Спец.
1. Своеасаблівая якасць апрацоўкі матэрыялу, яго паверхні. Фактура мармуру. Фактура сукна. □ Сучасная тэхналогія дае магчымасць вырабляць керамічныя дэталі самых розных памераў, рознага колеру, рознай фактуры. «Маладосць».
2. Своеасаблівасць мастацкай тэхнікі ў творах мастацтва. У вобразнай фактуры .. вершаў [А. Дудара] таксама шмат агульнага з ясенінскімі. «ЛіМ». Моўная фактура гэтага твора [«Сокі цаліны»] наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час. Навуменка. Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць фільма — яго амаль дакументальную фактуру. «ЛіМ».
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
факту́ра 2, ‑ы, ж.
Спец. Рахунак з вопісам адпраўленага тавару. [Усевалад:] — Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты... Скрыган.
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зо́лата, -а, М -лаце, н.
1. Высакародны метал жоўтага колеру, які ўжыв. як мера каштоўнасцей і ў каштоўных вырабах.
Чыстае з.
Не ўсё з., што блішчыць (прыказка). Чырвонае з.
Чорнае з. (пра нафту). Белае з. (пра бавоўну).
2. зб. Манеты або вырабы з гэтага металу.
Купіць рэч за з.
Хадзіць у золаце.
Заваяваць з. на алімпіядзе (залаты медаль; разм.).
3. Пазалочаныя шаўковыя ніткі.
Шыць золатам.
4. перан. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю (ужыв. таксама як ласк. зварот).
Чалавек ён — з.!
З. ты маё!
|| памянш.-ласк. зо́латка, -а, н. (да 4 знач.) і зо́латца, -а, н. (да 4 знач.).
|| прым. залаты́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).
З. пясок.
З. запас.
З. прызёр (хто атрымаў залаты медаль). Залатыя горы абяцаць каму-н. (абяцаць вялікія даброты, багацце).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
чырво́ны, -ая, -ае.
1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві.
Чырвоныя памідоры.
Ч. аловак.
2. Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры.
Ч. твар.
3. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, з савецкім ладам, з Чырвонай Арміяй.
Ч. камандзір.
Чырвоныя (наз.) уступалі ў горад.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў.
Ч. перац.
○ Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных гатункаў вінаграду.
Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін усяго свету.
Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых.
Чырвоны лес — хваёвы лес.
Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.
Чырвоны радок — першы радок абзаца.
|| наз. чы́рвань, -і, ж. (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)